Сярод афіцэраў, якія хадзілі ад бліндажа да бліндажа, панавала нейкая святочная прыўзнятасць. Начышчаныя, адпрасаваныя, самаўпэўненыя, яны адчувалі сябе за паўтара дзясятка кіламетраў ад лініі фронту ў поўнай бяспецы. У цэнтры знаходзіліся чатыры вялікія бліндажы, туды больш за ўсё і заходзілі афіцэры. Але пракрасціся ў любы з гэтых бліндажоў было немагчыма. Ля кожнага стаіць аўтаматчык, а вось дабрацца да тых, што паўколам ахоплівалі гэтыя чатыры бліндажы, здавалася лягчэй.
Купрэйчык, не адрываючыся ад бінокля, імкнуўся вызначыць, жыхары якога бліндажа, размешчанага на вонкавым абводзе, часцей за іншых наведваюць тыя, што ў цэнтры. «Чым больш ходзяць да начальства, — разважаў ён, — тым больш будуць ведаць».
Гадзіны праз тры старшы лейтэнант ужо вызначыў такі бліндаж. Ён размяшчаўся метраў за дзвесце ад групы, крыху лявей. Афіцэры з гэтага бліндажа ўжо па тры-чатыры разы заходзілі ў тыя, якія старанна ахоўваліся.
«Ну што ж, — вырашыў Купрэйчык, — зараз трэба вызначыць, як ахоўваецца штаб уначы».
Час ляцеў хутка. Дзень хіліўся да вечара. Нарэшце разведчыкам удалося разгадаць усю сістэму аховы штаба. Праўда, гэтаму спрыялі і самі немцы.
З набліжэннем вечара яны сталі расстаўляць парныя патрулі з вонкавага боку сваіх хованак, а каля галоўных бліндажоў колькасць вартавых павялічылася ў два разы. Купрэйчык засёк, праз які прамежак часу патрулі з’яўляюцца ля бліндажа, які ён прыкмеціў. Аказалася, што праз восем-дзевяць хвілін.
— У бліндаж пойдзем я, Лугавец і Сёмін. Ражноў і Губчык сочаць за патрулямі. Пакатаў прыкрывае ўваход у бліндаж злева, Чобатаў — справа. Ты, Зайцаў, застанешся ля дзвярэй. Агонь адкрываць толькі ў крайнім выпадку.
Вечар прайшоў хутка, штаб супакоіўся, і неўзабаве супакой і цішыня апусціліся на ўсе бліндажы. Толькі металічныя трубы густа дымелі, нібы цвелячы разведчыкаў цяплом і выгодай.
Вычакаўшы, пакуль патруль пройдзе міма патрэбнага ім бліндажа, разведчыкі накіраваліся наперад. Прама па цаліне прабіліся да сцяжынкі і пайшлі ёй да бліндажа. Купрэйчыка вярэдзіла адна і тая ж думка: «Толькі б дзверы не аказаліся на завале!»
Вось і бліндаж. Аляксей злёгку пацягнуў на сябе дзверы — незамкнёна! Ён азірнуўся на сваіх таварышаў — усе на месцах — і паціху адчыніў дзверы. За імі аказалася шчыльная суконная коўдра. У даволі прасторным памяшканні, асветленым вялікай газавай лямпай, за сталом сядзелі двое. Яны былі без кіцеляў, у зеленаватых кашулях. Купрэйчык зрабіў крок у бок ад дзвярэй, даючы магчымасць увайсці ў бліндаж Сёміну і Лугаўцу, і ўскінуў аўтамат:
— Хендэ хох!
Каманда атрымалася нягучнай і, самае галоўнае, не грознай. Аляксей хацеў паўтарыць, але, убачыўшы, што немцы з шырока расплюшчанымі ад нечаканасці і страху вачыма, паднялі рукі, загадаў Сёміну:
— Грыша, забяры пісталеты, яны на нарах ляжаць!
Сёмін, трымаючы аўтамат напагатове, узяў абодва парабелумы і спыніўся ззаду за немцамі. Купрэйчык кінуў позірк на Лугаўца:
— Жэня, загадай ім, каб леглі на падлогу і не ўздумалі шумець, а то будзе каюк.
Лугавец пераклаў, і немцы паспешна выканалі каманду. Аляксей хутка агледзеў памяшканне, запхнуў у рэчмяшок усе дакументы і дзве нейкія карты. Падумаў секунду і абшукаў кішэні кіцеляў, якія віселі на цвіках, убітых у тоўстае бярвенне сцяны. Знойдзеныя ў кішэнях дакументы таксама паклаў у рэчмяшок і сказаў Лугаўцу:
— Хай апрануцца, а то мароз моцны.
Перапужаныя да смерці афіцэры нацягнулі на сябе кіцелі, уцепленыя шынялі.
Купрэйчык загадаў Лугаўцу:
— Жэня, звяжы іх!
Лугавец дастаў з кішэні скрутак тонкай вяроўкі і хутка звязаў афіцэрам ззаду рукі, пры гэтым пакінуў па доўгім кавалку вяроўкі для «павадыроў».
— Кляпы! — пачулася ўслед новая каманда старшага лейтэнанта.
Вычакаўшы дзве хвіліны, Аляксей загадаў:
— Жэня, папярэдзь, каб не дрыгаліся, і выводзь таго, што таўсцейшы, а ты, Грыша, — худога.
Лугавец сказаў па-нямецку:
— Вы ўзяты ў палон, цяпер пойдзеце з намі. Папярэджваем: любая спроба ўцячы ці падняць шум для вас будуць раўназначныя смерці!
Немцы заківалі галовамі.
Старшы лейтэнант, пераканаўшыся, што яны добра звязаны і іх надзейна трымаюць «павадыры», загадаў патушыць ліхтары, а сам вызірнуў на вуліцу. Спытаў у Чобатава:
— Дзе патруль?
— Толькі што міма прайшоў, рушыў на новы круг.
Купрэйчык зазірнуў у бліндаж і, затуляючы ліхтар рукой, пасвяціў разведчыкам, якія знаходзіліся там, каб, выходзячы, не зачапіліся за што-небудзь.