Выбрать главу

Нечакана Пётр адчуў, што хтосьці цягне яго за рукаў. Азірнуўся — Чубарук, а побач з ім… Вольга Ільінічна Васілеўская. Яна пазнала Мачалава і, хутка набліжаючыся, трывожна аглядала яго:

— Вы паранены, Пётр Пятровіч?

— Не, быццам бы цэлы. — І, павярнуўшыся да Чубарука, загадаў: — Арганізуйце дапамогу параненым. Многіх магло засыпаць, а затым трэба як мага хутчэй аднавіць траншэю, немцы могуць у любы момант зноў у атаку пайсці Чубарук пайшоў, і яны засталіся адны. Вольга Ільінічна дастала з сумкі марлевую сурвэтку і голасам, які не церпіць пярэчанняў, сказала:

— Давайце я вам вытру твар.

— Дзякуй, — збянтэжана прагаварыў Мачалаў.

— Калі ласка, — усміхнулася Васілеўская і спытала: — Пра сям’ю нічога не даведаліся?

Яна ўбачыла, як стомлены, бледны твар Мачалава адразу ж стаў зямлісташэрым, і трывожна спытала:

— Здарылася штосьці?

— Так, яны загінулі.

Нібы расплаўлены свінец паліў у грудзі. Мачалаў адвярнуўся ад Васілеўскай і глуха выціснуў з сябе:

— Спалілі іх немцы, жыўцом спалілі.

Слёзы засцілі яму вочы. Пальцы ўпіліся ў рыхлы пасля бамбёжкі край акопа.

Вольга Ільінічна ледзь стрымлівала слёзы. Чужая бяда ўскалыхнула яе боль, і яна, як ніхто іншы, разумела стан Мачалава.

Уладзімір Славін

Запасная база партызан была далёка ад усіх дарог, глыбока ў лесе. Як толькі атрад прыбыў сюды, адразу ж пачалі рыхтавацца да зімы. Партызаны рамантавалі зямлянкі, нарыхтоўвалі дровы, прыводзілі ў парадак студню. Спраў было шмат.

Славін патрапіў у адну зямлянку з камандзірам роты Тамковым, а таксама Сяргеем Панчанкавым, Антошыным, Рогавым, Бартошыкам і Антонам Крайнюком.

Прайшло чатыры дні, і ў іх лясным жытле ў жалезнай печцы ўжо весела патрэсквалі дровы. Вечарэла. Скуголіў моцны парывісты вецер. Славін зручна ўладкаваўся на нарах, збітых з тонкіх жэрдак і пакрытых яловымі лапкамі, падрыхтаваўся слухаць Тамкова. Расказваў той весела і займальна.

Нечакана расчыніліся дзверы, зазірнуў пасыльны:

— Тамкоў, Крайнюк, Славін! Да камандзіра.

Усе хутка апрануліся, выйшлі з зямлянкі. Марозны вецер залазіў пад адзежу, абпальваючы твар.

— Хутка снег ляжа, — заўважыў Тамкоў. — Трэба белыя маскіровачныя халаты даставаць.

— У немцаў пазычым.

У камандзірскай зямлянцы было цёпла, гула чыгунная печ. Пад столлю на дроце вісела газавая лямпа. Поруч стала стаялі камандзір атрада і начальнік штаба брыгады. Глазкоў запрасіў Тамкова з хлопцамі да стала:

— Вам заданне. Вось гэту дарогу бачыце? — ён паказаў на карце звілістую лінію. — Яна вядзе прама ў цэнтр партызанскай зоны. У апошнія дні нашы разведчыкі засеклі на ёй інтэнсіўны рух немцаў. Мабыць, рыхтуюцца новыя карныя паходы. Самі разумееце, што жыхарам, асабліва жанчынам і дзецям, узімку схавацца няма дзе. У лес не сыдзеш. Гэту ж дарогу можна выкарыстоўваць і для скрытай перадыслакацыі войск. Нашы суседзі, дый партызаны з нашага атрада, шмат разоў ставілі на ёй міны, але немцы нейкім чынам выяўлялі іх і здымалі. Камандзір брыгады загадвае нашаму атраду правесці некалькі дыверсій. Хачу даручыць гэта вашай роце. Так што рыхтуйцеся.

— Таварыш камандзір! — узмаліўся Славін. — Дазволіце нам узяць процітанкавыя міны. Самі ведаеце, дарога няблізкая, выбухаў давядзецца рабіць шмат, а з мінамі марокі менш.

У атрадзе мін было мала. Тыдзень назад групе партызан удалося на дарозе перахапіць нямецкі грузавік. У перастрэлцы вадзіцель і трое салдат, якія знаходзіліся ў машыне, былі забіты. У кузаве партызаны знайшлі тры дзясяткі процітанкавых мін. Прынеслі ў атрад і расходавалі іх вельмі ашчадна, толькі па загадзе камандзіра.

Але Глазкоў разумеў, што значыць дзясяткі кіламетраў несці па бездаражы цяжкія мяшкі з узрыўчаткай. Да таго ж групе трэба было паклапаціцца і пра цёплую адзежу, бо начаваць давядзецца на холадзе ў лесе.

— Добра, скажыце начальніку гаспадаркі. Хай выдасць дзясятак мін.

Партызаны тут жа адправіліся адшукваць начальніка. Аднак не паспелі яны адысці і пяцідзесяці метраў, як іх дагнаў баец з камандзірскай аховы і перадаў, што Тамкову загадана вярнуцца ў зямлянку. Андрэй Лявонцьевіч паціснуў плячамі, павярнуў назад. Хвілін праз дзесяць ён дагнаў іх і, весяла ўсміхаючыся, сказаў:

— Парадак, хлопцы! Камандзір загадаў ехаць на конях.

— Вось гэта правільна! Ногі цалейшыя будуць, — узрадаваўся Крайнюк.

Пасада начальніка гаспадаркі перайшла да дзеда Валенты. Яго ўжо не пасылалі на заданні, але са сваёй аднастволкай ён так і не расставаўся.