Выбрать главу

У аддзяленні Славін сустрэўся з маладымі партызанамі. Гэта былі хлопцы з новага папаўнення.

З гэтага моманту і пачалося для Уладзіміра цяжкае жыццё, поўнае пастаяннай небяспекі.

Немцы, адчайна супраціўляючыся, далей адкочваліся на захад. Аднак фюрар кідаў на Усходні фронт новыя войскі, тэхніку, боепрыпасы. Партызаны рабілі ўсё магчымае, каб зблытаць фашысцкія стратэгічныя і тактычныя планы, не даваць ворагу спакою ні днём ні ўначы.

Партызаны з аддзялення Славіна мініравалі далёкія ўчасткі чыгункі і шашу.

Неяк увечары Тамкоў паклікаў Уладзіміра ў сваю зямлянку:

— Паводле дадзеных разведкі, у гэтых краях у немцаў застаўся адзін рамонтна-аднаўленчы цягнік, абсталяваны магутным пад’ёмным кранам. Хачу даручыць твайму аддзяленню папаляваць на яго. Спачатку меркавалася падлавіць яго на мосце і падарваць. Але ж на падыходзе нашы, і вось-вось паступіць каманда: не даць фашыстам знішчыць гэты мост. Таму мы вырашылі сіламі двух аддзяленняў правесці наступную аперацыю: Крайнюк са сваімі хлопцамі падарве на адным з участкаў варожы эшалон, і немцы пашлюць туды кран. Ты са сваімі хлопцамі замініруеш дарогу вось тут, — Тамкоў паказаў чырвоную пазнаку на трафейнай нямецкай карце, — на гэтым крутым павароце. Дарога тут праходзіць па высокім насыпе, а па баках — балота. Калі ўдасца пусціць цягнік пад адхон, то дастаць кран з балота немцы не змогуць.

Славін прыкінуў на вока адлегласць ад базы да кропкі, якую паказаў на карце камандзір.

— Кіламетраў трыццаць набярэцца.

— Трыццаць пяць. Я ведаю, што ты туды яшчэ не хадзіў. Таму возьмеш з сабой Белавуса. Гэтыя месцы ён ведае выдатна.

— Белавуса? — перапытаў Уладзімір і недаверліва ўсміхнуўся. Яму ўжо не раз даводзілася слухаць расповеды пра гэтага чалавека, пра яго дзівакаваты характар. Раней Белавус ваяваў у іншым атрадзе, які патрапіў у блакаду, вымушаны быў падзяліцца і выходзіць з акружэння невялікімі групамі. Вось тады Белавус і сустрэўся з партызанамі Тамкова. Камандзір распытаў яго, даведаўся, хто ён такі, адкуль, пацікавіўся, што можа рабіць.

Белавус флегматычна адказаў:

— Магу цягнікі падрываць.

— Што яшчэ ўмееце?

— Магу цягнікі не падрываць, — таксама хмурна і даволі млява адказаў партызан…

Тамкоў усмешку і маўчанне Славіна вытлумачыў па-свойму:

— Што, сумняваешся? Гэта дарма. Мужык талковы. З любой сітуацыі выйсце знойдзе. Дарэчы, атрад, у якім ён быў да пераходу да нас, знаходзіўся ў тым раёне.

— Не, не пра гэта я падумаў, Андрэй Лявонцьевіч. Успомніў, як ён з вамі пазнаёміўся.

Тамкоў засмяяўся:

— Так, гэта сапраўды было. Яму і далі мянушку майстар дзвюх спраў. Ну, ідзі. Рыхтуйся…

Славін выйшаў ад камандзіра і хутка адшукаў Белавуса. Той сядзеў ля ўвахода ў зямлянку, чысціў вінтоўку. Уладзімір прымасціўся побач:

— Мяне толькі што Тамкоў выклікаў, загадаў правесці адну аперацыю. Накіроўвае ў тыя месцы, дзе ты раней партызаніў. Параіў і цябе ўзяць. Як ты на гэта глядзіш?

Той падняўся на ногі, ускінуў вінтоўку, прыцэліўся ў верхавіну хвоі.

Белавус быў высокі, магутны, светлавалосы хлопец, у плячах касы сажань. Славін заўважыў, што ён нават вінтоўку ўскідвае марудліва. «Няўклюда, ці будзе з яго толк?» — падумаў Уладзімір. А Белавус, прыхінуўшы да дрэва вінтоўку, выцер рыззём рукі і толькі пасля гэтага зірнуў на Славіна:

— А нам, салдатам-мужыкам, усё адно, што кулямёт, што самагонка… Абы з ног збівала.

Славін усміхнуўся:

— Дык пойдзеш?

— Я ж адказаў: нам, падрыўнікам, усё адно, дзе ўзрываць — далёка ці блізка, абы нямецкія эшалоны пад адхон ляцелі. Калі ідзём?

— Г адзіны праз дзве. Начаваць будзем ужо там.

— Буду рыхтавацца, — спакойна сказаў Белавус і, сабраўшы раскіданыя на траве маслёнку, шомпал, некалькі ануч, узяў вінтоўку і пайшоў у зямлянку.

Пасля гэтага Славін сустрэўся з Крайнюком. Той таксама рыхтаваўся да аперацыі. Некалькі хвілін таму ён інструктаваў сваіх байцоў. Цяпер усе збіраліся на заданне.

Славін і Крайнюк селі за стол, разгарнулі карту.

— Разумееш, — казаў Славін, — мне трэба падарваць толькі рамонтнааднаўленчы цягнік. А як яго апазнаць у цемры?

— Прагаласуеш, спыніш і спытаеш, — пажартаваў Антон.

— Сапраўды, выйсце, — усміхнуўся Славін і ўжо сур’ёзна працягваў: — Застаецца адно: падлавіць яго ў дзённы час. Таму давай дамовімся так: ты падрываеш першы цягнік, які пойдзе раніцай, досвіткам, а я замінірую палатно яшчэ ўначы і буду чакаць, калі днём з’явіцца рамонтнік. Немцы ў гэты час адчуваюць сябе больш смелымі і будуць цягнік гнаць да месца здарэння на вялікай хуткасці, а мы тут як тут — ірванём яго.