Выбрать главу

— Вядома, за ўсё, што вы нарабілі, да таго ж у ваенны час, вам цалкам могуць прысудзіць вышэйшую меру пакарання. Але яшчэ падчас нашай першай сустрэчы я казаў, што не трэба губляць шанцаў застацца ў жывых. Цяпер вам прапануецца такі шанец.

— Што я павінен рабіць?

— Казаць праўду.

Масленікаў задумаўся. Ён упёрся локцем у калені, абхапіў рукамі галаву. Славін спакойным тонам працягваў пераконваць:

— Не хачу хаваць ад вас: сваімі праўдзівымі сведчаннямі вы скароціце нам час, неабходны для расследавання гэтай справы, і, самае галоўнае, напэўна прадухіліце непатрэбныя ахвяры. Дарэчы, Галіну Дакальскую, цяпер Кладнову, ведаеце?

— Не, упершыню чую.

— Справа ў тым, што гэта былая сяброўка Рэгіны Птушак. Кладнова сёння пакажа хутар, дзе жыве Рэгіна.

— Навошта ж вам мае сведчанні? — ледзь усміхнуўшыся, спытаў арыштаваны.

— Нас цікавіць колькасць людзей на хутары, іх узбраенне. Самі разумееце, наколькі гэта важна.

— Двое іх, — неахвотна працадзіў Масленікаў і дадаў: — Марэк і Віктар.

— Прозвішчы іх ведаеце?

— Не, не ведаю. Ды і на які ляд яны патрэбныя!

— Дзе вы з імі пазнаёміліся?

— Тут, у горадзе.

— Даўно?

— Каля месяца.

— Дзе вайсковае абмундзіраванне ўзялі?

— Без мяне даставалі.

— Як яны гэта вам растлумачылі?

— Сказалі, што ў лесе на машыну напалі, а ў ёй абмундзіраванне было.

Славін успомніў, як некалькі месяцаў назад сапраўды быў здзейсне — ны напад на машыну, якая дастаўляла абмундзіраванне ў адну з вайсковых часцей. Загінулі шафёр і суправаджаючыя машыну старшына і салдат. Тады вырашылі, што гэта справа рук немцаў, якія адсталі ад фронту, тым больш што гільзы, выяўленыя на месцы здарэння, былі ад нямецкай стралковай зброі. Славін спытаў:

— Дзе схавана астатняе абмундзіраванне?

— Там жа, у Рэгіны ў хляве, у сене.

— Праўду кажаце?

— Навошта хлусіць? Можа, сапраўды залічыце і дасце яшчэ трохі пажыць на белым свеце.

— Добра. Тады запішу вашы сведчанні.

Масленікаў моўчкі кіўнуў галавой. Славін выйшаў з камеры, накіраваўся ў следчы кабінет. Перад тым як працягнуць допыт, Уладзімір патэлефанаваў начальніку. Той выслухаў яго, загадаў:

— Давай зробім так: ты садзіся і запісвай сведчанні. Важна не ўпусціць момант. Тым часам нашы з’ездзяць з Дакальскай у раён хутара, выставяць назіральнікаў і вернуцца ў горад. Табе падашлём машыну і ахову, возьмеш з сабой Масленікава. Паглядзім, на які хутар ён прывязе. Потым супаставім іх сведчанні і будзем прымаць рашэнне.

— Зразумеў. Якую машыну дашлеце?

— Дам табе свайго «казла».

— Вось дзякуй! Хоць перажываць не буду — як бы Масленікаў не збег.

Славін паклаў трубку, пачаў рыхтавацца да допыту.

Канваір увёў Масленікава. Арыштаваны станавіўся ўсё больш адкрытым. Ён падрабязна расказаў пра ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі, як абрабаваў некалькі кватэр, якім чынам прабраўся сюды, у горад, дзе разлічваў здабыць сапраўдныя дакументы, па іх патрапіць у дзеючую армію. Бо адчуваў, што вайна набліжаецца да канца. А гэта значыць, што пасля перамогі можна будзе з’ехаць куды-небудзь у глыб краіны і жыць па чужых дакументах. Хто будзе правяраць былога франтавіка?

Адкрытым быў Масленікаў і тады, калі Славін пацікавіўся яго «сябрамі». Расказаў усё, што ведаў. Аказалася, што двое з гэтых «сяброў» — былыя паліцаі, астатнія — крымінальнікі, якіх выпусцілі з турмы немцы.

Масленікаў амаль нічога не ведаў пра Марэка і «старшыну».

— Разумееце, — казаў ён, — спрабаваў я некалькі разоў высветліць, хто яны, але выгіналіся, як вужы, ухіляліся ад адказу.

— Чым яны ўзброены?

Масленікаў нявесела ўсміхнуўся:

— Танкаў і самалётаў няма, астатняе — маецца! — ён памаўчаў трохі і дадаў: — Аўтаматы, пісталеты, гранаты ў хаце захоўваюць. У хляве — два кулямёты, процітанкавае ружжо сенам прыкрыты. Злева, у куце, процітанкавыя міны ляжаць.

— Якую мэту яны ставяць перад сабой?

— Сабраць пабольш людзей і пагуляць, пакуль не спыняць. Марэк аднойчы п’яны ляпнуў, што хоча золата назапасіць, у Бразілію махнуць.

Нарэшце Славін скончыў пісаць. Даў арыштаванаму падпісаць пратакол допыту. Затым яны пайшлі да машыны. Славін сеў побач з вадзіцелем, Масленікаў — на заднім сядзенні паміж двума аўтаматчыкамі. Ехалі доўга. Масленікаў зрэдку падказваў вадзіцелю, дзе паварочваць. Дарога была моцна заснежана, і машына прасоўвалася наперад на невялікай хуткасці.

Неўзабаве заехалі ў лес. Паабапал у белых строях сцяной стаялі высокія елкі. Пасля дваццаціхвіліннай язды па лесе Масленікаў папрасіў спыніць машыну. Уважліва гледзячы наперад праз ветравое шкло, ён няўпэўнена прагаварыў: