Выбрать главу

— Дзякуй табе, Аляксей Васільевіч, тваім хлопцам дзякуй! Ты нават не ўяўляеш, якіх каштоўных языкоў вы нам здабылі! Усіх тваіх гвардзейцаў узнагародзілі.

Купрэйчык усхвалявана слухаў камандзіраў, яго цяпер мучыла толькі адно пытанне: што з хлопцамі? Ці ўсе жывыя? Нарэшце не вытрымаў і жэстам папрасіў, каб яму далі аловак і паперу. На лісце, выдраным урачом са сшытка, дзе ён рабіў розныя запісы, Купрэйчык з вялікай цяжкасцю левай рукой надрапаў: «Хлопцы!»

Камандзір палка прачытаў і спытаў:

— Цябе цікавіць, што з хлопцамі?

Купрэйчык пацвердзіў гэта, міргнуўшы вачамі.

Васільеў і Малахаў зірнулі адзін на аднаго, а затым, нібы па камандзе, запытальна паглядзелі на генерала. Карпаў ледзь кашлянуў, а затым рашуча ўзмахнуў рукой:

— Чаго ўжо тут цямніць. Ён — камандзір і павінен ведаць, што з яго падначаленымі.

Камісар павярнуўся да Купрэйчыка і, не гледзячы ў вочы, глуха сказаў:

— Заданне твой узвод выканаў, але пры пераходзе лініі фронту загінулі Грамоў, Шчука і Цімахавец… Маліна і Чарнецкі паранены… Атрымалася так, што ім прыйшлося практычна з боем прарывацца.

Камісар паглядзеў у твар камандзіра ўзвода і ўбачыў, як звузіліся, нібы ад нясцерпнага болю, яго вочы.

— Забітых не пакінулі, іх целы прынеслі. Пахавалі з усімі ўшанаваннямі, як і трэба героям. Яны пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга.

Лейтэнант, здавалася, не слухаў камісара. Ён ляжаў з паўзакрытымі вачамі і думаў пра сваіх таварышаў: «Толя Грамоў, Віктар Шчука, Восіп Цімахавец — мае верныя сябры, іх ужо няма ў жывых. Хоць гэта я іх накіраваў праз лінію фронту, і яны загінулі», — вочы Аляксея напоўніліся слязамі.

Карпаў ціха сказаў:

— Трымайся, салдат! Мы з табой знаходзімся на вайне, а гэта значыць, што страты непазбежныя. — Генерал заклапочана зірнуў на гадзінннік. — Ну, лейтэнант, яшчэ раз прымі віншаванні з узнагародай і выбачай, брат, справы.

Прайшлі суткі, а раніцай наступнага дня падняўся перапалох. Паступіў загад неадкладна эвакуіраваць шпіталь. Аказалася, што немцы ўдарылі па пазіцыях суседняй дывізіі і прарвалі абарону. Шпіталь апынуўся на вастрыні нападу нямецкіх танкаў. Параненых хутка грузілі ў машыны гаспадарчага ўзвода, раней прыкамандзіраванага да шпіталя, і добраахвотнікі з ліку тых, хто выздараўліваў, спешна рыхтавалі на подступах да вёскі лінію абароны.

Неўзабаве калона апынулася на пагрузачным пункце. Параненых выгружалі з машын і клалі проста на коўдры ці, у лепшым выпадку, на насілкі. Двое пажылых салдат і маладзенькая медсястра, якая дапамагала ім, знялі Купрэйчыка з кузава і паклалі на насілкі, што вызваліліся. Аляксей мог бачыць толькі тое, што было прама над ім, пакутуючы, ён не мог нават павярнуць галавы.

Вакол раўлі маторы і крычалі людзі.

З абрыўкаў размоў Аляксей зразумеў, што вось-вось тут апынуцца немцы і гэта загружаецца апошні эшалон. Лейтэнанту стала страшна ад думкі, што пра яго забыліся і ён можа апынуцца ў палоне.

Раптам у гэтай мітусні ён пачуў зусім побач голас: «Таварыш Кір’янава, вы адказная за пагрузку і адпраўку эшалона?»

Жаночы голас адказаў: «Так, я».

Мужчына запатрабаваў: «Дык адпраўляйце ж хутчэй! Вось-вось з’явяцца нямецкія танкі».

Жанчына ўпарта адказала: «Пакуль усе параненыя не будуць пагружаны, я эшалон не адпраўлю!»

Купрэйчык увесь успацеў. «Госпадзі, — думаў ён, — дык гэта ж Надзя, жонка мая!» Ён колькі мог скасіў вочы ў бок тых, хто размаўляў. Але нічога не ўбачыў. Аляксей паспрабаваў павярнуць галаву, але рэзкі боль спыніў яго.

I тут ён убачыў яе! Так, гэта была Надзя. I звалі яе дзявочым прозвішчам — Кір’янава.

Купрэйчык паспеў падумаць: «Нічога дзіўнага, бо пашпарт яна так і не паспела памяняць».

А Надзя, нібы цвелячы нямоглага мужа, спынілася побач. Затым проста зірнула на яго і, павярнуўшыся бокам, сказала двум мужчынам і жанчыне, апранутым гэтак жа, як і яна, у забруджаныя белыя халаты, якія падышлі да яе, каб тыя хутчэй грузілі параненых.

Адзін з мужчын заклапочана сказаў:

— Надзея Лявонцьеўна, мне здаецца, чалавек трыццаць параненых не змесцяцца.

Надзя злосна і рашуча адказала:

— Трэба змясціць усіх! Хоць на праходы, у тамбуры, хоць на дахі, але іх неабходна неадкладна адправіць. У крайнім выпадку тыя, хто пойдзе са мной праз лес на злучэнне з санбатам, панясуць параненых з сабой.

Ад гэтых слоў Купрэйчыку стала яшчэ горш, да яго свядомасці дайшло, што Надзя застанецца тут і не паедзе на цягніку. Ён падняў руку і пачаў махаць ёю, зваў Надзю, хацеў, каб яна заўважыла яго. Ён са страхам падумаў: «Яна ж цяпер адыдзе ад мяне! — I стаў у думках клікаць жонку: — Ды зірні ж ты на мяне! Чуеш, зірні!»