Выбрать главу

Для знішчэння партызан гітлераўскае камандаванне накіравала рэгулярныя войскі, у тым ліку танкавыя, артылерыйскія і авіяцыйныя злучэнні.

Партызаны тым часам вялі знясільваючыя блакадныя баі.

Атрад, у якім знаходзіўся Славін, таксама апынуўся ў цяжкіх умовах. Да гэтага часу Уладзімір ужо асвоіўся ў атрадзе. Сціплы і ціхі, ён зусім мяняўся ў баявой абстаноўцы. Валодзя быў падрыўніком, але ў апошні час яго сталі часта пасылаць і ў разведку. Хлопцу гэта падабалася.

Аднойчы, у перапынку паміж баямі, да Уладзіміра падышоў сакратар камсамольскай арганізацыі Косця Царык:

— Славін! Час табе ў камсамол уступаць!

— Мне? — ад нечаканасці Уладзімір збянтэжыўся.

— Табе. Ваюеш ты адважна, іншым добры прыклад падаеш. Сам жа казаў, што ў школе не паспеў уступіць у камсамол, вайна перашкодзіла. Ну, а цяпер мы лічым, што ты цалкам заслужыў гэта. Так што бяры рэкамендацыі і пішы заяву.

— Дзякуй, — толькі і мог прагаварыць Уладзімір, а сам падумаў пра бацькоў. Як бы яны ўзрадаваліся!

Праз некалькі дзён група Крайнюка накіравалася выконваць новае заданне. Партызаны павінны былі падарваць у некалькіх месцах чыгуначную магістраль, а затым ісці на новую стаянку атрада, куды ён атрымаў загад перадыслакавацца.

Для Валодзі ўдзел у новай аперацыі быў не проста баявым заданнем, а як бы іспыт на вытрымку, вынослівасць, на права звацца камсамольцам.

Ішлі амаль увесь дзень. Нарэшце падышлі да чыгункі.

Крайнюк загадаў усім адпачываць, а сам, узяўшы з сабой Славіна, накіраваўся ў разведку. Да дарогі яны дабраліся з боку зарослага хмызняком балота. Міма іх на вялікай хуткасці пракаціўся бронецягнік, затым цяжка гружаны таварняк, праз дваццаць хвілін бронецягнік прайшоў назад. Крайнюк уважліва вывучаў падыходы да дарогі. Разгарнуў карту, штосьці адзначыў на ёй.

— Давай паглядзім, як ахоўваецца дарога паўднёвей, — прапанаваў ён Уладзіміру.

Яны зноў паглыбіліся ў лес, падышлі да дарогі кіламетры праз два лявей. Чыгуначная каляіна пралягла ў гэтым месцы па высокім насыпе, і Крайнюк быў задаволены:

— Глядзі! Калі ў гэтым месцы рванём, то будзе куды вагонам скочвацца. Давай пройдзем далей, за паварот. Там павінен быць невялікі мост.

Яны адышлі ў глыбіню лесу і, зрабіўшы крук, зноў апынуліся каля насыпу. Сапраўды, як і меркаваў Антон, у гэтым месцы дарога праходзіла па невялікім мосце, які быў перакінуты праз рэчышча маленькай рачулкі. Рака даўно высахла, і зараз пад мостам мясцовыя сяляне свабодна праязджалі на падводах. Крайнюк разумеў, што немцы не маглі пакінуць гэты ўчастак без аховы, і таму вырашыў высветліць, ці няма тут паблізу засады. Міма іх на малым ходзе зноў прайшоў бронецягнік. Ствалы гармат і кулямётаў панура глядзелі ў бок лесу. Браняваная махіна пхала перад сабой тры адкрытыя платформы. Першыя дзве былі загружаны пяском, на трэцяй размяшчаліся шасціствольныя мінамёты, абкладзеныя з двух бакоў мяшкамі з пяском.

— Так-а, справунькі, — збянтэжана прагаварыў Крайнюк, паглядаючы на дарогу.

Праз дзесяць хвілін пранёсся таварняк. Неўзабаве бронецягнік пайшоў назад. І раптам яны ўбачылі, як да моста падкаціла мотадрызіна. З яе выйшла шасцёра салдат — пяць аўтаматчыкаў, адзін кулямётчык. Усе схаваліся ў хмызняку метрах у пяцідзесяці ад месца, дзе стаіліся партызаны. Дрызіна прастаяла з хвіліну, затым рушыла назад.

Крайнюк даў знак Славіну адпаўзаць назад і сам вужом праслізнуў за куст. Уладзімір папоўз за ім.

Крайнюк сказаў:

— Давай адыдзем за паварот, перасячом дарогу і з таго боку паглядзім, дзе размясцілася засада.

На другім боку дарогі разведчыкі хутка выявілі немцаў. Тыя якраз устанаўлівалі кулямёт, ламалі галінкі для падсцілкі.

— Бач ты! Камфорт любяць, гады, — прабурчаў Антон, — зямля сухая, а яны ўсё адно галінкі пад пуза.

Неўзабаве ў Крайнюка выспеў план. Ён падаў знак Славіну адыходзіць. Ужо сцямнела, калі яны вярнуліся да сваіх.

У групе было трыццаць чалавек, і Крайнюк вырашыў неадкладна правесці інструктаж. Сабраліся на невялікай паляне. У цемры людзі не бачылі адзін аднаго, хоць і сядзелі побач. Камандзір разбіў атрад на тры групы. Першыя чатыры чалавекі павінны былі выйсці да таго месца, дзе дарога праходзіла па роўным нізкім участку.

— Пра вашу задачу я скажу крыху пазней, — растлумачыў Крайнюк, звяртаючыся да першай групы. — Другая група, у складзе дзевяці чалавек, адправіцца да высокага насыпу. Старшым прызначаю Славіна. Валодзя, ты добра запомніў тое месца?