Выбрать главу

Непадалёк стаяла група афіцэраў. Гэта былі прадстаўнікі батальёнаў і службаў палка. Але ўжо так заведзена: першай адбірае сабе папаўненне разведка, а ўсе іншыя — пасля.

Купрэйчык не спяшаючыся прайшоў уздоўж строя, павярнуўся і вярнуўся на сярэдзіну:

— Хто раней служыў у разведцы, тры крокі наперад!

З другой шарэнгі выйшаў гадоў дваццаці пяці баец.

Ён выразна і гучна далажыў:

— Сяржант Ражноў, прыбыў пасля ранення са шпіталя.

Сярэдняга росту, дужа збіты, з прамым адважным поглядам чорных вачэй. Шмат разоў мытая і цыраваная гімнасцёрка сядзела добра, на нагах немаведама як здабытыя ялавыя боты. На грудзях — медаль «За адвагу».

«Адчуваецца свой браток», — падумаў ухвальна Купрэйчык і звярнуўся да строя:

— Хто яшчэ служыў у разведцы?

Людзі маўчалі. Тады старшы лейтэнант задаў новае пытанне:

— Хто хоча служыць у разведцы — тры крокі наперад!

Шэрагі не зварухнуліся.

— Што, няма ахвотнікаў? Страшна? — усміхнуўся Купрэйчык.

— А што нас там чакае? — спытаў хтосьці з байцоў.

— На вайне ўсіх нас чакае адно і тое ж — бой, — адказаў старшы лейтэнант і, разумеючы, што людзей трэба чымсьці завабіць, дадаў: — Але ў разведцы служба асаблівая, таму і ўмовы асаблівыя: харчы лепшыя, паёк — асаблівы, у любое надвор’е, нават у такі дождж, — сто грамаў.

— А як наконт біяграфіі? — спытаў усё той жа голас.

Аляксей нарэшце ўбачыў таго, хто задаваў пытанні. Гэта быў баец у пацёртым абмундзіраванні. «Ага, значыць, франтавік». Старшы лейтэнант падышоў бліжэй і толькі пасля гэтага адказаў:

— Біяграфію мы сабе пішам тут, на фронце. І хто яе як напіша, так усё жыццё і чытаць будуць.

— Але я ў тым сэнсе… — збянтэжыўся баец, — пасля штрафной роты бераце людзей да сябе?

— Вы што, прама са штрафной роты сюды прыбылі?

— Так. дакладней, са штрафной у шпіталь прыбыў, а адтуль — сюды.

— Паранены былі?

— Так, у правае плячо.

— За што ў штрафную роту патрапілі?

Баец збянтэжыўся і ледзь выразна, панізіўшы голас, прамармытаў:

— На грамадзянцы пашухарыў крыху, па маладосці выкраў сёе-тое.

— Ну і што ж ты выкраў? — спытаў Купрэйчык, а сам падумаў: «Вазьмі такога, а ён да немцаў уцячэ».

— Мяшок аўса. ну і каня ў прыдачу.

У страі грукнуў рогат.

І Купрэчык нечакана для сябе рашыўся. Ён, усміхаючыся, сказаў:

— Добра, бяру ў разведку. Але, на ўсякі выпадак, папярэджваю, да вайны я быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.

І зноў грукнуў рогат. Смяяліся і тыя, хто стаяў у страі, і афіцэры, якія чакалі сваёй чаргі, і Мухін. З другой шарэнгі выйшаў малады, гадоў дваццаці двух, баец і сказаў, што ён былы работнік міліцыі і хоча пайсці ў разведку.

Пасля гэтага справа пайшла весялей, многія былі згодны пайсці служыць у разведку. Купрэйчык і Мухін адабралі дзесяць чалавек і адразу ж павялі іх у размяшчэнне ўзвода.

Не губляючы час, Купрэйчык пачаў бліжэй знаёміцца з папаўненнем. Першым да сябе ў бліндаж запрасіў «штрафніка».

Хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з запалымі шчокамі, ён выглядаў кволым і слабым.

Купрэйчык зазірнуў у дакументы і ўслых прачытаў:

— «Сёмін Рыгор Іванавіч. Тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года нараджэння». У штрафной роце спагнанні меў?

— Не! Ды вы не хвалюйцеся, таварыш старшы лейтэнант, я не падвяду. Сваю віну я крывёй змыў. Не хачу больш ганьбіць сваіх бацькоў. Ваяваць буду як след.

— Правільна думаеш, Рыгор Іванавіч. Дзе бацькі жывуць?

— Пад Масквой, у вёсцы. Там цяпер маці і дзве сястрычкі малодшыя засталіся, бацька — ваюе.

— Ведаеш яго адрас?

— А як жа! — усміхнуўся Сёмін. — Два дні назад ліст атрымаў, але адкажу сёння, паведамлю свой.

Купрэйчыку падабалася, што Сёмін адкрыты. Адчувалася, што франтавое жыццё многае змяніла ў яго свядомасці.

Аляксей спытаў у Сёміна:

— У разведцы ні разу не быў?

— Не, але ў тыле ў немцаў давялося тыдзень пабываць, калі наш батальён апынуўся ў акружэнні і нам трэба было выходзіць з яго невялікімі групамі.

Купрэйчыку ўсё больш падабаўся баец. Ён падумаў: «Так, на вайне як нідзе хутка пазнаюцца людзі. Здаецца, гэты цяпер ведае, што такое ў жыцці добра і што такое дрэнна».

А на наступную раніцу пачаў з новымі байцамі трэніроўкі. Аляксей разумеў, што чым больш ён надасць увагі навучанню навабранцаў, тым хутчэй яны стануць разведчыкамі і, самае галоўнае, тым больш у іх будзе шанцаў застацца ў жывых.