Выбрать главу

Нарэшце тройчы тузануўся шпагат. Значыць, у траншэі фрыцаў няма.

І Аляксей шэптам загадаў рухацца наперад. Хвілін праз дзесяць усе ўжо былі на тым баку. Паглыбіліся амаль на кіламетр і спыніліся на кароткі прывал.

Купрэйчык загадаў:

— А ну, хлопцы, прыкрыйце мяне, карту трэба паглядзець.

Ён сеў пад куст, а разведчыкі знялі з сябе курткі маскіровачных касцюмаў і абляпілі камандзіра з усіх бакоў. Аляксей дастаў карту і ўключыў кішэнны ліхтарык. Адразу ж адшукаў месца, дзе яны знаходзяцца. Наперадзе ў трох кіламетрах быў лес. У гэтым лесе днём і павінны былі хавацца разведчыкі, а заадно праверыць, ці не канцэнтруюць у ім немцы сілы для ўдару. Зверыўшы маршрут па компасе, Купрэйчык выключыў ліхтарык і вылез з-пад куртак:

— Пяць мінут на перакур і рушым далей.

Разведчыкі, прыкрываючыся курткамі, з прагнасцю зацягваліся папяросамі. Кожны, напэўна, успомніў добрым словам старшыну Ганчара, які змог здабыць для іх замест махоркі сапраўдныя папяросы.

Роўна праз пяць мінут Купрэйчык устаў. Усе моўчкі пайшлі за ім. Ішлі асцярожна. Наперадзе, метрах у двухстах, рухаўся дазор з трох чалавек на чале з Чыжыкам, па баках — ахова. Побач з Купрэйчыкам ішоў маладзенькі чырвонаармеец Губчык. Яму яшчэ не было і дзевятнаццаці, але Купрэйчык сам выбраў яго з тых, хто прыбыў у полк на папаўненне. Хлопец спадабаўся яму не толькі тым, што да вайны займаўся боксам, вывучаў нямецкую мову, але і сваім імкненнем патрапіць у разведку. Вядома, у разведузводзе яго вабіла рамантыка, але Аляксей разумеў, што гарачае жаданне стаць сапраўдным разведчыкам мае вялікае значэнне.

Губчык ціха спытаў:

— Таварыш лейтэнант, а мы тут не напорамся на міны?

— Не павінны, Пётр. Памяркуй сам: які сэнс ім мініраваць свае тылы. Раптам мы іх зноў папром на захад, а каму хочацца ўцякаць па ўласных мінах? Але ты прывыкай хадзіць у патыліцу — гэта першае правіла разведчыкаў.

Губчык моўчкі перастроіўся і пайшоў следам за лейтэнантам. Рухаліся асцярожна і да лесу дабраліся гадзіны праз паўтары. Была палова трэцяй. Забраліся ў густы хмызняк і спыніліся на начлег. Купрэйчык выставіў ахову, астатнім загадаў спаць, а сам заснуць не мог. Яго моцна турбавала тое, што яны не ведаюць становішча ў лесе. А раптам дзе-небудзь побач размясцілася варожая часць, і як толькі наступіць раніца, узвод будзе выяўлены і знішчаны.

Ён ляжаў і прыслухоўваўся. Дрэвы ледзь чутна шумелі над галавой. Аляксей успомніў Мачалава. «Напэўна, ужо даўно выпісаўся са шпіталя. Цікава, дзе ён цяпер ваюе? Трэба будзе абавязкова знайсці яго. — Але Аляксей тут жа папракнуў сябе: — Ды ты, лейтэнант, знойдзеш! Уласную жонку і тое адшукаць не можаш!» Вось так заўсёды ў вольную хвіліну думкі Купрэйчыка вярталіся да Надзі: «Што з ёй? Ці жывая?»

Ён часта лавіў сябе на тым, што ў душы непрыемна варушылася і іншае: Надзя, маладая і прыгожая, увесь час знаходзіцца сярод мужчын… Ад гэтай думкі Аляксею зусім перахацелася спаць, і ён сеў. Зірнуў на цыферблат трафейнага гадзінніка. Хутка світанак. Баючыся патрывожыць чуйны сон таварышаў, Аляксей зноў лёг, заплюшчыў вочы. І зноў убачыў Надзю. Да драбнюткіх падрабязнасцяў успомнілася раніца, калі яны сустрэліся першы раз.

Гэта было ў саракавым годзе. Аляксей разам з сябрам паехаў у суботу ўвечар на рыбалку. Начавалі на беразе, а на досвітку селі ў лодку, выплылі на сярэдзіну ракі і закінулі вуды. Месца было выдатнае. Ціхая, спакойная роўнядзь ракі, густы хмызняк на беразе. Крыху далей, за лужком, зялёнай сцяной стаяў лес.

I дзіўная цішыня вакол! Неўзабаве ад берага прама да лодкі, па вадзе, працягнулася сонечная дарожка. Аляксей вырашыў выкупацца.

Яны падвеславалі да берага, ён саскочыў на мяккую траву і, не спяшаючыся, здымаючы на хаду кашулю, пайшоў уніз па плыні. Саша, сябар Аляксея, заўзяты рыбак, не дазволіў яму купацца каля лодкі, баяўся, што Аляксей рыбу разгоніць.

Купрэйчык адышоў досыць далёка, праз хмызняк ступіў да берага. Выйшаў на вузкую, усяго ў некалькі метраў, прыбярэжную паласу — і сцішыўся. Спінай да яго, асцярожна чапаючы нагой ваду, стаяла дзяўчына ў блакітным купальніку.

У Аляксея мільганула гарэзная думка. Ён на цыпачках падкраўся да просценькага халаціка, які ляжаў на траве. Падняў яго, а пад ім — басаножкі. Узяў усё гэта і бясшумна схаваўся ў густой чаромсе. Уладкаваўся ямчэй і пачаў назіраць. Дзяўчына, перш чым увайсці ў ваду, абярнулася. Аляксею яна здалася вельмі прыгожай. Дзяўчына не заўважыла, што халаціка няма на месцы, радасна ўсміхнулася сонцу і хутка ўвайшла ў ваду. А хлопец, зачараваны гэтым відовішчам, сядзеў не зварухнуўшыся.