Выбрать главу

— Чаю не хочаш?

— Не, дзякуй, у спякоту не п’ю.

Камісар пажартаваў:

— І правільна робіш, але чай жа можна.

— І чай таксама, — ледзь усміхнуўся Аляксей.

Васільеў разгарнуў карту і паклікаў лейтэнанта:

— Глядзі, Аляксей, вось пазіцыі палка. Мы знаходзімся на левым флангу і састыкоўваемся з правафланговым палком суседняй дывізіі.

— Ого, як мы вырваліся наперад! — здзіўлена прагаварыў лейтэнант, убачыўшы, што тоўстая чырвоная рыса як бы абрывалася адразу ж за пазіцыяй палка і стромка сыходзіла назад.

— Правільна. Мы апынуліся далёка наперадзе ад нашага суседа. І ў гэтым наша перавага і слабасць. Перавага — у тым, што калі нам дадуць хоць маленькае папаўненне, то мы можам ударыць вось сюды, у фланг праціўніку, і дапамагчы суседзям выйсці з намі на адну лінію. А слабасць — у тым, што фрыцы гэтаксама могуць ударыць нам у фланг.

Васільеў падышоў да тэлефоннага апарата, падняў трубку і папрасіў злучыць яго з начальнікам штаба. Пачуўшы голас Самойлава, спытаў:

— Я па карце не бачу ўзмацнення левага фланга, ты зрабіў гэта?

Відавочна, начштаба ўжо прыняў неабходныя меры, таму што Васільеў маўчаў і слухаў. Нарэшце ён сказаў:

— Добра, нанясі ўсё гэта на маю карту.

Ён вярнуўся да стала і задаволена прагаварыў:

— Так, фланг мы ўзмацнілі. Ну, слухай далей. Твая задача: выведаць, што знаходзіцца ў праціўніка тут, і не на пярэдняй лініі, а ў глыбіні. Калі высветліш, дашлеш з кім-небудзь са сваіх арлоў данясенне, а сам агінай іх пярэдні край наводдаль, забіраючы ўвесь час направа, і паглядзі, што немцы маюць у сваіх найблізкіх тылах насупраць нашых пазіцый. Паспрабуй здабыць добрага языка, а затым вяртайся. Ясна?

— Колькі часу вы мне даяце на выкананне задачы?

— Я думаю, табе дастаткова трох-чатырох сутак. Цяпер прыйдзе начштаба, дамовімся пра месца твайго вяртання і нашай падтрымцы, калі што якое, ну, а потым пойдзеш рыхтавацца да паходу.

Купрэйчык з сабой забраў амаль усіх байцоў узвода, пакінуўшы толькі старшыну, а ў распараджэнні начальніка штаба — двух чалавек.

Роўна ў гадзіну ночы, прыгінаючыся, яны рушылі да пазіцый ворага. Для руху Купрэйчык выбраў невялікую лагчыну. У ёй трава была сакавітай, а зямля мяккай, і паўзці было лягчэй, дый шуму пры руху менш. Праўда, атрымлівалася так, што рухаліся яны амаль у лоб добра замаскіраванаму кулямёту, але лейтэнант пасля гутаркі з камандзірам роты, чые пазіцыі былі размешчаны насупраць кулямётнага гнязда, быў упэўнены, што кулямётчык, як гэта часта бывае, не абстраляе лагчыну. Камандзір роты паведаміў, што за тыя чацвёра сутак, што яны знаходзяцца тут, гэты кулямёт ні разу не страляў, гняздо было старанна замаскіравана і распазнаць яго ўдалося выпадкова: артылерыйскі назіральнік, які разглядаў праз стэрэатрубу нямецкія пазіцыі, звярнуў увагу, як з невялікага кусціка паказалася рука, у якой мільганула штосьці бліскучае. Хутчэй за ўсё кулямётчык выкінуў са старанна замаскіраванага акопа пустую кансервавую бляшанку, прысыпаўшы яе зямлёй, каб не блішчэла. Камандзір роты, якому артылерысты паведамілі пра ўбачанае, узмацніў назіранне, і неўзабаве задума праціўніка стала зразумелай: гэты кулямёт павінен быў уступіць у дзеянне толькі ў выпадку нападу і сваім нечаканым агнём сарваць яго. Таму кулямётчык і не страляў, каб заўчасна не выдаць сябе.

І вось цяпер разведчыкі, захоўваючы максімум асцярогі, павольна паўзлі па нейтральнай зоне. Купрэйчык рухаўся ўслед за Зыбіным, часам дакранаючыся рукамі яго ботаў, а самым першым поўз дасведчаны Галавін.

У галаве лейтэнанта, нібы заклінанне, пульсавала трывожная думка: «Толькі б кулямётчык нас не пачуў! Толькі б дапаўзці да ўзгорка!»

А вось і ўзгорак.

Купрэйчык крануў па чарзе за плячо Галавіна і Чарнецкага. Тыя зразумелі, чаго хоча камандзір, і моўчкі папаўзлі да траншэі. Праз некалькі хвілін, забіраючы крыху лявей, папаўзла другая пара. Яна, як было дамоўлена раней, павінна была пры неабходнасці прыкрыць агнём з аўтаматаў Г алавіна і Чарнецкага. Наступіла чарга наступнай пары. Яна пацягнула за сабой тоненькі шпагат, з дапамогай якога падасць сігнал руху астатнім. Купрэйчык, сціснуўшыся ў адзіны нервовы камяк, чакаў. Колькі ўжо было вось такіх пераходаў да пазіцый ворага, а прывыкнуць да гэтага немагчыма. Кожны раз, калі трэба было зазірнуць праз бруствер у нямецкі акоп, наставала вышэйшая кропка нервовай напругі: што чакае яго там, у траншэі? А раптам засада?