— Дзяцей карміць няма чым, вось і хадзіла бульбачкі ды мукі папрасіць.
— Бульбачкі кажаш?
Марфа Сцяпанаўна разумела, што варта Грышку толькі зазірнуць у пограб, як ён убачыць, што ў Мачалавай там мяшкі чатыры бульбы набярэцца, і каб ён не здагадаўся зрабіць гэта, зноў пайшла ў атаку:
— І чаго гэты ты Грышка шкодны такі, да сваіх жа людзей чапляешся?
— Я да сваіх не чапляюся, а ў вёсцы амаль нікога за свайго не лічу. Навядзём мы хутка тут парадак, вось тады толькі адны свае і застануцца.
— Вось ты выпіў сёння, — міралюбна прагаварыла Крайнюк, — а закусіў, відаць, дрэнна і нясеш абы-што…
— А ты мяне не вучы, баба, не вучы! Ведаю, чым мне закусваць, — і раптам усміхнуўся нейкай брыдкай усмешкай, — а ці ведаеш ты, чаму ў мяне морда ў бакі раздалася? Не, не ведаеш! А ўсё таму, што пры Саветах усе і, у першую чаргу яе Пецька, мяне па галаве білі зверху, вось пыса. ха-ха, у бакі і раздалася.
— Ніхто цябе пальцам не чапаў. Я дык ведаю.
— Нічога ты не разумееш, цёмная старая. Я маю на ўвазе, што маральна білі, разумееш, — і ён пакруціў каля яе твару пальцам. Ну, добра, забалбатаўся я тут, пайду прагуляюся. Пакуль, мільтонша, сякеру я табе ўзгадаю, ох узгадаю! — і Мірэйчык выйшаў з хаты.
Таццяна, дрыжучы ўсім целам, павольна апусцілася на лаву і, закрыўшы твар рукамі, заплакала. Юля і Ваня абступілі яе і моўчкі гладзілі па валасах.
Марфа Сцяпанаўна села побач:
— Ну, ну, не хвалюйся. Адпіў ён мазгі, вось і брэша, што на язык патрапіць. Проста табе трэба быць з ім асцярожней, радзей на вочы трапляцца гэтаму быку. Я схаджу да яго бацькоў яшчэ раз і пагавару. Хоць ім і не падабаюцца такія гутаркі, але павінны ж яны ведаць, што ён вытварае…
У гэты дзень Марфа Сцяпанаўна затрымалася ў Мачалавых дапазна, а калі сабралася ісці, Таня папрасіла:
— Цётка Марфа, пераначуйце ў нас. Я, далібог, баюся, што ён уначы прыйдзе.
— Ну, добра, добра, я пераначую, ды і самой мне будзе весялей, толькі схаджу параюся з Петрусём. — Яна пайшла, але хутка вярнулася, і яны адразу ж ляглі спаць.
Пад раніцу ў іх акенца хтосьці пастукаў. «Няўжо Грышка?» — адначасова падумалі жанчыны.
— Калі гэта ён, больш не вытрымаю, заб’ю яго! — дрыготкім ад лютасці голасам сказала Таня. Узяла на стале вялікі кухонны нож і выйшла ў сенцы:
— Хто там?
— Гэта я, Пятрусь! Адкрый, дачка.
Ён моўчкі ўвайшоў у хату і толькі тады загаварыў:
— Так, кажаш, гэты руды скулаварот цікавіўся, чаго ты да мяне хадзіла? Шпіёніць, зараза.
Таццяна здагадалася, што дзед Патрусь ведае пра тое, што здарылася, са слоў Марфы Сцяпанаўны, і ціха сказала:
— Так, пытаў. Я адказала, што бульбы хадзіла да вас прасіць.
— Гэты правільна сказала, але бульба ў цябе ёсць.
— Ну і што ж? — не зразумела Таццяна.
— А тое, што ён можа прыйсці і праверыць, ці ёсць у цябе бульба. Тым больш што ўвечар да яго на трох санях прыехалі паліцаі. Ён паказаў ім хату, у якой Косця Старадумаў жыве. Яны забралі хлопца, пасадзілі ў сані і павезлі. Можа, што вынюхалі пра лістоўку. Двое апранутых у цывільнае засталіся. Іх Грышка вадзіў у гэты бок, і я ўпэўнены, што ён паказваў тваю хату, толькі пасля гэтага яны з’ехалі.
— Што ж гэта значыць? — разгублена спытала Таня.
— А тое, што табе неабходна быць гатовай да ўсяго. Па-першае, трэба, як мне здаецца, дзяцей у Марфы трымаць. Калі раптам прыедуць па цябе, то Марфа іх можа паціху да каго-небудзь адвесці, а па-другое, трэба ўсю бульбу зараз жа да Марфы ў склеп перанесці. Калі Грышка, ці яго сябрукі, ці немцы правераць твой склеп, то пераканаюцца, што ў цябе бульбы няма, значыць, ты і сапраўды да мяне прыходзіла бульбы прасіць.
Жанчыны не спрачаліся і, накінуўшы на сябе, што патрапіла, узялі мяшкі і разам з Петрусём насыпалі ў іх бульбу і насілі ў хату Крайнюкоў. Да світанку праца была скончана.
Прайшло яшчэ тры дні. У вёсцы ўсё заставалася па-ранейшаму, калі не лічыць асцярожных гутарак сярод жыхароў пра Косцю Старадумава, сямнаццацігадовага хлопца, які адважыўся абараніць ад п’янага Мірэйчыка суседскую дзяўчыну Аню Лапатку. Мірэйчык убачыў Аню, калі яна праходзіла міма яго хаты. Выскачыў і пачаў цягнуць яе да сябе ў двор. Дзяўчына стала крычаць. Гэта пачуў Косця. Ён падскочыў да Грышкі і на вачах у суседзяў адабраў дзяўчыну. На шчасце, у паліцая пры сабе не было вінтоўкі, і Косця з Аняй уцяклі. І вось Старадумава схапілі і павезлі ў райцэнтр.
Яго маці плакала і прасіла Грышку дапамагчы сыну, але ён не стаў яе слухаць і выгнаў з хаты. Тады Старадумава паехала ў райцэнтр, але так нічога і не даведалася пра лёс Косці.