— Аляксей Васільевіч, можа, і са мной трохі пагаворыш?
Аляксей на паўслове абарваў гаворку і азірнуўся. На яго весела глядзеў зарослы барадой мужчына з павязкай на галаве. І раптам лейтэнант ускочыў:
— Пётр? Пеця-я-я!
Ён, хапаючыся за спінку ложка, аббег вакол яго і кінуўся да Мачалава:
— Браток, брат!
Яны абняліся і пацалаваліся. Ніхто не бачыў, як у гэты момант у палату зазірнула капітан Васілеўская. Убачыўшы гэту сустрэчу, яна не сказала ні словы і паціху зачыніла за сабой дзверы.
А Пётр і Аляксей, не хаваючы слёз радасці, трымаліся за рукі і моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Гэта сустрэча нікога не пакінула абыякавым. Нават цяжкапаранены пажылы капітан, павярнуўшы галаву, з усмешкай глядзеў на іх.
Мачалаву хацелася шмат пра што пагаварыць з Аляксеем, і ён прапанаваў:
— Алёша, я цяпер устану, і мы пойдзем у двор, — і ён папрасіў параненых: — Браткі, калі абход будзе, то прыкрыйце мяне.
Мухін, які падчас гэтай сцэны маўчаў, першым адказаў:
— Ідзіце, ідзіце. Мы знойдзем, што сказаць. Толькі адкажыце мне: вы што, браты?
Мачалаў усміхнуўся:
— Стрыечныя. Мяне ж вайна заспела ў доме яго бацькоў у вёсцы пад Гродна ў дзень яго вяселля, якое мы так і не паспелі згуляць.
Мухін засмяяўся:
— Ну, Купрэйчык, я ўжо аднойчы сказаў: удачлівы ты чалавек на нечаканыя сустрэчы. То з жонкай нос у нос сутыкнешся, то вось цяпер — з братам.
Праз некалькі хвілін Пётр і Аляксей былі на вуліцы. Расказвалі адзін аднаму пра свае пакуты пасля таго, як рассталіся, дзівячыся, наколькі аднолькава склаўся ў іх у першыя месяцы вайны лёс. Пётр сказаў:
— Калі Мухін у палаце расказваў пра тое, як ты сустрэўся з Надзяй, то ён не назваў прозвішчы, а то б я ўжо даўно ведаў, што ты жывы і ваюеш са мной дзесьці побач. Ты Надзю больш не бачыў?
— Не, — Аляксей сумна апусціў вочы, — ніяк не магу дараваць сабе, што ў мітусні не запісаў яе адрас. Ты ведаеш, зараз не магу мінуць ніводнага медсанбата ці шпіталя. Усё здаецца, што менавіта там яна і служыць.
— Пісаў куды-небудзь?
— Пісаў, але сам разумееш, што вакол дзеецца, цяжка яе знайсці… Ну, а ты як? Вестак з дому, вядома, ніякіх?
— Ніякіх… Змарнаваўся ўвесь ад няпэўнасці… Сам ведаеш з газет, як фашысты здзекуюцца з нашых людзей. Мне часам так страшна становіцца за іх, што ты нават сабе ўявіць не можаш! Таня ў мяне такая бездапаможная, і дзеці яшчэ маленькія. Здаецца, паўжыцця аддаў бы толькі за адну-адзіную вестачку ад іх…
Да іх падбегла медсястра. Стрэльнула вясёлымі карымі вачамі на падцягнутага лейтэнанта і строга сказала:
— Хворы Мачалаў, ідзіце неадкладна ў палату, пачаўся абход, вас сёння будзе глядзець прафесар.
Пётр павярнуўся да брата:
— У цябе ёсць лісток паперы і аловак?
— Ведаеш, пасля сустрэчы з Надзяй заўсёды нашу з сабой, — усміхнуўся Аляксей і палез у кішэнь.
Мачалаў папрасіў:
— Запішы мне свой адрас, а для сябе — мой. І давай дамовімся: калі хтосьці што-небудзь даведаецца пра нашы сем’і — неадкладна паведамляе.
Медсястра прыспешвала, і яны пайшлі да невялікага двухпавярховага будынка, у якім размяшчаўся шпіталь.
Міхаіл Іванавіч Славін
У душы Міхаіл Іванавіч быў гатовы да любых нечаканасцяў, нават да самага горшага. Ён разумеў, што ў немцаў ёсць спецыялісты, здольныя вызначыць, якім шрыфтам друкуюцца падпольныя газеты і лістоўкі, дый гестапа метадычна, аднаго за адным правярала ўсіх працуючых у друкарні.
Славін так задумаўся, што нават не заўважыў, як да яго падышоў адзін з рабочых і сказаў:
— Славін, цябе начальнік цэха да сябе кліча!
Міхаіл Іванавіч моўчкі кіўнуў галавой, выцер анучай рукі і пайшоў на выхад. Трывожна ёкнула ў грудзях: «Чаго яму трэба?» Пхнуў абабітыя скурай дзверы і апынуўся ў невялікім, добра знаёмым кабінеце. Акрамя начальніка цэха, у кабінеце сядзелі трое незнаёмых мужчын. Адзін з іх спытаў:
— Міхаіл Іванавіч Славін?
«Немец», — здагадаўся Міхаіл Іванавіч і адчуў, як імгненна пакрыўся лоб халодным потам.
— Так, я.
— Вам трэба праехаць з намі для гутаркі.
— А вы хто?
— Прадстаўнікі нямецкіх улад. — Ён моўчкі падняўся са свайго месца. Услед за ім ускочылі двое іншых.
Славін зірнуў запытальным поглядам на начальніка цэха. Але той моўчкі глядзеў міма. Міхаіл Іванавіч разгублена спытаў:
— А як жа работа, у мяне ж тэрміновае заданне?
— Не хвалюйцеся, усе мы працуем на вялікі рэйх, — ухмыляючыся, адказаў мужчына і хутчэй загадаў, чым прапанаваў: — Пайшлі!