— Чаго ты тут затрымаўся?! — злосна крыкнуў ён. — Не бачыш, як нашых паліваюць! А ты скачаш каля сценкі!
— Якія скокі? — пакрыўдзіўся Славін. — Яны кругавую занялі. Падыходы з гэтага боку таксама пад прыцэлам трымаюць.
— З чаго смаляць? — трохі астыўшы, спытаў Крайнюк.
— З вінтоўкі, праз акно. Высунуў я было галаву, дык ледзь без яе не застаўся.
Антон прылёг на зямлю, асцярожна вызірнуў з-за вугла. Яго не заўважылі. Аднак было зразумела, што бегчы ад хлява да хаты — значыць патрапіць пад кулю. Крайнюк павярнуўся да Славіна:
— Надзень на аўтамат пілотку. Падражні. А я паспрабую дастаць яго з гарышча, толькі дапамажы мне.
Славін упёрся рукамі ў бярвеністую сцяну, ледзь прысеў, падставіў Антону спіну. Той спрытна дабраўся да невялікага акенца, ледзь праціснуўся праз яго і схаваўся на гарышчы. Славін надзеў на ствол аўтамата пілотку і вярнуўся да вугла, з-за якога выглядаў. Ён трохі вычакаў, пакуль Крайнюк паспее прайсці да процілеглага канца хлява, і хацеў высунуць пілотку, але раптам хутчэй адчуў, чым пачуў, ззаду нейкі рух і рэзка абярнуўся. Да яго спяшалася старая.
— Сынок! Асцярожна! Там немцы.
— Гэта я паспеў ужо заўважыць, — усміхнуўся Славін. — Вы лепш скажыце, хто тут гаспадар хаты.
— Я — гаспадыня, галубок. Толькі сцеражыся — застрэляць.
— Акрамя немцаў, яшчэ хто-небудзь ёсць там?
— Адны яны там, адны. Ды паліцаі яшчэ. Мяне і дачку выгналі ўчора. У хлеў перабраліся.
— Гэта, вядома, дрэнна, што выгналі. А, з іншага боку, можа, і добра, — сказаў Уладзімір. — Вы, бабуля, хуценька бяжыце адгэтуль у агарод. Толькі старайцеся, каб хлеў затуляў вас, а то шалёная куля незнарок закране.
Толькі паспеў Уладзімір высунуць з-за хованкі пілотку, як куля прабіла яе наскрозь. У тое ж імгненне зверху дробна ўдарыў аўтамат. Славін выскачыў з-за хлява і накіраваўся да хаты. Ён разумеў, што Крайнюк прыкрые яго агнём.
Праз некалькі імгненняў Уладзімір апынуўся каля хаты, аббег яе, аўтамат павесіў на шыю, у рукі ўзяў па гранаце і вызірнуў з-за вугла: з вокнаў, якія выходзяць на вуліцу, фашысты бесперапынку стралялі па плошчы. Уладзімір злаўчыўся і кінуў лімонку ў тое акно, адкуль сыпаліся кулямётныя чэргі. Ён зрабіў яшчэ некалькі скачкоў, запусціў гранату ў іншае акно, дзе засела некалькі аўтаматчыкаў, а затым аббег хату і падскочыў да сенцаў. Прама на яго вылецеў мужчына. На ім была толькі даматканая ніжняя кашуля. Уладзімір ускінуў аўтамат:
— Рукі ўгару!
— Не страляйце! Я — свой.
— Марш да хлява! — загадаў Славін.
Яны падышлі да вугла хлява. Уладзімір гучна паклікаў гаспадыню:
— Бабуля, гэты чый будзе?
Бабулька зірнула на палоннага:
— Цьфу ты, бессаромнік! Хоць бы порткі надзеў! Паліцай ён. Старшы паліцай. Учора, нягоднік, суседскага хлапца лупцаваў пад п’яную руку. Прычапіўся, што той яму боты не захацеў чысціць.
— Ясна, бабуля, — Уладзімір паварушыў аўтаматам, — а ну, рукі трымай вышэй!
Падбег Крайнюк. Ён акінуў грэблівым поглядам палоннага:
— Гані яго да нашых. Там разбяромся.
Славін пхнуў аўтаматам паліцая:
— А ну, давай! Руш наперад, зануда галазадая!
Яны абмінулі хату і праз веснічкі выбраліся на вуліцу. Перастрэлка перанеслася ў глыб мястэчка. На плошчы ўсё яшчэ гарэлі нямецкія машыны. Злева, метрах у сямідзесяці пяці, Уладзімір убачыў чатырох партызан, якія спешна грузілі на калёсы трафейную зброю. Толькі загадаў ён здрадніку бегчы да гэтай групы, як той, войкнуўшы, паваліўся на зямлю. Ці то партызанская, ці то фашысцкая куля прабіла лоб паліцая. Так і застаўся ён ляжаць паўапрануты. «Сабаку — сабачая смерць!» Славін сплюнуў і кінуўся да сваіх байцоў, якія пачалі адводзіць у хованку загружаную фурманку.
А ў мястэчку працягваўся ўпарты бой. Нягледзячы на тое, што фашыстаў аказалася значна больш, чым меркавалася, партызаны вымусілі іх адступіць. Адстрэльваючыся, яны адыходзілі да ўскраіны мястэчка. Партызанам удалося захапіць сямёра здраднікаў. Праследаваць немцаў не мела ніякага сэнсу. Восьвось гітлераўцы маглі атрымаць падмацаванне.
Партызаны загрузілі некалькі фурманак, захопленых у ворага, зброяй і боепрыпасамі, паклалі на павозкі параненых, забралі загінулых таварышаў і рушылі ў лес. Заданне, хоць і з вялікімі стратамі, было выканана. Зараз трэба было хутчэй сыходзіць ад пагоні, якую, напэўна, раніцай арганізуюць немцы. Камандзір загадаў падрыўнікам замініраваць у некалькіх месцах мінскую шашу, а таксама закласці пару фугасаў на прасёлкавай дарозе, па якой пайшоў у лес атрад. Да ўзыходу сонца ён быў ужо далёка.