Выбрать главу

— Дзе сяржант Ерамееў?

Па ланцужку пранеслася: «Ерамеева, Ерамеева да камандзіра роты!»

Сяржант з’явіўся хутка. Цыбаты, у куртатым шынялі, ён бег па траншэі нават не прыгінаючыся.

— Ерамееў, Хмялько забіты! Прымай камандаванне ўзводам і накіруй на правы фланг чалавекі чатыры, там усіх забіла. Пастарайся адсекчы пяхоту ад танкаў, падрыхтуй гранаты і бутэлькі. Я — у першы ўзвод.

Ерамееў моўчкі слухаў яго, а сам вачамі адшукваў патрэбных яму людзей, кідаў уважлівыя погляды на атакуючых.

Мачалаў пабег да пазіцый першага ўзвода. Яму здавалася, што гэты ўзвод пацярпеў менш, чым другі, і ён спадзяваўся хоць аднаго аўтаматчыка перакінуць у другі ўзвод. Але варта было яму наблізіцца да пазіцыі ўзвода, як зразумеў, што тут нямецкая артылерыя і самалёты нарабілі нямала бяды. Траншэя ў многіх месцах была разбурана прамымі пападаннямі бомбаў і снарадаў. Аднаго позірку было дастаткова, каб вызначыць, што забіта не меней як дзясятак чалавек. Камандзір узвода Кураўлёў знаходзіўся недалёка і, убачыўшы Мачалава, падбег да яго:

— Прама навідавоку фрыцы падвялі да траншэй танкі і бронетранспарцёры, а затым ударылі з гармат і самалётаў.

— Шмат загінула?

— Сем.

— Параненых?

— Дзевяць, двое — цяжка.

Мачалаў уважліва паглядзеў на нейтральную паласу. Танкаў стала больш, ён налічыў восем. «Так, а колькі бронетранспарцёраў? Ужо пяць. Пакуль нас бамбілі ды гарматамі дзяўбалі, паспелі яшчэ танкі і бронетранспарцёры падцягнуць». Кураўлёў пракрычаў:

— Сувязны твой з’явіўся!

Мачалаў убачыў, як па траншэі бег Чарнышэнка — яго сувязны. Камроты яшчэ раз зірнуў на немцаў. Атрымлівалася, што трэці ўзвод пакуль не падвяргаўся нападу, і старшы лейтэнант загадаў сувязному:

— Чарнышэнка, хутка — да камандзіра трэцяга ўзвода! Хай выдзеліць двух сваіх аўтаматчыкаў і адзін ручны кулямёт у другі ўзвод, а свой агонь засяродзіць на пяхоце. Трэба адсекчы яе ад танкаў.

Сувязны пабег, а Мачалаў пачаў зноў сачыць за ворагам. На траншэі ўжо насоўвалася першая лінія танкаў: два накіроўваліся, здавалася, прама на яго, а адзін правей — на другі ўзвод.

Кураўлёў крыкнуў:

— Падрыхтаваць гранаты і бутэлькі!

Ён пацягнуў за руку Мачалава:

— Пойдзем, там у мяне ў нішы «гасцінцы» для іх прызапашаны.

Яны прабеглі крокаў дзесяць і спыніліся каля невялікай нішы. У ёй ляжалі дзве процітанкавыя гранаты і штук пяць бутэлек з запальнай сумессю. Схапілі па бутэльцы і тут жа прыселі. Над імі, ляскаючы і скрыгочучы гусеніцамі, абліваючы брудам, прайшоў першы танк.

«Галоўнае не спяшацца, — супакойваў сябе Мачалаў, сціскаючы бутэльку ў руцэ, — і не паварочваць бутэльку ўніз рыльцам. — І скамандаваў сам сабе: — Кідаць у зад!» Ён устаў на ногі, кінуў бутэльку на маторную частку і адразу ж прыгнуўся, бо па беражку траншэі стукнула аўтаматная чарга. Толькі цяпер звярнуў увагу на малодшага лейтэнанта, які ліхаманкава соваў яму другую бутэльку і, штосьці пракрычаўшы, пабег да цэнтра пазіцый другога ўзвода.

Мачалаў убачыў, што другая хваля атакуючых, якая складаецца з танкаў і бронетранспарцёраў, ужо блізка. За імі, хаваючыся за браняваныя карпусы, беглі пехацінцы. «Ага, значыць, дастаём да вас, калі хаваецеся за браню!» — падумаў камандзір роты і пракрычаў чырвонаармейцу, які стаяў у двух метрах ад яго:

— Адсякаць пяхоту!

Нават скрозь грукат Мачалаў пачуў адрыўкі каманды, што перадавалася па ланцужку. Паклаўшы на бруствер аўтамат, старшы лейтэнант пачаў біць кароткімі чэргамі па гітлераўцах, што рухаліся за танкам крыху лявей яго. Ён разумеў, што чырвонаармейцам, які проста ішоў на танк, было цяжка паразіць пяхоту, а з флангу гэта зрабіць зручней. Малчанаў убачыў, як пасля яго чаргі звалілася некалькі фашыстаў. Але іх тут жа захіліў ад яго бок бронетранспарцёра, і Пётр перавёў агонь на групу нямецкіх салдат, якія беглі за ім. І зноў некалькі немцаў зваліліся, але астатнія працягвалі бегчы. Яшчэ некалькі танкаў перапаўзлі праз траншэю. Ім услед паляцелі бутэлькі. Грукнуў моцны выбух, і бронетранспарцёр схаваўся ў воблаку чорнага дыму.

«На міну напароўся, — здагадаўся Мачалаў і зірнуў у бок другога ўзвода. Там таксама некалькі танкаў прайшлі праз траншэі, — два з іх гарэлі. — Бутэлькі спрацавалі». Другому ўзводу ўдалося адсекчы пяхоту ад браніраваных пачвар, і яна залягла. Але тут, на ўчастку абароны першага ўзвода, становішча было пагрозлівым. Удар большасці танкаў, бронетранспарцёраў і пяхоты прыйшоўся па яго пазіцыях. «Г алоўнае, каб людзі не завагаліся, — падумаў Мачалаў, — калі пабягуць з траншэі, канец!»