Выбрать главу

— Ну, што маўчыш, Цёмны? Ці табе нагадаць, дзе і з кім ты сустракаўся?

Сухота зразумеў, што гэта — канец, і, ужо не валодаючы сабой, зваліўся на калені:

— Панове. прабачце, таварышы! Усё раскажу. Я ж нікому шкоды не прычыніў! Спалохаўся… абяцалі жыццё захаваць…

— А вось мы табе не абяцаем. Раскажы суду ўсё: і як здраднікам стаў, і як служыў фашыстам.

Сухота заплакаў. Размазваючы слёзы па твары, пачаў гаварыць:

— Немцы знайшлі ў мяне чырвонаармейскі шынель і сказалі: ці ў паліцыю ўступай, ці расстраляем.

— Дзе ўзяў? — спытаў Лапко.

— Яшчэ ў сорак першым, калі немцы толькі прыйшлі, адзін баец-акружэнец аддаў.

— Так проста і аддаў? Не веру. Круціш штосьці!

— Не, не кручу. за збан малака выменяў.

— Так, кажы далей!

— Ну, што тут далей? І сам не заўважыў, як з мяне даносчыка зрабілі. Мянушку далі — Цёмны.

Да Лапко падышоў Дубасін, штосьці спытаў. Той моўчкі кіўнуў. Дубасін звярнуўся да Сухоты:

— Гэта той баец, які ў Круталевічаў хаваўся?

Пытанне заспела Сухоту знянацку, і ён ледзь не адказаў «так», але тут жа спахапіўся:

— Не ведаю, той ці не той.

Дубасін павярнуўся да Лапко, усхвалявана сказаў:

— Я добра памятаю, як немцы акружылі хату Круталевічаў, вывелі адтуль параненага ў нагу чырвонаармейца, ён моцна кульгаў. Тады ўсіх Круталевічаў: дзеда, бабулю, іх дачку, траіх унукаў і таго пакалечанага немцы за вёскай расстралялі. Людзі казалі, што хтосьці падказаў фашыстам. Аказваецца, гэты прыхвасцень навёў!

Тамкоў спытаў у Сухоты:

— Ты падказаў?

— Не. не, не казаў.

— А ну, набрыдзь, праўду ў вочы рэж, не то горш будзе!

Сухота расплакаўся:

— Таварышы. прабачце. я спалохаўся. крывёй віну загладжу. прабачце, малю вас.

— Адказвай: ты паведаміў пра чырвонаармейца? Толькі не круці! Адно слова няпраўды? — і каюк табе.

Сухота выдушыў з сябе:

— Яны б самі знайшлі, у кожнай хаце ўсё дагары нагамі перавярнулі, зброю шукалі.

— Брэшаш, гад печаны! — умяшаўся Дубасін. — Не лазілі яны ў кожную хату, а адразу да хаты Круталевічаў накіраваліся. — Ён павярнуўся да партызан: — Людзі добрыя! Мне цяпер ясна і іншае. Не прайшло і тыдня пасля расстрэлу чырвонаармейца і гэтай беднай сям’і, як немцы і паліцаі зноў уварваліся ў вёску. Гэтым разам ад іх злачынных рук загінулі два настаўнікі, бухгалтар, тры калгасныя брыгадзіры. Магу цвёрда сказаць, таварышы: тут не абышлося і без гэтага ўблюдка.

Славін і Тамкоў пераглянуліся. Панчанкаў, які ўвесь час уважліва сачыў за Дубасіным, бадай, зразумеў, што перад ім стаіць не варожы лазутчык, а свой чалавек, хоць некалькі і дзіўны на першы погляд, аднак сапраўдны партызан. Сяргей збянтэжана апусціў вочы. Ён цяпер не мог не ўспомніць, як горача пераконваў Уладзіміра Славіна, што калі ўжо і ёсць у атрадзе здраднік, то ім павінен быць гэты падазроны чалавек.

Тамкоў спытаў:

— Сухота! Што ты можаш сказаць?

Той, ледзь выціскаючы з сябе словы, прызнаўся, што Дубасін кажа праўду.

Лапко задаў наступнае пытанне:

— Раскажы, як у наш атрад прабраўся?

— Хенікер загадаў.

— Калі?

— Калі іх машыны пачалі падрывацца. Ён выклікаў і сказаў, каб да вас у атрад пайшоў.

— Як ты даносіў пра тое, дзе міны пастаўлены?

— Пасля мініравання дарогі я заўсёды дахаты адпрошваўся, а ў сапраўднасці да обер-лейтэнанта бегаў.

— Што ты яму гэтай ноччу паведаміў?

— Што будзем мініраваць дарогу і мост знішчым.

— Месцы мініравання паказаў?

— Так.

— Казаў, што атрад пасля аперацыі сыдзе з гэтых месцаў?

— Сказаў, што на злучэнне з галоўнымі сіламі сыдзем.

— Якое заданне атрымаў?

— Ісці з вамі і, як толькі з’явіцца магчымасць, паведаміць пра сябе любому нямецкаму афіцэру.

— Ясна? — Лапко абвёў поглядам партызан. — У каго ёсць пытанні да здрадніка?

Сухота хутка падпоўз да Тамкова:

— Пашкадуеце, далібог, загладжу сваю віну. Выканаю любое заданне. Магу схадзіць да іх, прывабіць сюды, а тут мы іх перастраляем.

— Кінь, поскудзь! У тваёй дапамозе не маем патрэбы. Перастраляем і самі. — Андрэй Лявонцьевіч ботам адпіхнуў у бок Сухоту. — Які будзе прысуд здрадніку?

Усё як адзін адказалі:

— Смерць!!!

Пасля таго як адвялі паліцая, Тамкоў распарадзіўся:

— Збірайцеся, таварышы, у дарогу. Аперацыю правядзём не заўтра ўначы, а сёння.

Усе выйшлі з зямлянкі. Праз гадзіну база апусцела. Лапко з Тамковым параіліся і вырашылі мініраваць дарогу не на тым участку, дзе было запланавана, а зусім у іншых месцах. Неабходнасць у фальшывым нападзе каля вялікага моста адпадала. Значыць, зараз можна было накіраваць галоўныя сілы атрада да далёкага моста, які мае важнейшае для немцаў значэнне.