Выбрать главу

— Дзеўбанула! — радасна ўсклікнуў Андрэй Лявонцьевіч. — Уначы далей не сунуцца.

Так яно і атрымалася. Да раніцы ўсе партызаны сабраліся на сваёй часовай базе.

Неўзабаве ўсе ў акрузе ведалі, што ў гэтых месцах з’явіліся партызаны.

У групу Тамкова сталі прыходзіць мясцовыя жыхары, байцы і камандзіры, якія ўцяклі з палону. Па сутнасці яна ператварылася ў самастойны атрад. Партызаны дзейнічалі актыўна і ўжо не раз наводзілі паніку сярод акупантаў. Тамкоў быў задаволены. Праўда, у апошні час Андрэя Лявонцьевіча турбавала тое, што ніводная з пяці мін, закладзеных на дарозе, не падарвалася. Горш таго, ніводнай з іх не аказалася на месцы. Немцы адшукалі іх і абясшкодзілі. Аб усім гэтым Андрэй Лявонцьевіч даведаўся з данясення разведчыкў.

«Што такое? — думаў камандзір. — Наўрад ці гэта выпадковасць. А можа, немцы свайго агента ў атрад падаслалі? Магчыма, і так. Тады, напрошваецца пытанне, як яго выявіць?»

Тамкоў вырашыў даць людзям адпачыць адну ноч, а ў наступную зноў замініраваць дарогу.

Дзверы з рыпаннем адчыніліся, і ў зямлянку ўвайшоў Славін.

— Клікалі, Андрэй Лявонцьевіч?

— Так, Валодзя, клікаў. Садзіся, гутарка ёсць.

Славін падышоў да груба збітай лаўкі і сеў.

Тамкоў доўга вагаўся, перш чым даручыць маладому партызану такое адказнае даручэнне. Вядома, у падначаленні Андрэя Лявонцьевіча людзей было дастаткова. Можна была даручыць гэтую справу чалавеку больш вопытнаму. Але Славін падабаўся камандзіру сваёй назіральнасцю, настойлівасцю, кемлівасцю. А тое, што ён малады, разважаў Тамкоў, дык у гэтым трэба бачыць не загану, а, наадварот, — перавагу. Хто падумае, што гэты бязвусы юнак атрымаў сур’ёзнае заданне?

Тамкоў прысеў побач са Славіным:

— Разумееш, Валодзя, бянтэжыць мяне адна штуковіна. Ці невыпадкова налаўчыліся немцы нашы «сюрпрызы» абясшкоджваць. Для таго, каб прамацаць дарогу, раней трэба было пяць-шэсць гадзін, сёння — толькі развіднела і амаль адразу пайшлі нямецкія калоны. Вось я і падумаў, а ці не даведваюцца немцы загадзя, якія месцы мы замініравалі?

— Вы хочаце сказаць, што ў атрадзе з’явіўся здраднік? — здагадаўся Славін.

— Баюся, што так. Таму табе трэба прыгледзецца да тых, хто прыйшоў да нас у апошні час. Неабходна паспрабаваць высветліць, ці не сыходзіў хтонебудзь з байцоў пасля мініравання дахаты, у вёску.

— У маёй групе ніхто не адпрошваўся. Я пагавару з Панчанкавым, Рогавым і Крайнюком, хто ў іх сыходзіў, спытаю.

— Я і сам хацеў іх запрасіць. Але раз ты хочаш заняцца гэтым, то давай, дзейнічай.

Яны схіліліся над картай. Атрымлівалася, што на ўчастку ў дзесяць кіламетраў фашысты на працягу гадзіны паспелі выявіць партызанскія міны і абясшкодзіць іх.

— Андрэй Лявонцьевіч! — бліснуў чорнымі вачамі Славін. — А што, калі нам звузіць круг людзей, сярод якіх можа быць здраднік?

— Як ты хочаш гэта зрабіць?

— Глядзіце! Немцы знялі першыя дзве нашы міны калі? Два тыдні назад. Пасля гэтага і пачаліся нашы няўдачы. Значыць, трэба шукаць шпіка сярод тых, хто прыйшоў да нас незадоўга да гэтага.

— Так, мабыць, твая праўда? — задуменна прагаварыў Тамкоў. — І яшчэ, заўваж, калі на заданне хадзіла адна група, тое ўсё было ў парадку. Значыць, здраднік не трапляў у склад дыверсійнай групы, не быў на інструктажы і не ведаў, на якім участку дарогі будуць закладзены міны.

— Андрэй Лявонцьевіч! Можа, варта ўвесь наш атрад падзяліць на некалькі груп, правесці з кожнай інструктаж асобна і шукаць здрадніка ў той групе, якая не выканае заданне?

— Гэта, вядома, зрабіць можна. Аднак не забывай, што вораг таксама не дурань. Ён можа адчуць небяспеку, стаіцца. Так што пакуль ты асцярожна пачынай работу сярод байцоў.

Славін пайшоў, а Тамкоў выклікаў Антошына і ўручыў невялікі пакет:

— Бяры каня і ўначы адпраўляйся ў атрад. Пошту перадасі асабіста камандзіру.

Антошын тут жа пайшоў рыхтавацца ў далёкі шлях, а Тамкоў зноў засяродзіўся над картай. «Хаваць ад камандавання гэтыя факты нельга, хай пачытаюць», — падумаў ён пра пакет і пачаў адзначаць месцы на дарозе для закладкі новых зарадаў.

Пасля гутаркі з Андрэем Лявонцьевічам Славіну давялося нямала падумаць. Ён непрыкметна праверыў усіх людзей, якія прыйшлі ў атрад да таго моманту, калі немцы ўпершыню знялі міну. Сярод іх аказалася ўсяго чатыры мясцовыя жыхары. Такім чынам, толькі яны і маглі адлучыцца ў свае вёскі. З выхадам на гэту чацвёрку клубок пачаў размотвацца хутчэй. Неўзабаве высветлілася, што двое з чатырох навічкоў, патрапіўшых пад падазрэнне, ніяк не маглі быць датычнымі да здрады. Яны знаходзіліся ў групе Крайнюка. Усе дыверсійныя аперацыі, у якіх яны ўдзельнічалі, прайшлі паспяхова, без якіх-небудзь зрываў. Заставаліся двое: Дубасін, які да вайны быў калгасным бухгалтарам, і Сухота, які таксама да вайны працаваў у калгасе. У першага ў вёсцы жылі жонка і двое дзяцей. У другога — толькі жонка.