Выбрать главу

Крайнюк ускочыў на ногі:

— За мной! Ура-а-а!

Партызаны кінуліся наперад. З абодвух канцоў хлява чуліся вінтовачная стральба, аўтаматныя чэргі, але яны ўжо не маглі спыніць імклівую атаку. Супраціўленне немцаў было падаўлена, і наступленне перакінулася ў глыб вёскі.

Але ў гэты момант становішча рэзка змянілася. З-за крайняй хаты выскачыў танк, пафарбаваны ў белы колер. Раскідваючы снег, ён ішоў проста на байцоў Славіна, вырыгваючы кулямётны агонь. У шэрагах партызан пачалося замяшанне: адны кінуліся назад — да хлява, другія — наадварот, наперад, да недалёка размешчаных хат. Кожны адчуваў сябе зусім безабаронным перад бязлітаснай машынай, закутай у тоўстую браню. Убачыўшы гэта, Тамкоў накіраваў на выручку групе Славіна адну санную запрэжку з бранябойшчыкам. Першы жа стрэл аказаўся на рэдкасць удалым: сталёвая махіна задымілася і спынілася. Толькі цяпер Славін заўважыў, што ён стаіць у самай сярэдзіне вялікай гурбы, патануўшы ў ёй па пояс. Выгляд танка, які з’явіўся нечакана, ашаламіў, прыкаваў да месца. Уладзімір азірнуўся і ўбачыў, што двое партызан нясуць Грыбава. «Значыць, жывы!» — абрадаваўся ён, рынуўшыся наперад, да цэнтра вёскі.

Славін бег уздоўж высокага частакола і, эканомячы патроны, вёў агонь толькі па бачных цэлях. Раптам ён адчуў рэзкі пранізлівы боль у жываце і, трацячы прытомнасць, зваліўся ў снег.

Славін ачуўся праз некалькі гадзін ад нясцерпнага болю. Расплюшчыў вочы, убачыў шэрае неба. Яму здалося, што яно чамусьці калышацца. Уладзімір паглядзеў наперад, і погляд яго ўтаропіўся ў спіну чалавека. Здагадаўшыся, што яго нясуць, падумаў: «Хто яны? Немцы ці свае?» — і зноў страціў прытомнасць.

Уладзімір ачуняў у нейкай хаце, у прыцемку ўбачыў нізкую куродымную столь і нечы схілены над ім твар. Угледзеўся, пазнаў Тамкова. Той усміхнуўся:

— Расплюшчыў вочы! Трымайся, хлопец, усё наладзіцца!

— Дзе я? — ледзь чутна спытаў паранены. Яго сухія вусны крыху варушыліся. Тамкоў нахіліўся яшчэ ніжэй:

— Што ты сказаў?

Валодзя адчуў, як яго твару кранулася штосьці прахалоднае. Хтосьці, хто стаяў у галовах, намачыў вільготнай ваткай яго губы. Ён паспрабаваў піць. З паўзмроку пачуўся жаночы голас:

— Нельга табе, родненькі. У цябе раненне ў жывот. Патрывай, цяпер паедзем далей, там цябе доктар паглядзіць. Усё будзе добра.

Уладзімір адчуў, што яго падымаюць моцныя рукі, кладуць на насілкі, нясуць у двор, апускаюць у нізкія санкі. Побач села жанчына, а наперадзе нейкі стары, які адразу ж крануў за лейцы каня, і сані асцярожна заслізгалі наперад.

Толькі цяпер Валодзя пазнаў жанчыну. Гэта была Панчанкава. Ён успомніў Сяргея, яго сястрычку Надзю. Потым ва ўяўленні паўстаў Аляксей Іванавіч у той момант, калі ён прабраўся да хлява і кінуў на дах адну за адной дзве гранаты. Уладзімір ледзь чутна паклікаў Панчанкаву. Жанчына нахілілася над ім:

— Што ты хочаш, сынок?

— Цётка Дуся, што з Аляксеем Іванавічам?

Жанчына адвяла вочы.

— Усё ў парадку, трохі паранены ён.

Яна не магла сказаць праўду гэтаму хлопцу. У яго самога жыццё ліпела на павуцінцы. Славін спытаў:

— А мая мама жывая?

— Жывая, жывая. Ты ляжы спакойна, табе нельга размаўляць.

Уладзіміру сапраўды было цяжка гаварыць, але ён сабраўся з сіламі і зноў спытаў:

— Што са мной?

— Паранены. Куля цябе трошкі ўчапіла. у жывот патрапіла. Але ты не хвалюйся. Усё будзе добра.

— Немцаў з вёскі выбілі?

— Так-так. Далі мы ім у косці як трэба.

— Куды мяне вязуць?

— Да доктара. Ён цябе ў іншай вёсцы чакае.

Хлопец замоўк. Ён ляжаў, сціснуўшы зубы і заплюшчыўшы вочы, — моцна балеў жывот. Здавалася, што ён зноў страціў прытомнасць. Але пасля некаторай паўзы Уладзімір ледзь чутна спытаў:

— Цётка Дуся, я буду жыць?

Слёзы пакаціліся па шчоках жанчыны. Для яе, якая страціла ўжо сына слова «жыць» набыло асаблівы сэнс. Яна была санітаркай і добра ведала, што значыць раненне ў жывот, ды яшчэ ў сітуацыі, што ўзнікла. Паспешліва глынаючы словы, Панчанкава прагаварыла:

— Што ты кажаш, сынок! Вядома, будзеш жыць! Падумаеш, раненне. Было і горш, аднак нічога, выжывалі людзі. Ты толькі менш размаўляй, сілы беражы, — яна тыцнула ездавога ў спіну: — Падганяй каня! Хутчэй трэба!

Неўзабаве яны заехалі ў вёску, дзе ў памяшканні школы ўжо знаходзіўся ўрач. Яго спецыяльна выклікалі з суседняга атрада. Мажны прысадзісты мужчына, гадоў пяцідзесяці, нахіліўся над ранай. Густыя чорныя бровы ссунуліся да пераносся, хвілін праз дзесяць ён выпрастаўся і ціха сказаў Тамкову, які знаходзіўся ў далёкім куце: