І вось зараз маці апынулася ў смяротнай небяспецы.
Збіраючыся ў паход, Уладзімір нацягнуў на сябе ўсё, што ў яго засталося з адзежы. Горш было з абуткам. Старыя кірзавыя боты зусім разваліліся. І ён паміж анучамі ўклаў праслойку з нямецкіх газет, добра, што боты былі вялікія і газеты туды свабодна ўваходзілі. Тупнуў левай нагой, тупнуў правай, прайшоўся па зямлянцы. «Нічога, вытрымаю», — падумаў Уладзімір і стаў рыхтаваць зброю. Праверыў аўтамат, набіў магазін патронамі, прышпіліў да шырокага трафейнага рэменя адзіную гранату, зірнуў на Грыбава і Бартошыка:
— Ну што, хлопцы, гатовыя?
Неўзабаве ўсе трое выйшлі на паляну, дзе строіўся атрад.
Раніцай партызаны наблізіліся да вёскі з трох бакоў. Як наліха, нечакана супакоілася завіруха. Празрыстае марознае паветра пранізвалі яркія прамяні сонца. Вакол вёскі ляжала чыстая некранутая цаліна. Ахопліваючы вёску кальцом, партызаны паўзком набліжаліся да хат. Два бранябойшчыкі пакуль засталіся на ўзлеску, хаваючыся ў хмызняку. Яны трымаліся ў рэзерве на выпад ак з’яўлення фашысцкіх танкаў. З адзінай у атрадзе 45-міліметровай гарматы вырашылі ўдарыць па нямецкіх кулямётчыках, якія асядлалі дарогу пры ўездзе ў вёску.
Уначы карнікаў атакаваць было б лягчэй. Але камандаванне атрада разумела і іншае: начны бой у вёсцы небяспечны для мясцовых жыхароў. Разлік быў на тое, што немцы менш за ўсё могуць чакаць нападу днём, што большасць з іх, калі пачнецца бой, акажацца на вуліцы, дзе іх лягчэй будзе знішчыць. Каб пасеяць паніку ў лагеры праціўніка, Лапко пасадзіў сорак байцоў на коней, даў гэтай групе два кулямётныя разлікі, якія размясціліся на санях. Перад імі была пастаўлена задача — з ходу ўварвацца ў вёску, скаваць дзеянні праціўніка.
Роце, якой камандаваў Крайнюк, трэба было атакаваць вёску з процілеглага боку.
Славін, цяжка дыхаючы, поўз побач з іншымі байцамі. Да бліжэйшага хлява, за якім пачыналіся сялянскія двары, заставалася метраў дзвесце. Раптам з-пад даху хлява гулка застрачыў буйнакаліберны кулямёт. Байцы замерлі на месцы, глыбей закопваючыся ў снег.
— Бяры з сабой Панчанкава, зайдзіце з фланга, знішчыце кулямёт! — распарадзіўся Крайнюк, звяртаючыся да Грыбава.
Славін адшпіліў ад рэменя гранату і працягнуў яе Панчанкаву:
— Вазьміце! Спатрэбіцца.
Грыбаў і Аляксей Іванавіч Панчанкаў, бацька загінуўшага Сяргея, узяўшы крокаў на пятнаццаць у бок, хутка папаўзлі наперад.
Крайнюк наўмысна даручыў Панчанкаву і Грыбаву знішчыць кулямётчыкаў. Антон, як і ўсе байцы атрада, бачыў, што гэты пажылы чалавек пасля страты сына змяніўся, стаў маўклівым, часта сыходзіў у лес, доўга блукаў там, а ў баі дзейнічаў напралом, нібы не разумеў, што яго таксама ў любую секунду можа зваліць варожая куля.
І цяпер Славін увесь час асцерагаўся, што Аляксей Іванавіч не вытрымае, кінецца ва ўвесь рост на кулямёт. Але Крайнюк думаў інакш. Панчанкаў быў вельмі адказным чалавекам, і, атрымаўшы загад знішчыць кулямёт, ён будзе, канешне, асцярожным, разумеючы, што ад яго прадуманых дзеянняў залежыць многае.
Партызаны, як краты, закопваліся ў снежныя гурбы. Некаторыя, выбраўшы лепшую пазіцыю, вялі прыцэльны агонь па даху хлява. Некалькі разоў кулямёт захлынаўся, відавочна, партызанскія кулі дасягалі цэлі. Крайнюк, асцярожна выглядаючы з гурбы, заўважаў, што ў многіх месцах байцы знішчылі нямецкую абарону і ўварваліся ў вёску. «Вось бы хто-небудзь здагадаўся ўдарыць па хляве з тылу», — падумаў ён. Але пакутліва цягнуліся хвіліны, а кулямёт не змаўкаў, паліваючы атакаваўшых свінцовым агнём. Антон убачыў, як недалёка ад хлява ўскочыў на ногі Грыбаў, зрабіў некалькі крокаў і зваліўся. «Забілі! — пахаладзеў ад здагадкі Крайнюк. — Флангі таксама прыкрылі жывадзёры!» Ён перадаў загад па ланцугу засяродзіць агонь на дах хлява і з трывогай падумаў пра Панчанкава: «Дзе ж ён? Ці дойдзе?» І тут жа ўбачыў знаёмую постаць. Патанаючы па пояс у снезе, Аляксей Іванавіч прабіраўся ўздоўж сцяны хлява. «Дабраўся! — узрадаваўся Антон. — Але як ён закіне гранату?»
А Панчанкаў нечакана адскочыў на некалькі крокаў ад хлява і ўзмахнуў рукой. На даху разарвалася граната, кулямёт адразу ж захлынуўся. Панчанкаў другі раз узмахнуў рукой, і выбух раздаўся там, адкуль яшчэ некалькі хвілін назад біў аўтамат. І ў гэты момант кароткая аўтаматная чарга, пасланая з іншага канца даху, паразіла Аляксея Іванавіча, і ён зваліўся ніцма ў снег.