Ужо каторы раз Мачалаў і яго новыя таварышы з пачатку вайны вось так, як і цяпер, выходзяць з акружэння. Было пакутліва думаць пра тое, што вораг топча нашу родную зямлю, а яны, савецкія воіны, вымушаны хавацца і адступаць.
— Калі ж гэта ўсё скончыцца? Калі мы ўрэшце выйдзем да сваіх? — нервова і злосна спытаў лейтэнант, які крочыў побач.
Але Мачалаў у адказ толькі зірнуў на яго, а сам думаў, што колькі такіх разрозненых батальёнаў, рот, узводаў і маленькіх груп чырвонаармейцаў і камандзіраў глухімі сцежкамі адыходзяць на ўсход з надзеяй, што дзесьці наперадзе нарэшце з’явіцца выразная лінія фронту, дзе будзеш бачыць ворага толькі перад сабой і ваяваць з ім.
Не меней пакутлівай і трывожнай была думка пра жонку і дзяцей. «Як яны там? Што думае пра мяне Таня?»
У гэты момант да Мачалава падышоў баец у падранай плашч-палатцы:
— Таварыш старшы лейтэнант, вас маёр Грыдзін выклікае…
…Мачалаў пайшоў да маёра, той знаходзіўся недалёка адсюль. Паднёс руку да казырка і далажыў:
— Таварыш маёр, старшы лейтэнант Мачалаў па вашым загадзе прыбыў!
Маёр кіўнуў галавой і моўчкі працягваў глядзець на карту. Раптам ён адарваўся ад карты, неяк уважліва і нават здзіўлена паглядзеў у вочы Мачалаву і перавёў позірк на афіцэраў:
— Хоць адзін не забыўся, што ён служыць у войску, а то падышлі некаторыя і голас саромеюцца падаць, як на вечарынку прыйшлі. — І тут жа рэзка змяніў тэму: — Я запрасіў вас, каб параіцца: ці ісці далей, ці, пакуль яшчэ не зусім сцямнела, зрабіць прыпынак, каб людзі паспелі падрыхтавацца да начлегу.
— А дзе мы знаходзімся? — спытаў пажылы капітан і падышоў да маёра, каб зазірнуць у карту. За ім пацягнуліся і іншыя камандзіры. Атрымлівалася, што яны знаходзіліся амаль у цэнтры вялікага ляснога масіву. Рашэнне было аднадушным: застацца на начлег тут. Грыдзін асцярожна склаў, а затым схаваў у планшэтку карту і загадаў:
— Тады аб’яўляйце прыпынак. Вы, таварыш капітан, выстаўце ахову. Астатнім — хутка за работу.
Калона спынілася, і неўзабаве ў лесе пачуліся ўдары сякер. Нягледзячы на стомленасць, людзі дзейнічалі хутка і спрытна. Літаральна на вачах з’явіліся буданы з жэрдак, тонкіх ствалоў дрэў і галін, дзе-нідзе раскінуліся палаткі, забрынкалі кацялкі, успыхнулі вогнішчы. Грыдзін і шэсць камандзіраў, у тым ліку і Мачалаў, размясціліся ў вялікай штабной палатцы. Спехам перакусіўшы, леглі спаць. Грыдзін папярэдзіў, што іх падымуць у пяць гадзін, правядуць нараду, а ў шэсць разбудзяць усіх байцоў.
Мачалаў ляжаў на тоўстым пласце галін, уткнуўшыся ў шынель. Нылі навярэджаныя ногі, балела ўсё цела, а думкі зноў вярнулі яго да першага дня вайны.
Можа, і да лепшага, што ўсё склалася менавіта так. Мачалаў успомніў, як ён, увайшоўшы ў лес, убачыў, што змярканне згушчаецца, і пабег. Бег ён доўга, і калі вырашыў, што вялікая частка шляху ўжо ззаду, перад ім як з-пад зямлі выраслі дзве салдацкія постаці з вінтоўкамі наперавес:
— Стой! Рукі ўгору!
Мачалаў ледзь спыніўся, амаль упёршыся грудзьмі ў рулю вінтоўкі. Але рукі паднімаць не стаў, бо ніколі гэтага не рабіў, і нават у такім нечаканым становішчы пасаромеўся падняць іх.
— Я свой, супрацоўнік міліцыі. Спяшаюся да шашы, — толькі і сказаў ён, перарывіста дыхаючы.
— Глядзі ты, — здзіўлена прагаварыў адзін з чырвонаармейцаў, абыходзячы Мачалава справа і спыняючыся за яго спінай, — другога міліцыянера сёння ў штаб будзем дастаўляць. — І загадаў, падштурхоўваючы Мачалава ў спіну: — Марш наперад і не дуры! У штабе разбяруцца.
У гэту хвіліну Мачалаў нават і не падазраваў, што яго жыццё на валаску. Ён не ведаў яшчэ, што нямала фашысцкіх лазутчыкаў, дыверсантаў і шпіёнаў напярэдадні вайны былі закінуты на тэрыторыю Беларусі. Амаль усе яны былі пераапрануты ў форму камандзіраў, байцоў Чырвонай Арміі і работнікаў міліцыі. За некалькі гадзін да затрымання Мачалава чырвонаармейцы, якія вялі яго ў штаб, схапілі варожага лазутчыка ў форме капітана міліцыі. І можна было ўявіць, як паставіцца камандзір батальёна маёр Грыдзін да чалавека ў цывільнай апратцы з пасведчаннем старшага лейтэнанта міліцыі, чыё месца службы знаходзілася за сотні кіламетраў адгэтуль. Але ў гэты момант Мачалаў, ідучы пад канвоем у штаб, падумаў толькі пра тое, што, магчыма, у часці яму дапамогуць дабрацца да Мінска.
Маёр Грыдзін сустрэў Мачалава адкрыта варожа. Паглядзеў пасведчанне, нядбайна кінуў яго на стол і загадаў абшукаць дастаўленага.