Не ведала ў гэты момант Таццяна Андрэеўна, што, акрамя яе сям’і і аднаго пятнаццацігадовага хлопца, не выратаваўся больш ніхто. У той час, як яна, знясіленая і прыдушаная горам, якое зваліліся на вёску, рыдала, немцы адшуквалі ў густой траве, мёртвых і параненых, цягнулі да хлява, што яшчэ працягваў гарэць і кідалі ў агонь.
І толькі пазней, калі пройдзе нямала часу, успамінаючы гэты жудасны малюнак, Таццяна Андрэеўна будзе заўсёды памятаць чатырнаццацігадовага хлопца Толю Лазебнага, які нават у безнадзейнай сітуацыі знайшоў у сабе незвычайныя сілы, каб заклікаць людзей да супраціўлення. Гэта яму заўсёды будзе ўдзячная сям’я Мачалавых і іх аднавясковец Міша Лукашэвіч за выратаванне, за тое, што яны працягвалі жыць на ласкавай, асветленай сонцам зямлі.
Капітан Мачалаў
Капітан Мачалаў напружана аглядаў праз бінокль мясцовасць перад пазіцыямі яго роты. Поле было роўнае, і, вядома, да сустрэчы з танкамі трэба быць гатовымі.
Ззаду роты, на невялікім узвышшы, у рэдкім хмызняку размясцілася процітанкавая батарэя, а крыху лявей, таксама за пазіцыямі роты, у невялікай лагчыне, ля раўчука, пад маскіровачнымі сеткамі, схаваліся ў засадзе пяць «Т-34». Мачалаў ужо каторы раз прыкідваў, ці правільна ён размясціў свае сілы.
Упершыню за доўгія месяцы вайны ён меў амаль цалкам укамплектаваную роту.
Салдаты былі нядрэнна ўзброены, у многіх замест вінтовак — аўтаматы. Некалькі дзён назад на полі сапёры ставілі процітанкавыя і проціпяхотныя міны. Гэта ўсё ўлічваў камандзір роты.
У цэнтры, на невялікім аддаленні адзін ад аднаго, былі ўстаноўлены «максімы» — гэта для таго, каб сустрэць пяхоту ворага шчыльным агнём. Не забыў ён і флангі, разумеючы, што флангавым агнём лепш за ўсё адсякаць пяхоту ад танкаў. Бранябойшчыкам ставіў задачу сам. Мачалаў быў упэўнены, што калі першыя танкі немцаў напоруцца на міны, то наступныя за імі, напэўна, паспрабуюць прайсці ў іншым месцы, а гэта значыць, павернуцца бартамі да нашых пазіцый. Вось тады бранябойшчыкі не павінны драмаць.
Мачалаў адарваўся ад бінокля і зірнуў па баках. Байцы працягвалі трывожна глядзець наперад, і ўжо не ўпершыню Пётр падумаў пра навабранцаў: «Толькі б не завагаліся, не спалохаліся!» Колькі часу ў яго самога і камандзіраў узводаў пайшло на навучанне і гутаркі з тымі, хто быў упершыню на перадавой.
Жахлівая машына вайны перамолвала велізарныя сілы. Колькі людзей ужо страціў за час баёў ён, камандзір роты! А колькі батальён, полк, дывізія, уся армія!
Праўда, яму самому пакуль шанцавала. Пасля вяртання са шпіталя, ужо больш як паўгода, — ні драпіны. Паспеў атрымаць ордэн Чырвонай Зоркі, а два дні назад прыйшоў загад аб прысваенні яму звання капітана.
Мачалаў задумаўся і не адразу заўважыў, што злева і справа ад пазіцый іх батальёна пачаўся бой. Толькі тут пакуль было ціха. Лёгкі ветрык прыносіў з палёў пах кветак, сена і яшчэ начную прыемную свежасць.
Раптам ён пачуў, як мацюкнуўся Кісліцкі. Пасля свайго любімага выразу ён тут жа звярнуўся да камандзіра роты:
— Таварыш капітан, зірніце, ідуць, сволачы!
Удалечыні ў шахматным парадку рухаліся квадратныя каробкі танкаў. За імі, нібы зялёныя «аловачкі» — пяхота. Танкаў было шмат, і чым бліжэй яны падыходзілі, тым станавіліся ўсё большага памеру. Мачалаў паднёс да вачэй бінокль. Ён упершыню бачыў гэтыя машыны. Яны былі велізарныя, вуглаватыя і нязграбныя. Калі танкі наблізіліся, Мачалаў зразумеў, што такімі іх робіць трывалая і тоўстая бранявая абарона.
«Вось яны якія — „тыгры“!» — падумаў Мачалаў, спрабуючы вызначыць, колькі машын прыйдзецца на яго роту.
За «тыграмі» рухаліся аўтаматчыкі. Ішлі ўпэўнена, падкасаўшы рукавы, — якраз як у сорак першым.
Мачалаў перадаў па ланцугу, каб без каманды не стралялі.
А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. І тут ззаду грукнуў залп. Гэта процітанкавая батарэя адкрыла агонь. Нібы чорныя грыбы, выраслі выбухі. Але ніводзін танк не быў пашкоджаны. Стукнуў другі залп — і зноў ніякіх вынікаў.
— Гэй, мазілы, акуляры надзеньце! — закрычаў Кісліцкі, звяртаючыся да танкістаў.
А тыя, напэўна, «акуляры надзелі», таму што пасля трэцяга залпу адзін танк раптам аказаўся без вежы, а ў другога была перабіта гусеніца. Ён тут жа павярнуўся бокам і адразу ж атрымаў у яго снарад, задыміўся.
«А што, Зісы „тыграў“ б’юць цудоўна!» — захоплена падумаў Мачалаў пра новыя гарматы, якія нядаўна пачалі паступаць на фронт. Танкі таксама адкрылі агонь. Зараз ужо капітан мог сапраўды вызначыць — на яго роту насоўваецца дзевяць танкаў. Дзевяць браніраваных крэпасцей на гусенічным хаду, ведучы агонь з гармат і кулямётаў, ішлі на пазіцыі роты. Мачалаў даў каманду: «Агонь!» Доўга і злосна страчылі кулямёты, у іх грукаце танулі кароткія чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак, чуліся звонкія і выразныя стрэлы процітанкавых ружжаў.