Выбрать главу

І раптам усю вёску абляцела страшная вестка. Косцю за тое, што ён нібы быў партызанам і распаўсюджваў лістоўкі, немцы павесілі на цэнтральнай плошчы раённага цэнтра.

Напалоханыя людзі стараліся абыходзіць бокам Мірэйчыка і яшчэ двух паліцаяў, якія жылі ў вёсцы.

А Грышка хадзіў з вінтоўкай за плячамі і выхваляўся: «Нічога, навядзём мы тут парадак. Зацягнем дзясятак-другі на шыбеніцу, адразу астатнія нашу ўладу паважаць стануць».

А на наступную ноч, перад світанкам, у хату Мачалавай пастукаўся дзед Пятрусь:

— Збірайся, дачка, аднясеш партызанам скрутак, а то ногі падвялі мяне, ісці не могуць, а раніцай у лесе будзе чакаць мяне чалавек. Я мінулы раз дамовіўся, што калі я не змагу, то прыйдзеш ты.

— А як я знайду яго?

— Вельмі проста. Ведаеш, дзе да вайны вузкакалейку да тарфянішча будавалі?

— Гэта тую, што не паспелі дабудаваць? Ведаю.

— Падыдзеш да месца праз раўчук і чакай. Да цябе падыдзе Антон ці хто-небудзь з хлопцаў, якія разам з ім былі. Скажаш, што я прыхварэў, аддасі скрутак і вернешся ў вёску. На ўсякі выпадак перад тым, як выйсці з лесу, наламай галля. Калі і сустрэнецца хто-небудзь, то скажаш, па дровы хадзіла.

— Я ўсё зразумела. Зараз апрануся і пайду.

Таня радавалася, што дзед стрымаў слова і даручыў ёй справу.

Марфа Сцяпанаўна зачыніла за ёй дзверы, і Таня выйшла на вуліцу. На вуліцы было цёмна і віхурна. Вецер ледзь не збіў яе з ног, калі ішла праз поле да лесу. «Гэта добра, што такое надвор’е, — думала яна, — снег і вецер адразу ж замятуць сляды».

Ісці было кіламетраў пяць, але дарогу Таццяна памятала добра. У тым боку звычайна расло шмат грыбоў і ягад, і яна да вайны разам з мужам хадзіла туды. А калі пачалі будаваць торфапрадпрыемства і цягнуць да яго вузкакалейку, вадзіла туды на экскурсію вучняў. Яна вырашыла на дарогу не выходзіць і падалася напрасткі.

Ісці было цяжка. Валёнкі амаль цалкам правальваліся ў снег. Таня ўжо і не памятала, калі ёй даводзілася ісці вось так, патанаючы ў снезе. Яна разагрэлася, змакрэла і калі нарэшце дабралася да месца сустрэчы, то валілася ад стомы. Перад ёй у цьмяным ранішнім святле быў недабудаваны мост, а чыгуначнай каляіны не было відаць. Усё засыпаў снег. У абодва бакі ішла роўная прасека, якая была і высечана для вузкакалейкі. Таццяна, прагна хапаючы ротам марознае паветра, агледзелася. Вецер сціх, снег таксама перастаў ісці, і вакол стаяла цішыня: ні крыку птушкі, ні свісту ветру, ні трэску сучка, і раптам у гэтай цішыні зімовага лесу пачуўся голас:

— Дабрыдзень! Даўно чакаеце?

Мачалава рэзка абярнулася. Каля велізарнай хвоі яна ўбачыла хлопца і адразу пазнала яго. Гэта ён разам з Антонам прынёс свайго параненага таварыша ў вёску. Таццяна Андрэеўна паспрабавала ўспомніць яго імя, але так і не змагла.

— Добрай раніцы! Я толькі што прыйшла.

— А дзед Пятрусь захварэў, ці што?

— Ды адчувае штосьці сябе не вельмі, таму і даручыў мне перадаць вам вось гэта, — яна працягнула хлопцу скрутак. — Скажы, ты не вучыўся ў школе, дзе я працавала?

— Не, я ў горадзе жыў.

Таццяна хацела спытаць яго прозвішча, але раздумала, пабаялася, як бы хлопец не палічыў яе цікаўнай.

Праз некалькі хвілін яны развіталіся і разышліся ў розныя бакі.

Мачалава ішла па сваім яшчэ не засыпаным снегам следзе, разважаючы над тым, дзе яна магла раней сустракаць гэтага хлопца. Ведала б яна, што гэта быў Валодзя Славін — стрыечны брат яе мужа. Але яна бачыла яго толькі тройчы, прычым апошні раз, калі Валодзю было дванаццаць гадоў. Хлопец за гэты час не толькі вырас, але і моцна змяніўся. Не ведала Таццяна Андрэеўна і таго, што ў скрутку, які яна перадала Славіну, акрамя лекаў была запіска дзеда Петруся. У ёй ён паведамляў камандзіру атрада дадзеныя пра нямецкія войскі, а таксама прасіў засцерагчы Мачалаву ад паліцая Мірэйчыка.

Недалёка ад ускрайку лесу яна набрала сухіх галін, зламала некалькі сухіх тоненькіх дрэўцаў і накіравалася да вёскі.

Неўзабаве Мачалава была дома. А праз два дні ў вёсцы пайшоў слых: знік паліцай Мірэйчык. Яго бачылі напярэдадні як заўсёды п’яным, а потым ён знік. Жыхары маглі толькі здагадвацца, што ён апынуўся ў руках партызан. Так яно і было. Грышку выкралі партызаны і аддалі суроваму суду.

Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін

Наступіла лета 1943 года. Гітлераўцы ўзмоцнена рыхтаваліся да новай аперацыі ў раёне Белгарада і Курска. Аднак становішча ў тыле акупантаў было неспрыяльным. Партызаны не давалі ім жыцця ні днём ні ўначы. Пачасціліся дыверсіі на чыгуначных вузлах. Народныя мсціўцы ўзрывалі масты. Пад адхон ляцелі эшалоны з гаручым, ваеннай тэхнікай і жывой сілай рэйха.