— Ну выдатна ты, Эдуард, пекануў таго «тыгра»! Трэба ж кропля ў кроплю ў матор патрапіць!
— Умець трэба, — важна адказаў Кісліцкі і раптам спытаў: — А ці ведаеш ты, што такое «кропля ў кроплю»?
— Не, не ведаю.
— Гэта штосьці з інтымнага жыцця ліліпутаў, — растлумачыў пад смех таварышаў Кісліцкі і дадаў: — Ды табе не ліліпут, а навальніца фашысцкіх танкаў. Запомні!
— Таварыш капітан, — пачуў Мачалаў голас тэлефаніста, — вас камандзір палка выклікае.
Пакуль Мачалаў ішоў да паўразбуранага бліндажа, паспеў падумаць пра тэлефаніста. «Замучыўся ён сёння, небарака, бадай раз дзесяць, не менш, давялося сувязь аднаўляць».
Узяў трубку і тут жа пачуў голас камандзіра палка. Грыдзін сказаў: «Мачалаў, пакінь за сябе Севярынава і прыходзь да мяне!»
Да штаба палка ісці было недалёка, і Мачалаў не спяшаючыся ішоў па вузенькай сцяжынцы. Пасля гарачага напружанага дня добра дыхалася свежым астываючым паветрам, прыемна было слухаць цішыню, якую, праўда, парушала далёкая артылерыйская кананада. Дзесьці там, за гарызонтам, ішоў бой. Мачалаў не ведаў, што немцам у многіх месцах удалося ўклініцца, а дзе-нідзе і прарваць нашу абарону. Капітан падняўся на невысокі пагорак і, зірнуўшы ў бок невялікай вёсачкі, дзе размяшчаўся штаб палка, здзіўлена прысвіснуў. Амаль уся вёска была знішчана.
«Як жа штаб палка ацалеў?» — падумаў ён, спускаючыся з пагорка.
На ўскраіне вёскі насустрач Мачалаву ішлі дзве жанчыны. Пётр, не зважаючы, хацеў прайсці міма, але тут адна з іх спынілася і ціха спытала:
— Мачалаў? Пётр Пятровіч?
Капітан здзіўлена зірнуў на жанчыну. Перад ім стаяла Васілеўская. Схуднелая, са стомленымі і сумнымі вачамі, яна глядзела на яго, нібы баючыся, што памылілася.
— Вольга Ільінічна, — узрадаваўся Мачалаў, — адкуль вы? Як тут апынуліся?
Яна працягнула яму руку:
— Дабрыдзень, Пётр Пятровіч! Як я рада, што сустрэла вас!
Апошняя фраза вылецела ў яе нечакана. Вольга Ільінічна, збянтэжыўшыся, пачырванела, але тут жа растлумачыла:
— Наш шпіталь за вёскай у лесе размясціўся.
Разгаварыліся. Васілеўская расказала і пра сваё новае гора: амаль тры месяцы назад пад Ленінградам загінуў муж. Імкнучыся схаваць у вачах страшны боль, які душыў яе, яна паспешна спытала:
— Ну, што ў вас чуваць? Пра сям’ю нічога не даведаліся?
— Не, пакуль нічога. Камандзір палка напісаў у штаб партызанскага руху, папрасіў высветліць праз партызанскія атрады, але пакуль адказу няма.
Пётр спахапіўся, успомніў пра выклік да камандзіра палка. Яны абмяняліся нумарамі палявой пошты і дамовіліся, што будуць пісаць адно аднаму. Развітваючыся, Вольга Ільінічна сказала:
— Вы мне абавязкова напішыце, калі даведаецеся пра сям’ю, абавязкова! — і, зрабіўшы невялікую паўзу, дадала: — Мне так хочацца, каб у вас усё было добра.
Мачалаў ішоў па пыльнай вуліцы вёскі, амаль цалкам знішчанай варожай авіяцыяй. Радасць сустрэчы з Васілеўскай змяшалася з панурымі, трывожнымі думкамі пра дзяцей і жонку.
А на зямлю апускалася ноч. Мачалаў увайшоў у цудам ацалелую хату, дзе знаходзіўся штаб палка.
Грыдзін буркліва заўважыў:
— На валах ты, Мачалаў, дабіраўся сюды?
Капітан моўчкі зірнуў на падпалкоўніка і адвёў вочы. Яму не хацелася тлумачыць прычыну затрымкі. Дый Грыдзін не стаў чакаць тлумачэнняў. Ён запрасіў яго прысаджвацца і адразу ж перайшоў да справы:
— Прымай, Пётр Пятровіч, батальён.
— Як гэта прымаць? — не зразумеў Мачалаў.
— А вось так, — Грыдзін на імгненне горка ўсміхнуўся: — На вайне так і прымаюць. Загінуў камандзір, малодшы прымае камандаванне.
— Хто загінуў?
Мачалаву было страшна назваць прозвішча Тарасава.
— Так, Іван Іванавіч загінуў, — ціха растлумачыў Грыдзін і, адчуўшы, што боль па загінулым таварышы ўзмацняецца, грубавата сказаў: — Ты прызначаны камандзірам батальёна замест яго. Камандаванне прымай неадкладна. Раніцай бой.
Уладзімір Славін
Атрад атрымаў новае заданне. Уначы трэба было ўварвацца ў невялікае мястэчка, размешчанае ў сарака кіламетрах ад Мінска, знішчыць нямецкі гарнізон, захапіць здраднікаў Радзімы. Гэта былі паліцаі і старасты, якія беглі з вызваленых партызанамі вёсак і схаваліся пад крыло сваіх гаспадароў. Стала вядома, што нямецкае камандаванне мае намер блакіраваць мясцовыя лясы і знішчыць партызан. Вось тут і адводзілася галоўная роля здраднікам Радзімы як праваднікам. Яны добра ведалі навакольную мясцовасць.