Выбрать главу

Гледзячы, як Жэня спрытна валодае іголкай, спытаў:

— Ты бачыла маму?

— Бачыла. Усяго адзін раз. Да цябе прыбегла, каб дамовіцца, калі да яе пойдзем.

— Як калі? Пайду цяпер да камандзіра і адпрашуся дні на тры. Вось і пойдзем.

Ён надзеў зацыраваны пінжак, папрасіў сястру трохі пачакаць, пабег да зямлянкі камандзіра. Той, выслухаўшы, паклаў руку на плячо хлопца:

— Ведаю, хлопча, што занудзіўся па маці. Але адпусціць не магу. Бачыш, зіма пачынаецца. Трэба сыходзіць далей у лясы. А то тут, як толькі выпадзе снег, немцы адразу выявяць нашы сляды і, як кацянят, пераб’юць. Сыходзім заўтра. Так што адкладзі спатканне на пазнейшы тэрмін. Калі ўладкуемся на новым месцы, адпушчу дзён на дзесяць. Толькі патрывай…

Капітан Пётр Мачалаў

Ноч. Мароз. Сцюдзёны вецер паступова заносіў снегам акопы. Два ўжо немаладыя салдаты з трывогай пазіралі ў бок капітана, які стаяў непадалёку. У раскрытым шынялі, без галаўнога ўбору, ён моўчкі глядзеў туды, дзе знаходзіўся праціўнік.

Байцам было холадна, самы час згарнуць самакрутку і, хаваючы яе ў рукаве, зацягнуцца моцным тытунём. Але нельга, побач камбат. Яшчэ, чаго добрага, прабярэ за курэнне на пасту. А назіральнікам знаходзіцца на марозе яшчэ не менш як гадзіну. Адзін з іх ледзь чутна прабурчаў:

— І чаго ён тырчыць тут? Ішоў бы да сябе ў зямлянку. Там, нябось, ад спякоты хоць да сподняга распранайся.

— Не кажы, курыць так хочацца, аж у роце казыча.

— Што праўда, то праўда. Калі ў мяне ў руцэ цыгарка дыміцца, то мне здаецца, што яна нават душу адагравае.

— А яно так і ёсць. Дым жа цёплы, удыхнеш — і ўнутры цяплей становіцца.

— А камбат вось без шапкі, так і прастыць можна. Бач, як нямецкую пазіцыю вывучае, пэўна, заўтра ў атаку загад паступіць.

— Наўрад. Вось атрымаем папаўненне, тады фрыцаў далей папром.

Чырвонаармейцы, вядома, не маглі бачыць твар Мачалава, яго адсутны погляд. У правай руцэ ён сціскаў лісток паперы. Г адзіну назад да яго ў бліндаж увайшоў Грыдзін. Яго стомлены худы твар здаваўся чорным. Ён моўчкі зірнуў на ардынарца. Той накінуў на плечы шынель, нацягнуў на галаву шапку і, узяўшы для чагосьці сякеру, што ляжала на бярэмі дроў ля распаленай печы, выйшаў.

Мачалаў, нібы прадчуваючы бяду, моўчкі глядзеў на камандзіра палка. Той нейкім чужым, надтрэснутым голасам сказаў:

— Пеця, трымайся, браток, бяду прынёс табе!

Ён працягнуў Мачалаву лісток паперы і, нібы апраўдваючыся, растлумачыў:

— Толькі што з дывізіі даставілі.

Мачалаў разгарнуў лісток і напаўголасу пачаў чытаць:

«Як паведамляе штаб партызанскага руху жонка і двое дзяцей Мачалава разам з іншымі жыхарамі вёскі спалены. Гэтыя дадзеныя атрыманы ад партызанскага атрада, які дыслакуецца ў названым раёне».

Вочы Пятра завалакло смугой. Мозг не хацеў успрымаць сэнс прачытанага. Мачалаў яшчэ і яшчэ раз учытваўся ў напісанае, удумваўся ў яго сэнс. А сэрца паўтарала: «Не, не, гэта не пра іх! Гэта нейкая памылка! Урэшце, ці мала Мачалавых у арміі?» Але паступова да Пятра пачало даходзіць, што гаворка ідзе пра яго Таню і дзяцей. Ён успомніў, як яшчэ Тарасаў казаў яму, што высвятляюць лёс яго сям’і. Ох як не хацелася Пятру верыць у тое, што здарылася!

Ён як у трызненні накінуў на сябе шынель і, хістаючыся, пайшоў да пярэдняй лініі акопаў. Апынуўшыся ў размяшчэнні сваёй былой роты, Пётр спыніўся ў траншэі, дзе не было людзей, і падставіў твар марознаму ветру. Думкі былі бязладнымі і панурымі. Пётр разумеў, што ўжо больш ніколі не ўбачыць Таню, не пагладзіць пышныя валасы Юлі, не абніме далікатнае цельца сына, не прыцісне іх да сваіх грудзей. Ад усведамлення гэтага станавілася жудасна, хацелася кудысьці бегчы, крычаць. Мачалаў не бачыў ні салдат, што знаходзіліся ў дазоры, ні камандзіра палка Грыдзіна, які следам за ім прыйшоў у гэту траншэю і, сціскаючы ў руцэ шапку Мачалава, не адважваўся падысці да яго.

Пётр знаходзіўся ў нейкім страшным забыцці. Думкі змяшаліся, і ў памяці ўсплывалі то твары жонкі і дзяцей, то суровая рэчаіснасць нагадвала пра сябе асвятляльнымі ракетамі, кулямётнымі чэргамі трасіруючых куль.

Нарэшце Грыдзін вырашыўся падысці да яго. Ён моўчкі надзеў на галаву Мачалава шапку і толькі пасля гэтага ціха сказаў:

— Пойдзем, Пеця, — і пацягнуў яго за рукаў, — пойдзем.

Мачалаў, нібы ў сне, паплёўся за падпалкоўнікам.

Яны моўчкі ішлі па траншэі, пакуль не набрылі на кулямётнае гняздо. Кулямётчыкі, пазнаўшы камандзіраў, выцягнуліся па стойцы «смірна». Грыдзін скамандаваў «вольна» і, упёршыся нагамі ў процілеглую сценку акопа, вылез наверх. Працягнуў руку Мачалаву: