Выбрать главу

Лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Лейтэнант зноў плюхнуўся ў бруд. «Няўжо заўважыў?»

А часавы замёр, трымаючы вінтоўку напагатоў. У гэты момант ззаду пачуўся шоргат. Купрэйчык асцярожна азірнуўся. Ледзь распазнаў постаць чалавека. «Хто гэта? Немец! З нашых тут нікога не павінна быць», — трывожна падумаў Аляксей і ліхаманкава пачаў шукаць выйсце са становішча, якое склалася. А сітуацыя ўсё больш ускладнялася. Немцы, пакуль не падыходзячы адзін да аднаго, гучна загаварылі. Па асобных знаёмых фразах лейтэнант зразумеў, што яны лаюць надвор’е.

«Калі яны будуць ісці насустрач адзін аднаму, то хтосьці з іх напорацца на мяне!» Купрэйчык асцярожна, сантыметр за сантыметрам пачаў адпаўзаць да плота. Але, на шчасце, немец, які знаходзіўся ззаду, штосьці сказаўшы на развітанне, увайшоў у хату. Вартавы тут жа вярнуўся на сваё месца.

«Наперад!» — загадаў сабе лейтэнант і, падняўшыся на ногі, ірвануўся да немца. Левая рука, у якой была мокрая ануча, уваткнула ў рот вартавому кляп, а правая — усадзіла пад лапатку нож. Вартавы са стогнам зваліўся на зямлю. Купрэйчык на ўсякі выпадак звыклым рухам выцягнуў з вінтоўкі затвор і кінуў яго ў агарод, затым вярнуўся да сваіх. Шэптам падаў каманду. У хату павінны былі ўвайсці разам з лейтэнантам трое разведчыкаў, следам — яшчэ двое. Астатнія занялі пазіцыі ля вокнаў.

Купрэйчык злёгку пацягнуў дзверы: «Зачынена! Што ж рабіць?» Ён яшчэ раз злёгку пакратаў іх. Дзверы свабодна адыходзілі ад каробкі і ўтваралі шчыліну, значыць, яны зачынены на дрэнна падагнаны кручок. Аляксей выняў з чахла нож, уставіў яго ў шчыліну. Вось лязо нажа натыкнулася на перашкоду. Купрэйчык пачаў павольна падымаць угару нож. За спінай адчуваў напружанае дыханне разведчыкаў.

Нарэшце пачуўся лёгкі рывок — гэта крук выйшаў з клямкі, — і дзверы адчынены! Зрабіўшы некалькі асцярожных крокаў, разведчыкі апынуліся ў цёмных сенцах. Купрэйчык памятаў, што ў хату зусім нядаўна ўвайшоў немец, і ён, вядома, заснуць яшчэ не паспеў, але і чакаць, пакуль ён засне, небяспечна. Хто ведае, можа, тым часам да хаты набліжаюцца яшчэ немцы ці тыя, хто ў хаце, пачнуць збірацца на якія-небудзь начныя работы, і тады без страляніны не абысціся. А шуму дапусціць нельга.

«Так што не дрэйфі, лейтэнант, — падбадзёрыў сябе Аляксей і загадаў: — Наперад!» Ён намацаў клямку дзвярэй, што вялі ў пакой, і пацягнуў яе на сябе. Дзверы з рыпам адкрыліся, і лейтэнант не марудзячы перайшоў праз высокі парог. Як ён і меркаваў, яны адразу патрапілі ў прыхожую, якая адначасова служыла і кухняй. Злева, у куце, бялела печ, на ёй, як чорная зяпа, вылучалася топка. Разведчыкі прайшлі далей і апынуліся ў вялікім пакоі. Ярка ўспыхнулі прамяні кішэнных ліхтарыкаў. У пакоі чатыры ложкі. На іх спалі людзі. Раптам адзін з іх, які ляжаў справа ад Купрэйчыка, заварушыўся і сеў. Ён устрывожана спытаў:

— Вас іст дас?

Аляксей кінуўся да яго і паспеў нават заўважыць белы колер яго сподняй кашулі. Удар нажа прыйшоўся прама ў сэрца, таму немец бязгучна адкінуўся на падушку. I тут жа ў правым куце гучна закрычаў яшчэ адзін немец. Ён так пхнуў разведчыка, які падбег да яго, што той зваліўся і збіў з ног байца, які кінуўся на дапамогу свайму таварышу. Купрэйчык асвятліў правы кут пакоя ліхтарыкам і ўбачыў, што немец ужо дастаў з-пад падушкі пісталет і ліхаманкава схапіўся за затвор. I хто ведае, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б не Шчука, які маланкава скокнуў на немца і выбіў з яго рук пісталет. Астатнія два немцы супраціўлення не аказалі. Лейтэнант, блытаючы рускія і нямецкія словы, загадаў ім апранацца.

I перад разведчыкамі паўсталі два немаладыя афіцэры. Аднаму было ўжо за пяцьдзясят, а гаўптману — гадоў сарок пяць. Яны стаялі з паднятымі ўгору рукамі і ад страху дрыжалі.

Купрэйчык загадаў сваім:

— Забярыце дакументы і зброю забітых, збярыце на стале схемы і карты, праверце, ці няма яшчэ дзе-небудзь у пакоі дакументаў.

Трое разведчыкаў кінуліся выконваць загад, а двое пачалі звязваць рукі палонным.

Праз некалькі хвілін разведчыкі выйшлі з хаты і накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакалі Зайцаў і Губчык. Сцяпаныч наблізіўся да Купрэйчыка:

— Ну як, камандзір, парадак?

— Парадак, Серафім. Як там нашы?

— Нармальна, яны пайшлі ўжо да месца сустрэчы.

— Ну тады і мы рушым.

Купрэйчык быў усхваляваны, прыспешваў байцоў, праверыў кляпы ў палонных.

Нарэшце вёска засталася ззаду, і неўзабаве яны сустрэліся з разведчыкамі ў лесе.

Лугавец прыгнечана далажыў:

— Разумееш, вартавога прыбралі без шуму, а вось у хаце затрымка атрымалася. Там толькі адзін афіцэр аказаўся, а слых у яго — сабачы. У хату ўвайшлі без шуму, толькі ўключыў я ліхтарык, а на ложку ў адной бялізне фрыц сядзіць і ў нас цаляе. Добра, што Юра Маліна загадзя пісталет у плашчпалатку загарнуў і калі стрэліў у немца, то гук не моцны атрымаўся, а афіцэр — напавал.