Добра, што ў лесе яны сустрэліся з Мішам Лукашэвічам — пляменнікам дзеда Петруся. Аказалася, што хлопец таксама ўцёк ад смерці, і гэта трохі яе падбадзёрыла.
Ноч і наступны дзень яны правялі разам. Зрабілі будан і начавалі ў ім. Раніцай Міша разам з Юляй і Ванем збіралі ягады. Сама Мачалава да ежы не дакраналася.
Нават пасля таго, як убачыла, на што здольныя фашысты, не магла пагадзіцца, што такое могуць зрабіць людзі. Заплюшчыўшы вочы, яна сядзела ў будане і слухала расказ Мішы.
Калі калгаснікі выбілі дзверы і вырваліся з падпаленага хлява, немцы пачалі касіць іх аўтаматнымі чэргамі.
Міша бег наперадзе Мачалавых, дасягнуўшы лесу, схаваўся за дрэвам і назіраў за немцамі. Ён бачыў, як схавалася ў лесе з дзеткамі Таццяна Андрэеўна, як гітлераўцы, падкасаўшы рукавы, блукалі ў высокай траве па полі і дабівалі параненых людзей. Міша расказаў і пра тое, як немцы кідалі трупы і параненых у агонь.
Міша вырашыў ісці ў далёкую вёску да сваякоў. Ён клікаў з сабой Таццяну Андрэеўну, але яна адмовілася, баялася выйсці з лесу. Цяпер яны начавалі ў будане ўтраіх. Спаць Мачалава не магла. Ёй здавалася, што вось-вось у будан уварвуцца немцы, то чуўся брэх сабак, то трэск галін пад нагамі. Не вытрымаўшы, Таццяна Андрэеўна на наступны дзень павяла дзяцей яшчэ глыбей у лес.
Амаль тыдзень блукалі, сыходзячы ўсё далей і далей ад сваёй згарэлай вёскі. Таццяну палохала сустрэча з людзьмі, і яна б яшчэ доўга не выходзіла з лесу, калі б не дзеці.
Юля і Ваня моўчкі пераносілі ўсе нягоды, але калі аднойчы Юля, страціўшы надзею, слабым голасам прызналася маме, што ў яе няма больш сіл і яна хоча есці, Таццяна Андрэеўна адважылася. Яны адшукалі першую ж лясную дарогу і пайшлі па ёй. Праз гадзіны дзве лес скончыўся, і непадалёк ад узлеску яны ўбачылі вёску. Доўга назірала за хатамі Таццяна Андрэеўна, перш чым вырашыла выйсці з лесу. Потым ціха сказала:
— Хадземце, дзеткі!
Асцярожна, нібы ідучы па распаленым вуголлі, яны набліжаліся да вёскі. Ля крайняй хаты заўважылі адзінокую бабульку. Тая таксама ўбачыла іх і, адарваўшыся ад працы, прыставіўшы руку брылём, глядзела на незнаёмых людзей. Калі Мачалавы падышлі, цікаўнасць бабулькі змянілася жалем і спачуваннем.
І сапраўды, выгляд жанчыны і дзяцей быў жудасны: абгарэлая, уся ў лахманах адзежа, яшчэ не змытая з твару сажа, змардаваныя, худыя твары. Мачалава прывіталася і ціха спытала:
— Бабуля, немцы ў вёсцы ёсць?
— Няма, няма, а вы адкуль будзеце?
— Здалёку, бабуля, — і Таццяна Андрэеўна назвала сваю вёску, растлумачыла: — Немцы сагналі ўсіх жыхароў у хлеў і падпалілі. Нам цудам удалося выратавацца. Сама не ведаю, колькі ўжо дзён і начэй блукаем па лесе. Дзеці без ежы знясілелі, таму страх я свой перадужала і сюды прыйшла. Не праганяйце нас, бабулька. Калі ёсць што-небудзь — пакарміце. хоць бы дзяцей.
Вочы бабулькі напоўніліся слязамі. Яна хутка затэпала да іх:
— Хадземце, хадземце, родныя, у хату! Я вас накармлю і адмыю.
У Таццяны Андрэеўны закружылася галава і ўсё вакол паплыло перад вачамі.
Бабулька і дзеці ўзялі яе пад рукі і завялі ў хату.
Старая жыла адна. Яе трое сыноў знаходзіліся ў Чырвонай Арміі, а муж мінулай зімой прастудзіўся і памёр.
Амаль тры тыдні прабылі ў гасціннай і сардэчнай бабулькі Таццяна Андрэеўна і яе дзеці. Але аднойчы раніцай у вёску наляцелі фашысты і паліцаі. Таццяна Андрэеўна схапіла дзяцей і кінулася ў лес. Зноў пачаліся дні блуканняў.
Зрэдку яны заходзілі ў вёскі. Людзі дзяляліся з імі, чым маглі. Наступіла восень, спаць у лесе было холадна. Таццяна Андрэеўна ўспомніла гасцінную бабульку і вырашыла ісці назад.
«Калі жывая бабуля, — думала Таня, — то яна, напэўна, зноў дасць прытулак нам».
Бадзяючыся ў лесе, Мачалава навучылася добра арыентавацца ў ім, да вёскі яны выйшлі хутка. Але тое, што яны там убачылі, нагадала трагедыю, перажытую ўлетку. На месцы вёскі чарнелі папялішчы ды віднеліся задымленыя печы. Нібы ў сне, трымаючы дзяцей за рукі, ішла Таццяна Андрэеўна да таго месца, дзе раней стаяла хата бабулі Лізы. Розум адмаўляўся ўспрымаць пабачанае, а ногі самі вялі яе да папялішча. І раптам — што за насланнё? Да іх насустрач тупае бабуля Ліза. Мачалава вырашыла, што гэта галюцынацыя, але бабулька загаварыла:
— Госпадзі, няўжо гэтыя вы? Жывыя-здаровыя!