Выбрать главу

— Ну што, хлопцы? Ноч насоўваецца. Будзем прыстасоўвацца. Спачатку трэба заткнуць шчыліны, хоць бы самыя вялікія. А заўтра падумаем, што рабіць з гэтай развалюхай.

Не ў лепшым стане была і старожка. Земляная захламленая падлога, перавернутая ўгару ножкамі масіўная лава, павуцінне ды прэлае лісце па кутах — вось, мабыць, і ўсё, што тут убачылі партызаны. У хатцы калісьці было два невялікія акенцы. Зараз замест іх у сцяне зеўралі толькі пустыя праёмы. Дзвярэй таксама не аказалася. А на дварэ ўжо было цёмна. Усе настолькі змарыліся, што сіл хапіла толькі на тое, каб паставіць коней у хлеў, наламаць яловых галінак ды завесіць вокны і ўваход у старожку. Спаць улегліся на падлозе.

Ноч прайшла спакойна, а раніцай Тамкоў падзяліў свой нешматлікі атрад на групы. Адна з іх павінна была заняцца рамонтам, другая — шукаць корм для коней. Сам жа Тамкоў разам са Славіным адправіўся на рэкагнасцыроўку, хацеў удакладніць, дзе размяшчаюцца нямецкія гарнізоны.

Яны ішлі крыху больш як гадзіну і апынуліся ля дарогі. Па ёй сапраўды часта праносіліся калоны нямецкіх машын і адзінкавыя аўтамабілі. Адчувалася, што фашысты тут нічога не асцерагаліся. Тамкоў выцягнуў з-за пазухі карту, разгарнуў яе, уважліва паглядзеў і сказаў:

— Кіламетрах у трох адгэтуль ёсць невялікая вёсачка. Давай махнём туды, з людзьмі пагаворым.

Улучыўшы момант, калі на дарозе нікога не было, яны перабеглі на процілеглы бок. Паглыбіўшыся метраў на трыста ў лес, пайшлі паралельна шашы. Прыкладна праз кіламетр наткнуліся на прасёлкавую дарогу. Тамкоў зноў дастаў карту і, зазірнуўшы ў яе, упэўнена заўважыў:

— Гэта дарога вядзе да вёскі.

Праз паўгадзіны яны выбраліся з лесу. Наперадзе ляжала поле, за ім — вёсачка хат на дваццаць — дваццаць пяць. Схаваўшыся ў кустах, партызаны сталі назіраць.

Прайшло каля гадзіны. Нічога падазронага разведчыкі ў вёсцы не заўважылі. Уладзімір прапанаваў:

— Андрэй Лявонцьевіч, давайце я аўтамат пакіну тут, а сам туды махну, разбяруся, што да чаго.

— Не спяшайся. Пойдзеш — а там засада ці на паліцая напорашся. Бачыш, як вёска размешчана? Вакол поле. Усё як на далоні відаць. Немцы любяць у такіх месцах спыняцца. Подступы добра праглядаюцца і прастрэльваюцца.

Славін, не адказваючы, глядзеў у бок вёскі. Ён заўважыў каля крайняй хаты нейкі рух. Убачыў гэта і Тамкоў. З двара выйшаў конь, запрэжаны ў падводу. Фурманка павольна пакаціла да лесу. Неўзабаве яна праехала міма партызан. Тамкову і Славіну давялося пасунуцца крыху направа і, маскіруючыся ў хмызняку, ісці следам за ёй. Яны паспелі ўжо разглядзець, што на возе сядзяць два чалавекі: стары, які кіраваў старой кабылай, і жанчына, захутаная ў цёплую хустку. Яны зрэдку абменьваліся паміж сабой кароткімі фразамі, а конь павольна цягнуў воз. Тамкоў хацеў падысці да фурманкі, але стары тым часам тузануў за лейцы і павярнуў каня направа, на ледзь прыкметную лясную дарожку. Партызаны прыселі за кустом, каб не патрапіць на вочы. Фурманка праехала міма. Захоўваючы неабходную дыстанцыю, партызаны паціху пайшлі за ёй.

Мінут праз дзесяць — пятнаццаць пачулася: «Тпру!» Фурманка спынілася на невялікай паляне каля кучы колатых дроў. Спачатку злез з воза стары, потым саскочыла жанчына. Яна развязала хустку, і партызаны са здзіўленнем убачылі, што гэта яшчэ зусім юная дзяўчына.

Стары і дзяўчына пачалі накладваць на воз паленні.

— Ну што? Дапаможам? — шэптам спытаў Тамкоў і ступіў да паляны.

Услед за ім пайшоў і Славін.

— Памагай божа! — весела сказаў Андрэй Лявонцьевіч. Стары і дзяўчына здрыгануліся, моўчкі глядзелі на падыходзячых людзей.

— Што маўчыце? Спалохаліся, напэўна?

— Ды не так, каб вельмі, — адказаў стары і абапёрся на перадок воза, дзе, па ўсёй верагоднасці, ляжала сякера. — Проста — людзі незнаёмыя.

— Мы ідзём сваёй дарогай. Раптам чуем — шум нейкі, зазірнулі сюды. Бачым, людзі працуюць, вось і падышлі.

Тамкоў, каб не палохаць старога і дзяўчыну, не стаў да іх падыходзіць блізка, а прысеў на зваленую бярозку. Славін спыніўся за яго спінай.

— А вы хто будзеце? — пацікавіўся стары, якога трохі супакоілі паводзіны незнаёмцаў.

— Партызаны, — адказаў Тамкоў і, заўважыўшы, што стары паглядзеў недаверліва, спытаў: — Напэўна, не даводзілася бачыць нашага брата зблізку?

— Даўно штосьці не чулі пра вас, — збянтэжыўся стары. Тамкоў, як бы мімаходзь, пацікавіўся, з якой яны вёскі. Стары сказаў праўду. Тады Андрэй Лявонцьевіч пачаў распытваць, што чуваць у вёсцы і ў раёне.

— У нас немцаў няма, але прыязджаюць часта.