Выбрать главу

Лёшачка, каханы, калі б ты ведаў, як пакутліва я перажываю нашу сустрэчу на тым паўстанку, калі цябе параненага павёз цягнік. Я зразумела, што гэта быў ты, толькі пасля таго, як ты з’ехаў. Вось і цяпер, успомніўшы пра гэта, плачу, як дурніца! Як жа я цябе тады не пазнала? Думала, што паранены жэстамі патрабуе хутчэй пагрузіць яго ў вагон.

Пасля гэтага да маіх пакутлівых чаканняў дадаўся пякучы боль за цябе. Куды я толькі не пісала! І вось, сёння, я ведаю твой адрас. Я нічога ў жыцці не хачу, акрамя аднаго — каб гэты ліст дайшоў да цябе.»

Далей Надзя апісвала, дзе яна, чым займаецца, прасіла падрабязней напісаць пра сябе.

Купрэйчык, скончыўшы чытаць, паднёс пісьмо да твару. Яму здавалася, што ён адчуваў пах яе рук. «Родная, ты аказалася шчаслівейшая за мяне! Колькі я пісаў з просьбай паведаміць мне твой адрас, а адказалі табе! Якое шчасце, што ты жывая і кахаеш мяне!»

Да яго падышоў, ледзь накульгваючы, Чыжык. Яшчэ адчувалася раненне ў нагу, але разведчык не змог вылежаць да канца і раней часу выпісаўся са шпіталя. Ён трывожна спытаў:

— Камандзір, што здарылася?

Купрэйчык, нібы ачнуўшыся, устаў з зямлі:

— Нічога, Ваня, усё ў парадку. Жонка знайшлася. Вось ліст атрымаў.

— Ну і як, жывая, здаровая?

— Так. Увесь гэты час шукала мяне і вось, бачыш, знайшла.

— Ну і дзякуй богу. Цябе камандзір палка выклікае.

Купрэйчык схаваў ліст у кішэню і праз хмызняк, напрасткі, пайшоў да штаба палка. Ён быў упэўнены, што атрымае новае заданне, але Васільеў, убачыўшы яго, сказаў:

— Паехалі, камдзіў збірае камандзіраў палкоў і начальнікаў разведак.

Яны селі ў патрапаны «віліс» і неўзабаве былі ў вёсцы, дзе размяшчаўся штаб дывізіі. Аказалася, што напярэдадні за лініяй абароны немцаў нечакана сутыкнуліся дзве групы разведчыкаў, якія былі пераапрануты ў нямецкую форму і належалі розным палкам. Завязалася перастрэлка. Двое былі забіты і трое паранены. Гэта было ЧП. Начальнік разведкі дывізіі быў пакараны, і цяпер кожны полк атрымаў указанне накіроўваць сваю разведку толькі ў паласу сваіх дзеянняў.

Пасля нарады Васільеў і Купрэйчык вярталіся ў полк тым жа шляхам. Па прыбыцці на месца Васільеў не адпусціў Купрэйчыка, і неўзабаве яны апынуліся ў прасторным, моцна складзеным бліндажы.

Ардынарац, маленькі вёрткі чырвонаармеец, разумеў Васільева з аднаго кіўка. Праз некалькі мінут на стале былі нарэзаная вялікімі кавалкамі каўбаса, адкрытыя нажом слоікі з кансервамі, хлеб.

Васільеў наліў у гранёныя шклянкі гарэлку:

— Ну, давай, Аляксей, за нашу перамогу!

Яны выпілі і пачалі закусваць. Раптам Купрэйчык успомніў пра ліст: «Трэба ж хутчэй даць адказ. Надзя, напэўна, гадзіны лічыць, калі яго атрымае, а я засеў, як у рэстаране». Апетыт адразу ж знік, і Купрэйчык пачаў шукаць падставу, як яму сысці. Праўда, і ў Васільева былі справы. Яны выпілі яшчэ па сто грамаў, і той, папярэдзіўшы Купрэйчыка, каб ён быў гатовы да вечара наступнага дня ісці на заданне, адпусціў яго.

Купрэйчык ледзь не подбегам накіраваўся да сябе, дзе адразу ж узяўся за ліст. Пісаў доўга, але калі скончыў, то зразумеў, што не напісаў нават паловы таго, што хацеў. Пастаяў у роздуме і вырашыў, што ўвечар напіша другі ліст. Склаў ліст у трыкутнік, працягнуў старшыне і загадаў неадкладна адправіць.

Усе разведчыкі ва ўзводзе ведалі, што ў камандзіра знайшлася жонка. Байцы радаваліся за Аляксея, асабліва «старыя», якім былі вядомыя яго перажыванні і нечаканыя сустрэчы з жонкай.

Ганчар адказаў «ёсць!», але перш чым сысці, сказаў:

— Камандзір, вас капітан Мухін пытаў. У полк прыбыло папаўненне, ён хоча з вамі і нам людзей падабраць.

Аляксей, паправіўшы на рэмені кабуру з трафейным «вальтарам», накіраваўся да Мухіна.

Такая паспешнасць была выклікана тым, што падчас апошніх баёў узвод страціў амаль палову людзей, і Купрэйчык ужо даўно патрабаваў папаўнення. І вось яно прыбыло, цяпер трэба спяшацца, каб першаму адабраць больш вопытных салдат.

Неўзабаве Купрэйчык і Мухін былі ў некалькіх кроках ад байцоў, якія стаялі на паляне ў дзве шарэнгі. Ішоў невялікі дождж. Было волка і прахалодна. Байцы, якія нядаўна здзейснілі па раскіслай дарозе шматкіламетровы марш, былі брудныя і панура маўчалі.

Купрэйчык моўчкі разглядаў іх. Г алоўным чынам маладыя, нядаўна прызваныя, у неразношаных чаравіках і новенькім абмундзіраванні.

Але былі тут і франтавікі, якія прыбылі са шпіталяў. Іх адразу вылучала паношаная, выгаралая на сонцы, але добра падагнаная форма.