Выбрать главу

А Чыжык працягваў:

— За вёскай немцы вядуць будаўнічыя работы. Прымусілі мясцовае насельніцтва, галоўным чынам жанчын, старых і дзяцей, капаць траншэі, будаваць бліндажы. Там жа працуюць і сапёры. Яны возяць лес, будуюць умацаванні і сховішчы. У нас склалася меркаванне, што рыхтуюць новую лінію абароны. Жывой сілы, праўда, мала, але мы іх маглі з першага заходу і не заўважыць. Танкавы батальён і то выпадкова выявілі, — самакрытычна скончыў Чыжык.

Купрэйчык нанёс усе здабытыя дадзеныя аб праціўніку на карту, узяў і схему, якую вычарціў Чыжык, і прапанаваў ім адпачываць. «Пакуль не вернецца другая пара хлопцаў, — вырашыў ён, — адсюль не пойдзем». Не паспеў ён паснедаць, як прыбылі Цімахавец і Маліна. Яны абследавалі паўднёва-заходнюю частку лесу і прылягаючую да яго мясцовасць, выявілі некалькі даволі буйных груповак праціўніка, у тым ліку танкі і самаходныя гарматы.

Выслухаўшы іх даклад, лейтэнант вырашыў абследаваць мясцовасць.

«Месца, дзе мы цяпер знаходзімся, — думаў ён, — больш-менш спакойнае. Мабыць, застанемся тут на дзянёк і добра ўдакладнім становішча, а затым рушым далей».

Ён падсеў бліжэй да салдат:

— Значыць так, браткі. Стаўлю задачу: тут застаюцца толькі тыя, хто вярнуўся з паходу, і яшчэ чацвёра для аховы. Астатніх разаб’ём на групы па тры чалавекі і прачэшам як след мясцовасць. Нам трэба, у што б там ні было, высветліць намер праціўніка і якія ў яго сілы.

Затым Купрэйчык акрэсліў кожнай групе задачу і квадрат, дзе яна павінна дзейнічаць, прызначыў час збору. Разведчыкі адразу ж разышліся.

Купрэйчык узяў з сабой Лугаўца і Губчыка. Іх шлях ляжаў да вёскі, у якой немцы капалі акопы. Памятаючы пра тое, што наперадзе павінна быць стаянка бранетанкавай часці, лейтэнант увесь час забіраў лявей, і ім прыйшлося рабіць вялікі крук. I калі ўлічыць, што рухаліся яны вельмі асцярожна, часта залягалі і старанна аглядалі мясцовасць, то не дзіўна, што да вёскі падышлі толькі да поўдня. Уладкавалі сабе НП у густым ельніку, дзе нават трава не расла, але было бяспечна.

Метрах у трохстах віднелася вёска з хат дваццаці, не больш.

Купрэйчык пераканаўся, што іх не будзе выдаваць бляск шкла бінокля, і пачаў назіраць. Крыху лявей вёскі вяліся работы. Старыя і жанчыны пад наглядам немцаў капалі акопы. Цывільных людзей у вёсцы не было відаць, і Купрэйчык падумаў: «Усіх выгналі на працу, спяшаюцца». Ён паклаў перад сабой ліст паперы і пачаў наносіць схему абарончых збудаванняў, якія ўзводзіліся. Нечакана Лугавец крануў яго за плячо і ціха сказаў:

— Лейтэнант, паглядзі, здаецца, нашага вядуць, — і ён рукой паказаў на групу нямецкіх салдат, якія вялі перад сабой чалавека.

Купрэйчык перавёў бінокль на іх і ўбачыў, што немцы канваіруюць чырвонаармейца. Выразна была бачная разадраная гімнасцёрка, на галаве — брудная, у крывавых плямах павязка. Двое немцаў трымалі напагатоў аўтаматы, астатнія ішлі ззаду, ажыўлена жэстыкулявалі, размаўлялі паміж сабой.

— Сапраўды, чырвонаармейца вядуць, сволачы! — усхвалявана прагаварыў лейтэнант, неадрыўна гледзячы ў бінокль.

Немцы завялі палоннага салдата ў двор другой ад краю вёскі хаты. Адзін з іх увайшоў у хату і праз хвіліну выйшаў у суправаджэнні афіцэра, на галаве якога была фуражка з высокім верхам. Афіцэр наблізіўся да палоннага, стаў штосьці казаць яму. Немцы, якія прыйшлі разам з канваірамі, стоўпіліся поруч, і разведчыкі ўжо не маглі бачыць ні чырвонаармейца, ні нямецкага афіцэра. Нечакана натоўп расступіўся, і Купрэйчык са сваімі салдатамі ўбачылі, што палонны ляжыць на зямлі, а афіцэр і салдаты б’юць яго нагамі.

— Што яны робяць? Яны ж заб’юць яго! — ускрыкнуў Губчык. — Таварыш лейтэнант, дазвольце, я іх з аўтамата?

— Не крычы, Пеця. Нам нельга сябе выяўляць. Для нас галоўнае — разведка і вытрымка. — Купрэйчык злосна вылаяўся і дадаў: — А гэта мы ім абавязкова ўзгадаем.

А немцы працягвалі біць чырвонаармейца. Ён ужо не рухаўся і ляжаў не абараняючыся. У бінокль было відаць, як нямогла тузалася яго галава пасля кожнага ўдару нагой. Купрэйчык, сціскаючы збялелымі пальцамі бінокль, сказаў:

— Ды і з аўтамата на такой адлегласці ім шкоды не прычыніш, толькі выдасі сябе!

Лугавец і Губчык бачылі, чаго каштавала лейтэнанту стрымацца. Нарэшце немцы перасталі збіваць палоннага, і ён, раскінуўшы рукі, нерухома ляжаў на сярэдзіне двара. Да яго падышлі двое і, узяўшы за ногі, пацягнулі ў кут двара. Там знаходзіўся хлеў, а побач невялікая прыбудова, дзе звычайна трымаюць свіней. Смеючыся, яны зацягнулі туды палоннага і зачынілі дзверы.