Сяргею Панчанкаву Дубасін не падабаўся, і калі Славін падзяліўся з сябрам сваімі меркаваннямі, той упэўнена сказаў: «Калі ёсць шпік у атрадзе, то гэта, па-за ўсякім сумненнем, Дубасін! Ты паглядзі, як ён сябе беражэ, заўсёды ўбаку, асабняком трымаецца».
Славін вырашыў параіцца з Тамковым. Толькі ён падышоў да яго зямлянкі, як пачуў ціхае ржанне. Азірнуўся і ўбачыў, што конна пад’язджае Антошын, а за ім на пышным белым жарабцу — Лапко, былы камандзір атрада. Яны прывязалі коней да дрэва і падышлі да Славіна. Лапко паціснуў Уладзіміру руку:
— Як справы, баец?
— Ідуць… А зараз, калі вы вярнуліся да нас, пойдуць яшчэ весялей.
Увайшлі ў зямлянку. Тамкоў абняў сябра.
— З вяртаннем!
— Не, Андрэй, я ненадоўга. Май на ўвазе: я цяпер — шышка, начальнік штаба брыгады, а прыехаў сюды, устрывожаны тваім лістом. — Лапко зірнуў на Славіна і Антошына: — Што, хлопцы, стаіце? Ідзіце, займайцеся сваімі справамі, а мы з камандзірам пагаворым.
Байцы выйшлі з зямлянкі. Але Тамкоў паклікаў Славіна назад.
— Ён — удзельнік гэтай аперацыі. Ад яго нічога не хаваю, — патлумачыў Андрэй Лявонцьевіч.
— Ну што, давайце пагаворым утрох. Дарэчы, вас хутка назад у брыгаду адклічам. Сюды камандаванне накіроўвае вялікі атрад, які будзе дзейнічаць у гэтых краях да прыходу Чырвонай Арміі. І калі ў вас сапраўды здраднік завёўся, то самі разумееце, пад якую пагрозу ўся брыгада пастаўлена, дый над вашым атрадам навісла сур’ёзная небяспека. Пасты выстаўляеце?
— Вядома. І на далёкіх, і на блізкіх подступах.
— Што распачалі, каб праверыць новае папаўненне атрада?
Тамкоў падрабязна расказаў пра становішча ў атрадзе, а Славін паведаміў пра свае падазрэнні. Лапко ўважліва слухаў, зрэдку паглядаў на карту на стале, потым задуменна пацёр падбародак:
— Так, штосьці трэба прыдумаць.
— А што тут думаць! — Славін устаў са свайго месца. — Давайце накіруем групу на новае заданне, уключым у яе Дубасіна і Сухоту, а потым паглядзім, ці знімуць немцы нашы міны.
Лапко і Тамкоў пераглянуліся. Славін зразумеў, што яго прапанова супадае з меркаваннем начальства.
— Добра! — пляснуў рукой па стале Лапко. — Будзем рыхтаваць аперацыю.
На наступны дзень Тамкоў сабраў у зямлянцы дванаццаць байцоў, сярод якіх былі і падазраваемыя, і пачаў гаворку:
— Таварышы! Прадстаўляю вам таварыша Лапко, начальніка штаба нашай брыгады. Ён прыбыў, каб разам з вамі ўдзельнічаць у вельмі важнай аперацыі.
Падняўся Лапко:
— Камандаванне брыгады вырашыла правесці ў гэтым раёне аперацыю супраць трох фашысцкіх гарнізонаў. Вам загадана ўзмацніць дыверсійную дзейнасць на дарозе. Што для гэтага трэба? — начальнік штаба абвёў позіркам прысутных. — Немцы прывыклі да таго, што дарога мініруецца толькі там, дзе яна праходзіць праз лес. Трэба меркаваць, гэта заўважылі і вы. Дык вось, на гэты раз будзем мініраваць яе проста ў полі, у гэтым месцы, — Лапко ткнуў пальцам у карту. — Тут, як бачыце, дарога ідзе прама, па самым высокім насыпе, а машыны прабягаюць на вялікіх хуткасцях. Міны паставім у чатырох месцах. Адлегласць паміж імі прыкладна па дваццаць метраў. Падрываць будзем з дапамогай магнета, я прывёз іх разам з мінамі. Вас дванаццаць чалавек — па тры чалавекі на адно мініраванне. Ваша задача — дзейнічаць толькі тады, калі з’явіцца аўтакалона. Прычым выбухі трэба праводзіць у такім парадку: першы — у хвасце калоны, а апошні — у галаве. Неабходна, каб усе міны спрацавалі падчас руху машын. Мы разлічваем, што пасля дыверсіі частка аховы з вялікага моста будзе кінута да месца здарэння. Гэтым скарыстаецца група, якую ўзначальваю я. Мы атакуем пакінутых ля моста гітлераўцаў, знішчым мост, што дазволіць надоўга спыніць рух тэхнікі. Завяршыўшы аперацыю, усё сыдзем з гэтай базы да месца новай дыслакацыі атрада.
Затым Лапко стаў інструктаваць падрабязна кожную тройку. Славін быў прызначаны старшым групы, куды ўвайшоў і Сухота. Кіраўніцтва групай, дзе знаходзіўся Дубасін, даручалася Панчанкаву. Антошын і Бартошык узначальвалі дзве астатнія групы.
Байцы разышліся. Лапко і Тамкоў пакінулі толькі камандзіраў груп. Лапко пачакаў, пакуль Андрэй Лявонцьевіч шчыльна прычыніць дзверы, вярнуўся да стала і сказаў: