Выбрать главу

Перад расчыненымі насцеж дзвярамі склада ўжо стаяла некалькі мяшкоў з аўсом. Імгненна пад’ехала падвода. Партызаны ўскінулі на яе трафейны фураж, а заадно паклалі зброю вартавых.

Пакінуўшы пры сабе Славіна і Панчанкава, Тамкоў закамандаваў астатнім байцам неадкладна сыходзіць у лес.

— Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён, — роўна праз гадзіну мы падпальваем склад. Калі ж вартавая змена з’явіцца раней, значыць, і пеўня пусцім таксама раней. Таму паспрабуйце ад’ехаць далей.

Рогаў крануў за лейцы. Гружаная падвода хутка пакаціла да расчыненых варот. За ёй паскакалі вершнікі.

Славін і Панчанкаў насілі з двара сена, раскладвалі яго ўздоўж сцен склада, бярэмямі раскідвалі па-над складзенымі мяшкамі.

Тамкоў пазіраў на гадзіннік. Як павольна рухалася мінутная стрэлка! З унутранай кішэні ватоўкі ён дастаў два карабкі запалак, адзін падаў Славіну, друі — Панчанкаву:

— Падпальваць толькі па маёй камандзе. Калі немцы падыдуць раней, то я адкрыю агонь. Гэта таксама будзе сігнал.

Славін і Панчанкаў увайшлі ў склад, вобмацкам прабраліся ў самы канец праходу, да задняй сцяны, і заселі поруч яе ў процілеглых вуглах. Яны вырашылі, што адгэтуль пачнуць падпальваць сена, прасоўваючыся да выйсця.

Тамкоў штохвілінна паглядаў на гадзіннік. Яму здавалася, што спыніўся час, жыццё вакол замерла. «Як там хлопцы? Ці далёка адышлі яны ад вёскі?» — турбаваўся ён, напружана ўзіраючыся ў цемру. Але змена вартавых усё яшчэ не прыходзіла. Ён хацеў ужо ісці ў склад, каб праверыць, ці ўсё гатова ў Славіна і Панчанкава, як раптам пачуў рэзкія галасы. Ішлі немцы. Яны набліжаліся да варот, пра штосьці гучна спрачаліся.

Андрэй Лявонцьевіч слізгануў за тоўсты слуп, паціху адцягнуў затвор аўтамата на ўзвод. «Трэба падпусціць бліжэй, — падумаў ён, — і шаснуць дакладна». Трое фашыстаў з’явіліся перад ім быццам прывіды. Не даходзячы да варот метраў дзесяць — пятнаццаць, яны раптам спыніліся, мабыць, адчулі, што нешта не так.

— Ганс! Курт!? — трывожна крыкнуў адзін з іх, уважліва гледзячы ў бок склада.

«Вартавых кліча», — здагадаўся Тамкоў і, імкліва ступіўшы з-за слупа, націснуў на спускавы курок. Доўгая аўтаматная чарга распарола цішыню. Усе тры немцы як снапы зваліліся на зямлю. Пераканаўшыся, што яны забіты, Тамкоў сабраў іх вінтоўкі і кінуўся да склада. У глыбіні памяшкання ўжо скакалі язычкі полымя. Андрэй Лявонцьевіч крыкнуў:

— Коней выводжу да варот. Скончыце падпальваць — хутчэй да мяне!

Праз некалькі мінут партызаны на конях галопам панесліся даганяць сваіх таварышаў. Ззаду разгараўся пажар. Бушуючае полымя ўжо вырвалася на саламяны дах. У вёсцы пачуліся стрэлы, шум матора.

Тым часам асноўная група байцоў толькі-толькі пад’язджала да лесу. Крайнюк скакаў на кані за падводай і замыкаў рух. Прытрымаўшы каня, ён азірнуўся назад, туды, дзе засталася вёска, і ўсё зразумеў.

— Братцы, глядзіце! Гарыць! Хлопцы папрацавалі на славу. Цяпер трэба ўцякаць яшчэ хутчэй. Па-га-няй!

Партызаны заўважылі, што на ўскраіне вёскі засвяціліся фары аўтамабіля. Аднак было зразумела, што немцы ў першую чаргу кінуцца да склада, які палае, а ўжо потым наладзяць пагоню.

Як толькі заехалі ў лес, групу дагналі Тамкоў і яго памочнікі. Андрэй Лявонцьевіч загадаў спыніцца, паклікаў Славіна:

— Валодзя, міну!

Пакуль Славін выконваў распараджэнне старшага, іншыя партызаны пракапалі ўпоперак дарогі неглыбокую траншэйку. У самую яе сярэдзіну змясцілі міну, а зверху паклалі доўгую жэрдку, якая заняла ўсю шырыню праезнай часткі прасёлка. Байцы хутка засыпалі «сюрпрыз», старанна замаскіравалі ўскапанае месца.

Партызаны зноў ускочылі на коней і адправіліся далей. Тамкоў зірнуў на гадзіннік. Пасля ад’езду асноўнай групы ад склада прайшло роўна дзве гадзіны. Трохі падумаўшы, ён распарадзіўся, каб Славін, Крайнюк і Панчанкаў засталіся на месцы, пры ім, а ўсім астатнім загадаў кіравацца да старожкі.

— Хлопцы! Я вось думаю: а раптам міна не падарвецца! Значыць, ад пагоні не адарвацца. Таму трэба падстрахавацца. Зробім так: вы, — Славін і Крайнюк, — направа, у лес, а я і Панчанкаў — налева. Адкрыем агонь па галаўной машыне. Неабходна вывесці са строю, знішчыць пабольш жывой сілы. У доўгую перастрэлку не ўвязвацца. Наносім удар і тут жа — дай бог ногі. Сустрэнемся на базе, — Андрэй Лявонцьевіч працягнуў Славіну гранату, — трымай! Ты маладзец. Паспрабуй шпурнуць пад перадок.

Але гэтыя падрыхтоўкі аказаліся лішнімі. Неўзабаве далёка ззаду грукнуў выбух, пачулася бязладная стральба.