Выбрать главу

Падштурхоўваючы палонных, разведчыкі кінуліся да гаю, дзе нядаўна знаходзіўся іх назіральны пункт. Там перавялі дыханне і пачалі хутка адыходзіць у бок пярэдняга краю. Поспех нібы акрыліў хлопцаў, і яны, не зважаючы на глыбокі снег, подбегам кіраваліся наперад. У гэту ноч завеі не было, што, вядома, абцяжарвала пераход праз лінію фронту, а тут яшчэ месяц, як на ліха, вылез з-за хмар і асвяціў усё вакол. А пярэдні край усё бліжэй і бліжэй. Ён выразна пазначаны асвятляльнымі ракетамі, якія ўзлятаюць угару.

Купрэйчык выгляду не паказваў, што моцна засмучаны сваёй учарашняй прамашкай. Ён забыўся заладзіць праход у драцяной агароджы. І цяпер пераходзіць лінію фронту ў тым жа месцы небяспечна. Немцы маглі днём заўважыць праход і зрабіць там засаду. Трэба ісці іншым шляхам.

Калі наблізіліся да варожай траншэі, Аляксей вызначыў па ўзлятаючых ракетах, дзе ёсць шырэйшы прамежак паміж асвятляльнікамі, і першым папоўз наперад, але ўспомніў, што палонным са звязанымі ззаду рукамі паўзці немагчыма, спыніўся і загадаў звязаць ім рукі наперадзе. Разведчыкі хутка выканалі загад, і група паўзком пачала набліжацца да варожай траншэі. Купрэйчык дакрануўся рукой да спіны Губчыка. Той апярэдзіў усіх і першым дасягнуў краю траншэі. Зазірнуў у чорную пашчу — пуста, толькі ў нос ударыў спецыфічны «фрыцаўскі» пах. Махнуў рукой, свабодна, маўляў, а сам не стаў чакаць, пакуль яны наблізяцца, перамахнуў праз траншэю, папоўз да драцяной загароды, дастаў з рэчмяшка нажніцы і пачаў рыхтаваць праход. Зрабіў яго шырэй, цяпер турбавацца, што немцы днём выявяць яго, не выпадала.

Скончыўшы работу, Губчык падрыхтаваў аўтамат да бою і размясціўся крыху лявей падрыхтаванага прахода. Калі немцы і выявяць групу, то ён зможа прыкрыць сяброў агнём. Але ўсё прайшло як нельга лепш. Разведчыкі пераскочылі траншэю, пераадолелі праход у драцяной загародзе і прайшлі ўсю нейтральную паласу без адзінага стрэлу.

У штабе палка не спалі. Васільеў, выслухаўшы рапарт Купрэйчыка, абняў і пацалаваў яго:

— Ну, дзякуй, Аляксей, табе і тваім арлам, дзякуй!

Затым падпалкоўнік праз перакладчыка сцісла перамовіўся з палоннымі і адразу ж патэлефанаваў камандзіру дывізіі. Не шкадуючы добрых слоў у адрас разведчыкаў, далажыў, што яны прыбылі. Скончыўшы гаворку, ён загадаў начальніку штаба даставіць палонных у штаб дывізіі і, радасна ўсміхаючыся, павярнуўся да Купрэйчыка:

— Камдзіў загадаў усіх удзельнікаў аперацыі прадставіць да ўзнагарод!

Але Купрэйчык ужо не чуў яго. Ён сядзеў на нарах і спаў, абапёршыся на драўляную стойку.

Уладзімір Славін

Сёння Уладзіміру ўпершыню дазволілі выйсці хвілін на дзесяць са шпітальнай зямлянкі. Ён ап’янеў ад яскравага святла, яркага вясновага сонца і свежага паветра, падслепавата жмурыўся, усміхаўся.

Міма ішла Панчанкава. Яна несла вялікае люстэрка. Убачыла Славіна, падышла да яго.

— Што, сынок, сонцу цешышся?

— Так, цётка Дуся! Добра як! Думаў, што і не ўбачу яго. — Заўважыўшы ў руках Панчанкавай люстэрка, спытаў: — Куды гэты вы яго нясеце?

— Ды вось, байцы трафей захапілі ў нямецкай калоне. Для шпіталя перадалі.

— Цётка Дуся! Павярніце да мяне, дайце паглядзецца. Два гады не бачыў сябе.

Панчанкава павярнула люстэрка да Славіна. Той зірнуў і сваім вачам не паверыў: перад ім стаяў высокі, худы, як жэрдка, хлопец з доўгімі ўскалмачанымі валасамі, бледным і худым тварам. Ліхаманкава блішчалі чорныя вочы, адзежа боўталася. Доўга і маўкліва, ні то са страхам, ні то з цікавасцю разглядаў сябе Уладзімір. «Няўжо гэта я? Страшны які!»

Нібы здалёку, ён пачуў голас санітаркі:

— Як сябе адчуваеш, сынок?

— Дзякуй, цётка Дуся, добра. Куля ўва мне на памяць засталася.

Жанчына, асцярожна ідучы па раскіслым снезе, накіравалася да зямлянкі.

Засунуўшы рукі ў кішэні шпітальнага паўкажушка, Славін глядзеў ёй услед: «Трэба ж так трымацца. Пра згубу Аляксея Іванавіча нават мне не сказала. Шкадавала, мабыць».

Прайшло яшчэ два тыдні. Да Уладзіміра паступова вярталіся сілы. З кожным днём ён адчуваў сябе ўсё лепш. Нарэшце наступіў дзень, калі яму было дазволена ўступіць у строй.

У канцы красавіка цёплым сонечным днём Славін з’явіўся ў атрадзе. Першым абняў яго Тамкоў.

— Выкарабкаўся ўсё ж. Малайчына! Далібог, малайчына! Сказаць папраўдзе, не дужа верыў, што акрыяеш. Ну, нічога. Жыць табе зараз, хлопец, да ста гадоў! А цяпер прымай аддзяленне. У ім, быццам для цябе, сабраліся маладыя хлопцы, камсамольцы. Работы хопіць пад завязку. Пазнаёмішся з аддзяленнем — і прыходзь у штабную зямлянку, атрымаеш заданне.