Выбрать главу

Мачалаў павярнуўся і паціху пайшоў назад за вугал сталяркі. Але калі адышоў трохі, падумаў: «А раптам у яе гора? Загінуў муж? Не, пайду, можа, неяк супакою». Ён павярнуў назад. Доктар не бачыла яго, працягвала плакаць. Мачалаў сеў побач і толькі тады, калі яна спалохана зірнула на яго, сказаў:

— Прабачце, Вольга Ільінічна, я выпадкова зайшоў сюды. Убачыў вашы слёзы і не мог пайсці.

Вольга Ільінічна хутка паднялася:

— Прабачце мяне, Мачалаў, гэта звычайныя бабскія слёзы, — яна нявесела ўсміхнулася. — Успомнілася былое, даваеннае. Госпадзі, нават не верыцца, што ўсяго год прайшоў, а так шмат страчана, разбурана.

Яе вочы зноў сталі вільготныя. Але нітачка даверу была ўжо працягнута, ёй самой, верагодна, захацелася пагаварыць з гэтым невясёлым, заўсёды задуменным чалавекам.

— Сёння дзень нараджэння маёй дачкі, Юлечкі.

— Ну вось бачыце, у вас вочы мокрыя, а дзень такі радасны, дачка на год пасталела. Дарэчы, колькі ёй сёння споўнілася?

— Адзінаццаць.

— Выдатна. У мяне таксама дачка Юля, і ёй таксама адзінаццаць, праўда, толькі ў ліпені споўніцца.

Вольга Ільінічна зноў зірнула на Мачалава. І позірк гэты ўразіў яго: такі пакутлівы боль быў у яе вачах.

— Ёй было б адзінаццаць.

Узрушаны Пётр маўчаў.

— Дзясятага ліпеня мінулага года ў мяне не стала дзяцей — Юлечкі і Сярожачкі… З імі загінула і мая мама. Так здарылася, што мяне тэрмінова з дому ў шпіталь выклікалі. У гэты момант нямецкія самалёты наляцелі, пачалася бамбёжка. Як звычайна падчас налётаў яны хаваліся ў склепе, а я пабегла ў шпіталь. А калі пасля аперацыі прыбегла дахаты, на месцы дома — велізарная варонка. Лепш бы я засталася з імі ў склепе.

Мачалаў не ведаў, што можна сказаць гэтай жанчыне, як суцешыць яе, ды хіба можна суцешыць у такім горы. Яны доўга размаўлялі. Вольга Ільінічна спытала пра яго сям’ю. І Пётр не ўтойваючыся расказаў ёй аб усім, пра сваю пастаянную трывогу.

Тады ж Мачалаў даведаўся, што муж Вольгі Ільінічны, камандзір артылерыйскай батарэі, ваюе пад Ленінградам.

І цяпер, лежачы на шпітальнай койцы, ён так задумаўся, што здрыгануўся, адчуўшы, што нехта дакрануўся да яго рукі. Перад ім стаяла Вольга Ільінічна.

— Вам нядобра? — вочы яе глядзелі ўстрывожана.

— Не-не. Я проста задумаўся, — адказаў Пётр, а на душы стала прыемна ад таго, што за доўгія месяцы хтосьці турбуецца пра яго.

Вольга Ільінічна, кіўнуўшы галавой, накіравалася да выхаду. Ля самых дзвярэй яна ледзь не сутыкнулася з маладым лейтэнантам. Строга спытала:

— А хто вам дазволіў у палату вось так урывацца?

— Доктар, міленькая, — пачаў ён апраўдвацца, але Вольга Ільінічна перабіла яго:

— Не міленькая, а ваендоктар, капітан медыцынскай службы Васілеўская.

— Вельмі прыемна, — недарэчы ляпнуў лейтэнант, і гэта вырашыла справу на яго карысць. У палаце грукнуў рогат, усміхнулася і ўрач. Спытала:

— Адкуль вы і да каго?

— Прама з перадавой, на адну хвіліначку, да капітана Мухіна, мне сказалі, што ён у гэтай палаце ляжыць.

А Мухін ужо сеў на ложку і гучна крыкнуў:

— Купрэйчык! Аляксей! Якім ветрам?

Васілеўская падазрона паглядзела на скруткі ў руках лейтэнанта і крыху пацяплелым голасам сказала:

— Добра, таварыш лейтэнант, пабудзьце некалькі хвілін, але толькі не затрымлівайцеся. Цяпер начальнік шпіталя пачне абход, а ў гэтай палаце староннім знаходзіцца нельга.

— Дзякуй, доктар, выбачайце, таварыш капітан, я, далібог, на адну хвіліначку, — і ён хуткім крокам накіраваўся да койкі Мухіна.

А ў Мачалава прапаў голас. Ён таксама хацеў крыкнуць Аляксею, але спазмы так сціснулі горла, што толькі ледзь чутна прамыкаў.

Аляксей падышоў да Мухіна, яны абняліся і наперабой сталі распытваць адзін аднаго. А Мачалаў, справіўшыся нарэшце з хваляваннем, вырашыў пакуль не аклікаць стрыечнага брата. «Хай нагамоніцца, а затым я яму паднясу сюрпрыз!»

Ён успомніў, як аднойчы, з паўмесяца таму, Мухін расказваў пра камандзіра ўзвода разведкі, які на чыгуначным паўстанку выпадкова сустрэў сваю жонку. Але прозвішча камандзіра ўзвода капітан тады не назваў. «Дык вось пра каго ён расказваў, — хвалюючыся, думаў Мачалаў. — Значыць, Аляксей сустрэў Надзю».

Раптам Пётр успомніў, што Вольга Ільінічна строга папярэджвала Купрэйчыка, каб ён доўга не заседжваўся, і спалохаўся, што Аляксея вось-вось могуць выправадзіць з палаты. Ён прыслухаўся да гутаркі Мухіна і Купрэйчыка і, зразумеўшы, што пра галоўнае яны перамовіліся ўжо, ямчэй уладкаваўся на ложку і спакойна сказаў: