Выбрать главу

— Дай бог, каб ён выжыў, — глуха прагаварыў лейтэнант, — уначы мы наляцім сюды.

Яны праляжалі яшчэ каля дзвюх гадзін, перш чым лейтэнант адарваўся ад сваіх запісаў і схем. Ён працягнуў бінокль Лугаўцу:

— На, Жэня, назірай, фіксуй, у якія хаты немцы заходзяць, лічы, а я з Пятром прагуляюся далей уздоўж лесу. Паспрабуем перамовіцца з кім-небудзь з мясцовых. Бачыш, з лесу бярвёны возяць.

Сапраўды, немцы падвозілі бярвенне да траншэй, а разгружалі жанчыны і старыя. Купрэйчык падумаў, што астатнія жыхары вёскі, напэўна, сякуць лес.

Яны асцярожна рушылі ў глыб лесу. Праз паўгадзіны апынуліся ля дарогі, па якой з ровам праходзілі грузавікі з бярвеннем, павольна праязджалі вазы, запрэжаныя коньмі.

Купрэйчык доўга назіраў за дарогай, і Губчык, не вытрымаўшы, спытаў:

— Таварыш лейтэнант, чаго мы чакаем? Давайце я падыду да любога мужыка, які будзе ехаць на возе, і пагавару з ім.

— Э-э не, дарагі, — ледзь усміхнуўся Аляксей, — ты не спяшайся. Паляжы, панаглядай спачатку, а галоўнае, параскінь мазгамі, каго лепш паклікаць. Мужыка ці бабу. У такой справе можна і на бяду напароцца. Бо хто мог застацца пры немцах з мужыкоў? Ці бездапаможны стары, ці падлетак, ці ж баязлівец, а можа, той, хто іх уладу прызнаў. Усе іншыя мужыкі ў Чырвонай Арміі ці ў партызаны падаліся. Ты прыгледзься, міма нас праходзяць і такія, хто мог бы не лейцы, а вінтоўку ў руках трымаць. Так што лепш нам да жанчыны звярнуцца. Яна ў такой сітуацыі больш надзейная.

Губчык замоўк і цярпліва чакаў, калі камандзір загаворыць з ім. Нарэшце на дарозе паказаўся воз, на якім ляжалі два даволі доўгія бервяны. Побач з возам ішла, цяжка перастаўляючы ногі, пажылая жанчына. На дарозе нікога не было, і Купрэйчык рызыкнуў. Ён устаў і паклікаў жанчыну:

— Матуля, мы — чырвонаармейцы! Не бойцеся нас, каня прывяжыце да дрэва і падыдзіце да нас, спытаць сёе-тое хочам.

Жанчына спалохана азірнулася і зрабіла некалькі крокаў наперад.

— Ды вы не бойцеся нас, — працягваў супакойваць яе Купрэйчык, — мы свае — савецкія!

Жанчына, прывязаўшы лейцы за дрэва, накіравалася да воінаў, насцярожана паглядаючы на іх, разглядаючы іхнюю дзіўную вопратку.

Купрэйчык зразумеў, што яе бянтэжыць, усміхнуўся і расшпіліў куртку:

— Ды мы свае, матуля, свае! Мы разведчыкі і таму так апрануты!

— Родненькія, і сапраўды свае! Тут жа вакол немцы, вам сыходзіць трэба!

— Не хвалюйцеся, усё будзе добра! Вы лепш скажыце, куды лес возіце?

— Як куды? Нас жа ўсіх немцы на работу выгналі, акопы будуем.

— Што ж вы акопы супраць сваіх будуеце? — спытаў Купрэйчык і адразу пашкадаваў.

Жанчына паглядзела на яго шырока раскрытымі вачамі і раптам заплакала:

— Ой, міленькія вы мае, маіх жа чацвёра сыноў у Чырвонай Арміі, а сама, атрымліваецца, немцам дапамагаю! Як падумаю пра гэта, дык хоць у пятлю лезь! Яны ж усіх: і старых, і баб, і нават малалетніх дзяцей на работы выгналі. Траіх, хто не выйшаў, — расстралялі, а хаты газай аблілі і спалілі.

У гэты момант пачуўся шум матора, і лейтэнант хутка сказаў:

— Вяртайцеся да каня і зрабіце выгляд, што з возам ці з канём важдаецеся, а калі машына пройдзе, пагаворым яшчэ.

Толькі жанчына падышла да каня і ўзялася за аброць, як паказаўся цяжка гружаны бярвеннямі грузавік. Смуродзячы дымам, ён павольна праехаў міма. Лежачы ў кустах, разведчыкі паспелі ўбачыць, што ў кабіне сядзелі двое: шафёр і салдат, хутчэй за ўсё аўтаматчык.

Як толькі машына схавалася за бліжэйшым паваротам, жанчына хутка падышла да разведчыкаў. Выціраючы вочы кончыкам лінялай паркалёвай хусткі, запыталася:

— I калі ўжо вы прагоніце іх?

— Прагонім, матуля, абавязкова прагонім! — паабяцаў Купрэйчык. — А вы не ведаеце, што за часць у вас у вёсцы стаіць?

— У вёсцы знаходзіцца іх будаўнічая часць. Яна і будуе акопы. Але ёсць і іншыя немцы. Яны з іншай часці. Гэтыя самыя небяспечныя. Учора прывялі аднаго партызана, дык вы б паглядзелі, як яны здзекаваліся з яго. I білі, і косткі ламалі — усё выпытвалі, хто ён і дзе іншыя партызаны знаходзяцца.

— Ну і што з ім? — спытаў Купрэйчык, а сам успомніў, як фашысты збівалі ваеннапалоннага.

— Не вытрымаў ён катаванняў і памёр. Немцы прымусілі старых за вёскай, у полі, яму вырыць і кінулі туды, бедненькага, нават узгорачка не дазволілі над магілай зрабіць, не тое каб крыж паставіць.

— А ў якой хаце жывуць тыя, да каго партызана прыводзілі?

— Недалёка ад краю вёскі, — і жанчына, блытаючыся, стала тлумачыць. Але Купрэйчык зразумеў, што гаворка ідзе пра тую ж хату, у двары якой збівалі чырвонаармейца…