Выбрать главу

Мачалаў каторы раз казаў сабе: «За хлапчука прымае. Дарэмна я да яго ў батальён пасля шпіталя прасіўся».

Не ведаў Пётр, што зусім нядаўна камбат асабіста перадаў у полк прадстаўленне на ўзнагароджанне яго ордэнам Чырвонай Зоркі і што, характарызуючы яго, не шкадаваў добрых слоў.

Але Мачалаў пра гэта нават не здагадваўся. Ён спяшаўся да сваіх, прыкідваючы дзеянні роты, якую яму досвіткам трэба будзе весці ў бой.

Першым у траншэі ён сустрэў камандзіра трэцяга ўзвода Рубава. Пакуль той спакойна напаўголаса дакладваў становішча, Мачалаў паспеў у паўзмроку разгледзець старшыну Ляркова: той застыў метрах у пяці і чакаў, калі камандзір роты вызваліцца. Пётр падумаў: «З маёй роты, акрамя Рубава, які ўжо стаў афіцэрам, Ляркова, сувязнога Чарнышенкі ды Ерамеева, з тых, з кім я ваяваў да ранення, нікога не засталося».

Рубаў скончыў даклад. Але Мачалаў не спяшаўся ісці, а звярнуўся да старшыны:

— Таварыш Ляркоў, знайдзіце Чарнышэнку, хай ён збярэ ў мяне ў бліндажы камандзіраў узводаў.

Ляркоў казырнуў і тут жа знік у цемры. Мачалаў павярнуўся да Рубава і ціха прагаварыў:

— Заўтра раніцой у атаку пойдзем, так што рыхтуйся, Лёва.

Раніцой рота была гатовая да бою. Стаяў моцны студзеньскі марозік, рыпеў пад нагамі снег, у лагчынах слаўся густы бялёсы туман, а вакол — цішыня.

Здавалася, што ўсё замерла ў чаканні бою. I ён пачаўся. Раздзіраючы ў жмуты туман, ударыла артылерыя, над галовамі з гулам пранесліся бамбардзіроўшчыкі і знішчальнікі. Над нямецкімі пазіцыямі ўзляталі ў паветра перамяшаныя са снегам камякі зямлі ўзнімаліся высокімі фантанамі ўзрывы бомбаў.

Агнявы і авіяцыйны налёт працягваўся нядоўга, і хвілін праз дзесяць агонь быў перанесены ў глыбіню абароны праціўніка, туды, куды ўчора пасля няўдалай атакі папаўзлі танкі і бронемашыны.

Над нашымі пазіцыямі ўзляцелі сігнальныя ракеты.

Мачалаў ускочыў на бруствер і, сціскаючы ў руцэ аўтамат, крыкнуў:

— За Радзіму! Наперад!..

Рота дружна паднялася ў атаку. Міма, абганяючы іх, пайшлі танкі, на брані якіх, хаваючыся за вежы, сядзелі дэсантнікі.

«Усё ж знайшоў камбат людзей для дэсанта», — узрадаваўся старшы лейтэнант і паглядзеў па баках. Як акінуць вокам ішлі ў наступленне роты. Немцы, ачомаўшыся пасля артылерыйскага і авіяцыйнага налётаў, адкрылі моцны і шчыльны агонь. З’явіліся першыя страты. Мачалаў бачыў, як зваліўся камандзір першага ўзвода. «Няўжо забіты?» — падумаў Пётр.

— Санітара да Герасімовіча! — крыкнуў ён і пабег наперад.

Але людзі ўжо заляглі. Упаў на зямлю і Мачалаў. Паглядзеў налева, дзе павінен атакаваць суседні батальён. Агонь праціўніка быў вельмі моцным. «А дзе ж Кісліцкі? — успомніў Мачалаў і вачамі адшукаў падбіты танк, у якім яшчэ з ночы павінны знаходзіцца трое яго салдат, — чаму ён маўчыць?» У гэты момант з танка па варожых акопах амаль адначасова ўдарылі два кулямёты. Знішчальным, амаль флангавым агнём яны загналі немцаў у акопы, размешчаныя якраз насупраць роты Мачалава, не даючы магчымасці высунуць галаву і весці прыцэльную стральбу. Гэтым адразу ж скарысталіся атакуючыя. Парторг Татушын, ён прыняў на сябе камандаванне першым узводам замест выбыўшага Герасімовіча, падняў сваіх людзей у атаку. Рота зноў кінулася наперад.

Немцы таксама ацанілі становішча і з флангаў адкрылі моцны агонь. Нашы танкі, якія перасеклі першую лінію, ужо «прасавалі» другую. Два з іх накіраваліся ўздоўж першай траншэі, страляючы з гармат і кулямётаў, душылі гусеніцамі баявыя кропкі праціўніка. Немцы засяродзілі агонь па гэтых танках, і неўзабаве абодва яны былі падбіты. Адзін успыхнуў, і з яго пачалі выскокваць танкісты ў падпаленых камбінезонах. У другога танка перабіла гусеніцу, і экіпаж, развярнуўшы вежу з гарматай у бок варожых гармат, павёў агонь па іх, а з кулямёта працягваў біць уздоўж варожых траншэй. Мачалаў бег і амаль не страляў, ашчаджаючы патроны для бою ў траншэі. Ён быў упэўнены, што цяпер справа дойдзе да рукапашнай. Нашы танкі і дэсант вялі бой на другой лініі абароны, і гітлераўцы, якія заселі ў першай, практычна адступіць не маглі. Вось яна — варожая траншэя. Байцы з крыкам «ура!» уступілі ў рукапашную.

Першым у траншэі Мачалаў убачыў немца, які сядзеў на кукішках спінай да яго і страляў чаргой з аўтамата. «I нашых, і сваіх, гад, б’е без разбору!» — паспеў падумаць старшы лейтэнант і кароткай чаргой скасіў фашыста. У траншэі завязалася жорсткая сутычка. Кароткія аўтаматныя чэргі і адзінкавыя стрэлы перамяшаліся з лютымі крыкамі, стогнамі параненых, глухімі і цяжкімі ўдарамі прыкладаў.