Выбрать главу

Не верачы, што паранены, Аляксей адшукваў вачамі месца, дзе павінен ляжаць фашыст, але туды з усіх бакоў кінуліся чырвонаармейцы, і неўзабаве лейтэнант убачыў, што яны вядуць палоннага дэсантніка. Толькі цяпер Аляксей паглядзеў на сваё правае плячо і спераду на гімнасцёрцы заўважыў цёмную пляму. «Паранены?» — мільганула думка, і галава злёгку закружылася, з’явілася непрыемнае адчуванне млоснасці.

Аляксей устаў, узяў вінтоўку ў левую руку і пайшоў да сваіх. А насустрач, прыгінаючыся, ужо бег лейтэнант Астрога:

— Што, Купрэйчык, паранены?

— Здаецца, трошкі ёсць, — вінавата ўсміхнуўся Аляксей. Ён сапраўды адчуў сябе вінаватым, што яшчэ не патрапіў на фронт, а паранены.

Пасля знішчэння групы дэсантнікаў камандзір вырашыў адправіць Аляксея ў горад. Але тым часам іх група сустрэлася з пяхотным палком. Камандзір палка, падпалкоўнік, занепакоены з’яўленнем варожага дэсанта, узяў іх групу пад сваё камандаванне, а параненага загадаў змясціць у санчасць.

Падзеі на фронце развіваліся хутка. Полк па радыё атрымаў каманду разгарнуць свае пазіцыі кіламетрах у трыццаці на ўсход ад таго месца, дзе знаходзіўся. Спецгрупу, у якую ўваходзіў Купрэйчык, камандзір палка адпусціў, а Аляксей застаўся ў санчасці. Вырашылі, што ён застанецца ў размяшчэнні палка да выздараўлення, а затым прыбудзе да месца службы сам.

Але здарылася так, што Купрэйчык застаўся ў палку. І немалую ролю ў гэтым адыграў маёр Міронаў — начальнік разведкі. Ён даведаўся, што Аляксей аператыўны работнік, раней служыў у пагранвойсках і пераканаў камандзіра пакінуць яго ў сваім распараджэнні. І калі рана ў Купрэйчыка загаілася, ён атрымаў узамен міліцэйскай формы агульнавайсковую, з лейтэнанцкімі квадратамі на пятліцах.

Неўзабаве полк, пасля кароткай сутычкі з ворагам, ізноў зняўся са сваіх пазіцый і пачаў адыходзіць на ўсход.

Купрэйчык стаяў побач з маёрам Міронавым. Яны абодва назіралі за рухам калон чырвонаармейцаў. Міронаў змрочна паглядаў на бясхмарнае блакітнае неба і ўжо які раз бурчэў:

— Адарвёмся ад лесу, і наляцяць, гады, далібог, наляцяць! Дакладваў падпалкоўніку, прасіў, як бацьку роднага, каб адыходзілі ўначы, дык жа, спасылаецца на загад.

Купрэйчык, крыху збляднелы і змарнелы за час хваробы, спытаў:

— Няўжо немцы паспелі за гэткі кароткі тэрмін падцягнуць такія сілы, што нам уцякаць трэба?

Маёр нічога не адказаў. Ён убачыў, як з лесу выехала чорная «эмка» камандзіра палка, і ціха сказаў:

— Пойдзем камандзіра сустрэнем, — і першым рушыў да пыльнай прасёлкавай дарогі, па якой усё ішлі і ішлі чырвонаармейцы.

Купрэйчык пайшоў побач з Міронавым. Яны былі падобныя адзін на аднаго. Абодва высокага росту, чарнавалосыя і каравокія.

Гэта, відавочна, заўважыў і камандзір палка, таму што, выйшаўшы з машыны, пажартаваў, звяртаючыся да маёра:

— Вы, Мікалай Кузьміч, напэўна, спецыяльна пакінулі лейтэнанта ў палку. Прыгледзішся да вас абодвух: ні даць ні ўзяць, родныя браты, нават хада аднолькавая?! — І спытаў у Купрэйчыка: — Як сябе адчуваеце?

— Дзякуй, таварыш падпалкоўнік, нармальна.

— Ну што ж, раз нармальна, значыць да бою гатовы.

— Так точна, гатовы.

— Чаго-чаго, а баёў на нас з табой хопіць.

— Пакуль амаль іх не было, таварыш падпалкоўнік. Калі шчыра сказаць, то не разумею, чаму мы адыходзіць павінны… — Гэтыя словы прагучалі ў Купрэйчыка неяк рэзка і сярдзіта.

Падпалкоўнік хмурна, аднымі куточкамі вуснаў усміхнуўся, паглядзеў чамусьці ўгару, на неба, затым зірнуў туды, дзе нядаўна стаялі каля грузавіка Міронаў і Купрэйчык, і толькі пасля гэтага неяк глуха і незадаволена адказаў:

— А ты гэтае пытанне задай камандуючаму ці ў Маскву патэлефануй у Наркамат абароны, а ў мяне, брат, не пытай, таму што не ведаю.

І не жадаючы больш на гэту тэму гаварыць, камандзір палка звярнуўся да Міронава:

— Разведка пайшла наперад па маршруце?

— Так точна, як было загадана.

— Сачыце, каб далёка не адрываліся, у любы момант маршрут можа быць зменены.

— Мяне паветра хвалюе.

— Мяне таксама, — перапыніў маёра камандзір, — наклікаеце!

Ён павярнуўся да начальніка штаба, які стаяў каля задніх дзверцаў машыны:

— Акім Іванавіч, прасачы, каб зенітчыкі і слухачы не драмалі, у любы момант могуць наляцець.

Міронаў спытаў:

— Дазволіце пачынаць рух і нам?

— Рух, маёр, пачынайце калі жадаеце, але мне інфармацыю пра становішча забяспечце.