Выбрать главу

Хто-хто, а ўжо Славін добра ведаў, як непрыкметна падысці да роднага дома. Хаваючыся ў суседнім агародзе сярод густых кустоў агрэсту і маліны, ён цэлы дзень сачыў за вуліцай, імкнучыся разгадаць гестапаўскую сістэму назірання. Ён разумеў, што немцы не маглі пакінуць сваіх людзей проста ў кватэры Славіных. Значыць, яны прыдумалі штосьці іншае.

Валодзя праседзеў у хованцы ўвесь дзень і, хоць у роце не было нават макавай расінкі, а жывот зводзіла ад голаду, застаўся задаволены. Высветліў, што адна група фашыстаў, пераапранутых у цывільную адзежу, сядзіць усё ў тых жа Латаніных, а на вуліцы, як бы выпадкова ходзячы, дзяжураць яшчэ два тыпы. Гестапаўцы ведалі, што кватэра Славіных размешчана на другім паверсе. Прайсці ў яе можна было толькі па драўлянай лесвіцы, а таму ўзмоцнена назіралі за домам з боку вуліцы.

Валодзя дачакаўся цемры, пракраўся ў свой агарод. Адшукаў за хлявом прыстаўную лесвіцу, якая аднойчы ўжо саслужыла іх сям’і добрую службу, прыставіў яе да сцяны, ціха палез да самага акна. На ўсякі выпадак сцішыўся на хвіліну перад адчыненай фортачкай. У кватэры — цішыня. І тады адсунуў шпінгалеты, асцярожна адчыніў акно, ступіў на падлогу і апынуўся ў апраметнай цемры. На імгненне стала страшна, але ён хутка пераадолеў у сабе гэта, пачаў навобмацак абследаваць усю кватэру.

Уваходныя дзверы былі замкнёны на ўнутраны замак, ключы ад якога фашысты, вядома, адабралі ў маці. У цемры, ды яшчэ пасля такога пагрому, шукаць свае і Жэніны рэчы не мела сэнсу, і Валодзя вырашыў дачакацца світанку. Ён узяў крэсла і засунуў адну ножку паміж уваходнымі дзвярамі і ручкай. «Калі і ўздумаюць увайсці ў кватэру, то пакуль сцямяць, чаму дзверы не адкрываюцца, сігану з акна ў гарод і дам драпака», — думаў ён, умацоўваючы як мага надзейней крэсла. Затым асцярожна ўвалок лесвіцу ў пакой, зачыніў акно, каб немцы не заўважылі, калі ўначы захочуць агледзець хату з боку агарода.

Калі замігцеў світанак і ў кватэры можна было сёе-тое разгледзець, Уладзімір знайшоў у каморы стары бацькаў рукзак, кінуў у яго сваю і сястрыну адзежу, адчыніў акно, выставіў лесвіцу, хутка спусціўся на зямлю. Зацягнуў лесвіцу за хлеў. Валодзя ўявіў сабе, як будуць здзіўлены немцы, калі стануць адкрываць кватэру. «Доўга ж ім прыйдзецца ламаць галовы, каб вырашыць загадку: як маглі аказацца замкнёнымі дзверы знутры, якія яны вартавалі днём і ўначы», — Валодзя ледзь стрымаўся, каб не засмяяцца.

Вярнуўшыся ў суседскі сад, хлопец вычакаў час, калі можна будзе хадзіць па горадзе, і адважна пакрочыў па вуліцы: бо ў яго ў кішэні — аўсвайс.

А ўвечары, нібы цені, брат і сястра праслізнулі міма варожых засад. І зноў, ужо каторы раз, Жэня здзівілася:

— Адкуль ты ведаеш, дзе немцы ў засадах сядзяць?

— Мне ўжо даводзілася тут хадзіць, — важна адказваў брат, а сам думаў: «Куды ісці далей? Нас жа ніхто не чакае».

Да раніцы дабраліся да вёскі Пціч, але не спыніліся, пайшлі далей. Да вечара набрылі на хутар. Папрасіліся ў гаспадароў, адзінокіх старых, пераначаваць, спыталі ў іх, дзе можна знайсці партызан. Гаспадары нічога на гэта не адказалі, яны накармілі брата з сястрой і паслалі спаць на сенавале. Старыя ведалі, што цяпер мнгогія людзі шукаюць у лесе партызан. Сярод іх могуць быць і правакатары. Таму крыўдзіцца на старых за недавер было нельга.

Раніцай на хутар зазірнулі партызаны. Іх было чацвёра. Доўга распытвалі яны брата і сястру, імкнучыся зразумець, што за людзі перад імі. Ім асабліва падазроным падалося тое, што хлопец быў абуты ў нямецкія чаравікі. Доўга Валодзя пераконваў партызан, што гэты абутак маці выменяла за бацькаўскі гарнітур.

Партызаны напаўголаса пагаварылі яшчэ аб нечым і нарэшце вырашылі даставіць Славіных у атрад. Прывялі, а спадзяванні Уладзіміра на тое, што тут знойдзецца хоць адзін чалавек, які ведае бацьку ці чуў пра яго, не апраўдаліся. З імі доўга гутарылі камандзір атрада, камісар і начальнік штаба, па некалькі разоў перапытвалі пра раней расказаныя падзеі. Адчувалася, што правяраюць. Валодзя разумеў, што інакш і быць не павінна. Калі ў атрад патрапілі невядомыя, значыць, трэба старанна разабрацца, ці не падаслаў іх вораг.

Прайшло некалькі дзён. Славін ішоў праз невялікую паляну да зямлянкі, у якой пасялілася Жэня. Раптам ён убачыў, як чацвёра партызан складваюць ля штабной зямлянкі зброю. Уладзімір здагадаўся, што яны толькі што вярнуліся з задання, а зброя — іх трафеі. «Шчасліўчыкі, — з зайздрасцю падумаў хлопец. — Колькі зброі прынеслі! Відаць, нямала фрыцаў укакошылі!» Славін падышоў бліжэй і раптам — замер: ён пазнаў аднаго з тых семярых, якіх летась вывеў міма нямецкіх пастоў з горада. Але было яму такое заданне ад падпольшчыкаў, і ён яго выканаў тады. Уладзімір так разгубіўся, што нават забыўся яго імя. А той паклаў у агульную кучу нямецкі аўтамат, выпрастаўся, абыякава зірнуў на хлопца, павярнуўся да сваіх таварышаў. Толькі зараз Валодзя ўспомніў: