Яны ўвайшлі ў хату, Таццяна сцісла расказала пра сустрэчу і адразу ж легла спаць. Яна не чула, як прачнуліся дзеці. Марфа Сцяпанаўна пакарміла і выправадзіла іх у двор.
А Таццяне прысніўся муж. Ён стаяў недалёка ад калгаснага хлява, міма якога яна нядаўна праходзіла, і ўсміхаўся. Яна захацела падбегчы да яго, але Пётр раптам нейкім зусім незнаёмым голасам гучна спытаў:
— Хто ёсць дома?
«Няўжо ён мяне не пазнае?» — здзівілася Таня і вырашыла паклікаць мужа, але тут прачнулася ад моцнага штуршка ў плячо. Хтосьці груба сказаў:
— Ну чаго разляглася? На дварэ ўжо дзень даўно, а яна ў ложку валяецца! Падымайся!
Мачалава здрыганулася і адкрыла вочы. Над ёй стаяў паліцай Юшэвіч. Ён быў сябрам Мірэвіча, але пасля знікнення Грышкі крыху прыцішэў і паводзіў сябе больш асцярожна. Таня села і адразу ж убачыла, што, акрамя паліцая, у хаце знаходзяцца двое немцаў з аўтаматамі. У куце, прыціснуўшыся да Марфы Сцяпанаўны, — Юля і Ваня. Яны моўчкі сачылі спалоханымі вачамі за тым, што адбываецца ў хаце.
Адзін немец рэзка сказаў: «Шнель, шнель!» Паліцай зноў груба штурхнуў Таню ў плячо:
— Ну, чаго чакаеш? Хочаш, каб я цябе за кудлы выцягнуў? Апранайся і выходзь са сваёй кодлай на вуліцу. Немцы з вамі гаварыць хочуць.
Таццяна дрыготкімі рукамі пацягнулася да спінкі ложка, узяла сукенку і, нацягваючы яе на сябе, падумала:
«Што здарылася? Няўжо высачылі мяне? Госпадзі, калі гэта так, то тады канец! Як жа дзяцей выратаваць?» На ўсякі выпадак спытала ў паліцая:
— Скажы хоць, што здарылася?
— Убачыш, шкура чырвоная! Выходзь, а то прыкладам дапамагу!
Дзеці падскочылі да Таццяны Андрэеўны.
— Мама, мамачка, мне страшна, ён заб’е нас! — са страхам сказала Юля і прыціснулася да матчынай рукі.
Мачалава абняла дзяцей і стала супакойваць іх:
— Ну што вы, дзеткі, не хвалюйцеся, усё будзе добра.
Яны пайшлі да дзвярэй, а паліцай пхнуў у бок Марфу Сцяпанаўну:
— А ты, старэбіна, чаго сядзіш? Марш з хаты!
Яны выйшлі ў двор, немцы падштурхоўвалі іх прыкладамі — на вуліцу.
Таня, убачыўшы, што па вуліцы міма яе хаты гоняць і іншых жыхароў вёскі, трохі супакоілася: «Значыць, не высачылі мяне. Усіх гоняць у поле».
Яна адшукала вачамі суседку і паклікала яе:
— Цётка Марфа, ідзіце да нас, — і, пачакаўшы, калі яна падыдзе, дадала: — Будзем разам трымацца. Не разумею толькі, адкуль немцы ўзяліся?
— На машынах прыехалі, вунь іх колькі, паглядзі.
Таццяна азірнулася і на другім канцы вёскі ўбачыла пяць ці шэсць грузавікоў.
Немцы строілі людзей у калону і гналі пасярэдзіне вуліцы, а самі з аўтаматамі напагатоў ішлі па баках уздоўж платоў. Мачалавых і Крайнюк заштурхалі ў калону. Людзі неспакойна перагаворваліся, круцілі галовамі, імкнуліся, выцягнуўшы шыі, паглядзець наперад, дзе на чале калоны ішлі з немцамі чацвёра паліцаяў.
Непадалёк ад Мачалавых да суседскага чатырнаццацігадовага хлопца Толі Лазебнага падбег дварняк, у яго на шыі боўтаўся абрывак вяроўкі. Відавочна, ён сарваўся з прывязі і, адшукаўшы ў натоўпе гаспадара, радасна павіскваючы, заскакаў каля яго. Але тут у натоўп уварваўся здаравенны з закасанымі рукавамі немец. Ён штосьці люта пракрычаў і моцна стукнуў падкаваным ботам сабаку. Той з віскам адляцеў да плота і зваліўся на спіну. Немец, не даючы яму падняцца, ускінуў аўтамат, і ў нечаканай цішыні злавесна грукнуў стрэл. Сабачка, падскокнуўшы на лапы, тут жа зваліўся на зямлю. З яго галавы на пыльную дарогу пацякла кроў, якая здавалася чорнай.
Людзі застылі ад гэтай вар’яцкай жорсткасці, а Толя рвануўся да немца:
— За што ты яе, фашыст пракляты!
Добра, што побач апынуўся дзед Пятрусь. Ён схапіў хлопца за рукі:
— Толечка, цішэй, супакойся, а то ён і цябе! Бачыш, ён ужо ў цябе цаляе. Для яго ж што сабака, што чалавек — адно і тое ж. Што возьмеш з гада?
Пачуліся крыкі. Гэта немцы падганялі людзей, патрабуючы, каб яны ішлі наперад. Неўзабаве калона была ў полі, і Таня ўбачыла, што іх вядуць да хлява, міма якога яна праходзіла перад світанкам. Тых, хто прыпыняўся ля шырока расчыненых дзвярэй, немцы бесцырымонна падштурхоўвалі прыкладамі.
Яны апынуліся ў вялікім хляве, які хутка запаўнялі людзьмі. Неўзабаве ўсе жыхары вёскі знаходзіліся ў ім. Са скрыпам зачыніліся дзверы. Тыя, хто знаходзіўся бліжэй да выхаду, праз невялікія шчыліны ўбачылі, што немцы павесілі на дзверы замок і сталі падпіраць іх тоўстымі доўгімі каламі.
Людзі яшчэ больш занепакоіліся, выказваючы розныя здагадкі:
— Навошта яны нас сюды сагналі?
— Можа, дабро наша хочуць забраць, дык і так ужо ўсё адабралі?..