Калі ўсе партызаны выстраіліся ў калону, стала відаць, у якое грознае баявое падраздзяленне ператварылася за параўнальна невялікі тэрмін група Тамкова. Наперадзе на двух шырокіх сялянскіх простых санях стаялі гатовыя да стральбы трафейныя станковыя кулямёты, у хвасце калоны, таксама на санках, грозна выставіў нос знакаміты «максім». Многія партызаны былі ўзброены аўтаматамі.
Тамкоў выслаў наперад разведку, а ззаду атрада арганізаваў рухомыя групы прыкрыцця. Было вырашана прайсці па дарозе дзесяць кіламетраў, а затым, падзяліўшыся на чатыры групы, зноў сысці ў лес, каб сустрэцца ўжо каля моста.
Да чатырох гадзін раніцы апынуліся ля прызначанага месца.
Усё заляглі і асцярожна папаўзлі да моста. Славіну паўзці заміналі дзве гранаты, і ён адшпіліў іх ад рэменя, рассунуў па кішэнях і пачаў хутка даганяць сваіх таварышаў. Толькі параўняўся з Лапко, як мясцовасць ярка асвятлілася. Камандзір захіліў рукой яго галаву:
— Замры! Ракеты!
Славін ткнуўся падбародкам у снег, а з-пад ілба працягваў глядзець наперад. Пры мігатлівым святле ён убачыў цёмныя парэнчы моста. У гэты момант зусім побач, узбоч, штосьці сыкнула: упала падпаленая ракета.
Уладзімір хацеў было адпаўзці ў бок, але Лапко загадаў:
— Не рухайся!
Ён сарваў са сваёй галавы шапку-вушанку і накрыў ракету. Партызаны ляжалі нерухома мінут дзесяць, пакуль не пераканаліся, што ў размяшчэнні ворага ціха. Відавочна, хтосьці з немцаў ці то пачуў падазроны шум, ці то вырашыў агледзець вакол сябе мясцовасць, запусціў асвятляльную ракету.
У агароджы з калючага дроту было зроблена некалькі праходаў. Засталося толькі чакаць сігналу да атакі. І вось над полем узвілася чырвоная ракета. Адразу ж магутна ўдарылі партызанскія кулямёты і аўтаматы, грымнула «ўра!». Партызаны змаглі падабрацца да варожых пазіцый на блізкую адлегласць. Іх кідок быў настолькі імклівым, што аказаць супраціўленне практычна маглі толькі вартавыя ды немцы, засеўшыя ў двух кулямётных гнёздах. Тыя гітлераўцы, якія выскоквалі з невялікіх драўляных хат, адразу траплялі пад шчыльны агонь наступаючых.
Лапко імгненна ацаніў абстаноўку. Павярнуўся да сваіх і падаў каманду. Байцы ўскочылі на ногі і, паліваючы агнём немцаў, якім удалося прарвацца ў акопы, кінуліся да моста. Лапко, Славін, Панчанкаў з тылу атакавалі кулямётнае гняздо. Праўда, і па іх групе немцы стралялі. Кулі ўспорвалі снег ля самых ног нашых байцоў. Лапко паспеў скокнуць у кювет, а Славін і Панчанкаў зваліліся проста на дарогу. Уладзімір прыпадняўся, з усіх сіл шпурнуў гранату ў кулямётнае гняздо. Раздаўся выбух. Байцы кінуліся наперад. Да немцаў, якія заселі ў акопах, заставалася метраў пятнаццаць. Але ў Славіна аказалася толькі адна граната. Ён крыкнуў Панчанкаву, каб той кінуў сваю гранату, у яго іх было тры, але Сяргей ляжаў на снезе і не варушыўся, выкінуўшы наперад левую руку. Славін падпоўз да яго.
— Што з табой?
Панчанкаў маўчаў. Славін дакрануўся да яго галавы, адчуў, што яна мокрая. Пры святле чарговай ракеты ўбачыў, што рука ў крыві. Славін падсунуўся яшчэ бліжэй да сябра, паклаў на спіну, прыпаў вухам да грудзей. Сэрца не праслухоўвалася. Падпоўз Лапко. Камандзір агледзеў Панчанкава і сказаў:
— Забілі хлопца, сволачы!
Ён ускочыў на ногі, ірвануўся да акопа, але Славін апярэдзіў яго. Уладзімір трапна шпурнуў сваю апошнюю гранату і ўскочыў у кулямётнае гняздо. У гэта імгненне ён заўважыў, што салдат у касцы схапіў вінтоўку і пачаў цэліцца ў яго. Уладзімір адказаў чаргой з аўтамата. Немец, не выпускаючы з рук зброі, асеў на дно акопа. А па драўляным насціле моста ўжо чуўся тупат партызан. Напад завяршыўся паспяхова. Яшчэ дзе-нідзе раздаваліся стрэлы, але падрыўнікі ўжо мінавалі апоры.
Праз некалькі хвілін мост узляцеў у паветра. Партызаны хутка адыходзілі да лесу. Па дакладах камандзіраў груп Тамкоў і Лапко ўжо ведалі, што ў атрадзе сем чалавек забіта, шаснаццаць паранена, трое з іх — цяжка.
Партызаны пахавалі сваіх таварышаў ужо днём, далёка ад месца бою.
А пасля быў працяглы паход па глухіх месцах, былі кароткія сутычкі з акупантамі. Атрад ішоў на злучэнне з асноўнымі сіламі брыгады.
Таццяна Андрэеўна
Пасля тых страшных і жорсткіх падзей Мачалава ніяк не магла прыйсці ў сябе. Часам ёй здавалася, што яна проста з глузду з’ехала. І тады як бы з боку сачыла за сабой: за гаворкай, дзеяннямі, думкамі, спрабуючы знайсці штосьці ненатуральнае, нелагічнае. Першыя дні пасля таго, як яна і яе дзеці ўцяклі з падпаленанага хлява, Таццяна была як у трызненні. Яна ледзь стрымлівала сябе, каб не забіцца ў істэрыцы, не закрычаць на ўвесь лес.