Выбрать главу

— Здаецца, тут. Дазвольце выйсці з машыны?

— Давайце выйдзем, — пагадзіўся Славін і адкрыў дзверцы.

Іван зрабіў некалькі крокаў па хадзе машыны, спыніўся, аглядаючыся па баках. Аўтаматчыкі насцярожана сачылі за кожным рухам. Але Масленікаў разумеў, што бегчы бессэнсоўна, уважліва ўзіраўся ў мясцовасць. Нарэшце паказаў рукой на вузкую прасеку:

— Вось тут была сцяжынка, снегам занесла. Па ёй можна прама да хутара прайсці.

— Далёка ісці?

— Не больш за кіламетр.

Славін занепакоіўся: «Нашы ж з Кладновой паехалі, а слядоў — ніякіх. Няўжо іншы хутар паказала?» Падышоў да прасекі. Вецер занёс снегам сцяжынку, і цяпер ледзь-ледзь праглядаліся нечыя сляды. Цяпер ужо было цяжка вызначыць, калі яны пакінуты. Ва Уладзіміра мільганула думка: «А што, калі пешшу прайсці да хутара? Паглядзець, пакуль яшчэ светла, дзе ён размешчаны? А, хай будзе, што будзе!» Ён вярнуўся да машыны, загадаў канваірам пасадзіць арыштаванага ў машыну, а сам, правальваючыся па калена ў снезе, накіраваўся ўздоўж прасекі.

Ісці было цяжка. Нарэшце наперадзе, на шырокай паляне, ён убачыў вялікую хату, два хлявы, гумно — акружаныя паўколам невысокім рэдкім дашчаным плотам. Далей, уздоўж агароду, цягнулася загарадзь з доўгіх жэрдак. Ля аднаго хлява фыркаў конь, недалёка ад яго скакаў вялікі кудлаты сабака. Людзей не было відаць. Але дым, які валіў з трубы, сведчыў, што хутар не пустуе. Славін схаваўся за ствалом елкі, уважліва назіраў за хатай і хлявамі, стараючыся запомніць, як яны размешчаны, вызначаў падыходы да іх.

Нарэшце Уладзімір накіраваўся назад. Калі прыйшоў да стаянкі, было ўжо цёмна.

Машына крута развярнулася і паехала да горада. Масленікаў спытаў:

— Ну як? Знайшлі?

— Знайшоў. Хата, два хлявы, гумно. Правільна?

— Так.

Славін, жадаючы праверыць, наколькі Масленікаў праўдзівы, спытаў:

— Не ведаеце, сабака ў іх ёсць?

— Быў, — адказаў Масленікаў і тут жа ўдакладніў: — Велізарны, кудлаты.

— Колькі ў іх коней?

— Тры.

— Даводзілася чуць, дзе цяпер муж Рэгіны?

— Пра гэта гаворкі не было. Ведаю толькі, што Марэк спаў з ёй.

— Дарэчы, вам не даводзілася бачыць яго дакументы?

— Не паказваў, хоць ставіўся да мяне з павагай. Аднойчы ў горадзе мы ўтрох ішлі па вуліцы. Раптам насустрач — каменданцкі патруль. Спыніў нас. Марэк дастаў нейкія дакументы, прад’явіў, і нас адпусцілі. Што за дакументы, на чыё прозвішча — не ведаю.

— Прозвішча старшыны таксама не ведаеце?

— Не, не ведаю. Але ён казаў, што пасля нападу на машыну забраў дакументы забітых — вадзіцеля і тых двух чалавек, якія суправаджалі.

Машына нарэшце заехала ў горад. Прайшло яшчэ некалькі хвілін, і Славін ужо ўваходзіў у кабінет начальніка. Той, убачыўшы Уладзіміра, нецярпліва спытаў:

— Ну што? Паказаў?

— Так, сапраўды! Паказаў. А Кладнова паказала?

— Не. Не змагла знайсці ў лесе паварот, які вядзе да хутара. Асабіста яна была ў Птушак, здаецца, толькі два разы. Цяпер усё занесла снегам, і Кладнова, як ні старалася адшукаць дарогу да хутара, так і не змагла.

— Па якой дарозе ехалі?

— Дарогу яна памятае. Вось паглядзі, — Пётр Пятровіч падышоў да стала і разгарнуў карту, — бачыш? Ехалі па гэтай дарозе.

— Правільна! — узрадаваўся Славін. — Масленікаў таксама па гэтай дарозе вёў. Паварот прыблізна ў гэтым месцы. Масленікаў нядаўна там быў і то ледзь пазнаў. А вось тут — сядзіба Рэгіны Птушак.

І Славін падрабязна расказаў, як ён аглядаў хутар.

— Уначы зможаш знайсці дарогу да яго? — спытаў начальнік аддзела.

— Вядома.

— Тады ідзі адпачывай. Гадзіны ў тры падымем цябе, адвязём групу назіральнікаў, расставім у лесе вакол хутара. Калі пераканаемся, што бандыты там, пачнём аперацыю.

Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін

Ноч была на рэдкасць лютай. У кузаў крытага грузавіка селі сямёра супрацоўнікаў. Брызент хаваў пасажыраў ад ветру, але моцны мароз залазіў у валёнкі, пад паўкажушкі, неміласэрна хапаў за нос і шчокі. Ехалі моўчкі. Славін сядзеў у кабіне, але пачуваўся ніякавата. Начальнік аддзела вылучыў яму гэтае месца, каб паказваў дарогу, а сам разам з астатнімі аператыўнікамі забраўся ў кузаў.

Уладзімір пільна ўзіраўся ў дарогу, у лес, што прабягаў паўз яе. Ён вельмі баяўся падвесці таварышаў і прагледзець паварот на хутар. Адно — днём, зусім інакш — уначы. Паспрабуй пазнай тую прасеку, якая вядзе да хутара. Спідометр у грузавіку не працаваў, і вызначыць, колькі кіламетраў засталося ззаду, было немагчыма. Уладзімір узрадаваўся, калі машыну моцна страсянула: яна заехала на драўляны масток, перакінуты праз невялікі раўчук. Парэнчаў у мастка не было. Пакрыты снегам, ён амаль не выдзяляўся. Але Уладзімір памятаў, як учора днём іх «казла» гэтак жа моцна падкінула, як цяпер і грузавік. Ён падумаў: «Хвілін дзесяць засталося. Грузавік едзе, мабыць, з такой жа хуткасцю». Вадзіцель, пажылы старшына, флегматычна спытаў: