Выбрать главу

— Раненне сляпое, аперацыю рабіць нельга, ды і няма чым, трэба спадзявацца і чакаць.

Мінула некалькі дзён. Славін ляжаў у хаце, гледзячы ў нізкую столь, імкнучыся зразумець, што з ім, дзе знаходзіцца. У свядомасці праплылі апошнія падзеі, бой, язда на санях, цётка Дуся. Успомніў урача з густымі чорнымі бровамі. «Цікава, зрабілі мне аперацыю ці не?» — ён зірнуў убок і ўбачыў Панчанкаву. Яна сядзела на табурэтцы, сумна глядзела ў акно. Уладзімір разумеў, як ёй цяжка, але яна рукі не апусціла, стараецца ўсім дапамагчы.

А Панчанкава якраз у гэту хвіліну думала пра яго. У душы яна сумнявалася, што хлопец выжыве, і, часта гледзячы на яго, мімаволі ўспамінала свайго Сяргея. Бо яны былі амаль аднагодкамі, сябравалі.

Адчуўшы на сабе погляд параненага, Панчанкава рэзка азірнулася. Убачыўшы, што ён ачуўся, усміхнулася:

— Што, сынок, прачнуўся? Гэта добра. Значыць, на папраўку ідзеш.

Ён таксама ледзь прыкметна ўсміхнуўся:

— Цётка Дуся, дзе я?

— У хаце, Вовачка, у хаце, у вёсцы Дунічы.

— Дунічы?! — здзівіўся Славін. — Як жа далёка завезлі! Пэўна, немцы насядаюць, — і тут жа спытаў: — Маме маёй перадалі, што я паранены?

— Не, сыночак. Камандзір сказаў, што яна хварэе. Загадаў не хваляваць. А сястра ведае. Яна была тут. Сёння раніцай у свой атрад адправілася. У яе нейкае тэрміновае заданне. Сказала, што праз пару дзён зноў прыйдзе. Так што ляжы спакойна, сіл набірайся.

Але так здарылася, што Жэня не прыйшла. Буйныя сілы немцаў усё больш і больш адціскалі партызан, і на наступны дзень Славіна зноў паклалі ў сані, запрэжаныя парай коней. Меўся быць далёкі шлях, у самую глыб партызанскай зоны.

Старшы лейтэнант Купрэйчык

Зіма сорак чацвёртага года была суровай. Маразы, снежныя завеі ўскладнялі барацьбу, але Чырвоная Армія ўпэўнена гнала ворага на захад.

Купрэйчык рыхтаваў групу разведчыкаў да чарговага паходу ў варожы тыл, калі прынеслі пошту. Яму ўручылі два лісты. На адным ён адразу ж пазнаў роўны, акуратны почырк жонкі. Зірнуў на другі — почырк незнаёмы, а ўнізе зваротны адрас і прозвішча — Мухіна. «Дык гэта ж жонка Кузьмы Андрэевіча», — здагадаўся Аляксей, разгарнуў ліст і пачаў чытаць: «Дабрыдзень, Аляксей Васільевіч. Вы даруйце мне, што турбую. Але я ведаю, што вы вельмі сябравалі з маім мужам. У сваіх лістах ён мне часта расказваў пра вас. Прайшло ўжо нямала часу, як я атрымала паведамленне пра яго гібель, аднак паверыць у гэта не магу. У думках быццам бы ўсё ясна, але сэрца не прызнае гэтага. Мне часта здаецца, што адбылася нейкая памылка, і Кузьма жывы. Але ў той жа час я разумею, што, на жаль, гэта не памылка. Выбачце мне, але я вас прашу, напішыце, калі ласка, як загінуў мой муж».

Купрэйчыку стала горача. Ён расшпіліў верхні гузік гімнасцёркі і паспрабаваў прачытаць ліст жонкі. Але перад вачыма ўсплыў вобраз загінуўшага сябра, а памяць з няўмольнай жорсткасцю нагадала той дзень.

Праз некалькі хвілін пасля таго, як Кузьма Андрэевіч выйшаў з бліндажа, пачуліся аглушальныя ўзрывы варожых снарадаў.

Купрэйчык адразу ж падумаў пра капітана. Ён выскачыў з бліндажа і, не зважаючы на артналёт, кінуўся шукаць Мухіна. Кузьму Андрэевіча ён знайшоў метраў за трыццаць ад бліндажа. Ён ляжаў на сырой, рыхлай зямлі. Усё цела, галава былі зрашэчаны асколкамі.

Успаміны пра сябра былі гнятлівымі, і Купрэйчык на час забыўся пра Надзін ліст, які ён машынальна паклаў у кішэнь гімнасцёркі. Пастаянная трывога за жонку прымусіла дастаць ліст і пачаць чытаць. Разгарнуў і нецярпліва зірнуў на апошнія радкі. Убачыў словы «кахаю», «цалую», з палёгкай уздыхнуў. У Надзі пакуль усё ішло сваім парадкам, і, крыху супакоіўшыся, Купрэйчык пачаў рыхтавацца да паходу.

Сёння з ім пойдуць сямёра разведчыкаў. Сярод іх Сёмін, той самы, які быў асуджаны за тое, што ўзяў «мяшок аўса… ну і каня ў дадатак». Аляксей быў задаволены, што не памыліўся тады ў гэтым чалавеку. Рыгор аказаўся адважным, спрытным і вынослівым байцом.

Акрамя Сёміна, Купрэйчык адабраў Губчыка, Зайцава, Пакатава, Ражнога, Чобатава і Лугаўца. Усе вопытныя і надзейныя людзі.

Час яшчэ быў, і Аляксей узяўся пісаць лісты. Хутка адказаў Надзюшы, затым з цяжкім сэрцам узяўся за ліст жонцы Мухіна. Ліст атрымаўся вялікім. Аляксей напісаў пра сваё сяброўства з Кузьмой Андрэевічам і пра тое, як ён загінуў.

Аддаў лісты старшыне Ганчару, а сам, накінуўшы паўкажушак, выйшаў з бліндажа. На душы было трывожна. Успомніў бацькоў і блізкіх людзей. З газет і расповедаў палітработнікаў ведаў, што фашысты амаль цалкам разбурылі Мінск. Шмат яго жыхароў, хто не паспеў эвакуіравацца ці сысці ў партызаны, знаходзіліся ў канцлагерах ці былі забіты. У Мінску ў Аляксея былі сваякі — сям’я роднага дзядзькі Славіна Міхаіла Іванавіча, — пра якіх ён нічога не ведаў.