— А калі да ночы пачакаць? — спытаў Славін.
— Нельга. Па-першае, у нізіне могуць перакрыць дарогу, а па-другое, уначы па балоце не пройдзеш. Імгненна ў багне апынешся.
— Ясна. — Славін рашуча падняўся з зямлі. — Тады пайшлі!
Партызаны спяшаліся далей.
Камандзір батальёна капітан Мачалаў
Чырвоная Армія рыхтавалася да летняй кампаніі 1944 года, падчас якой планавалася цалкам вызваліць захопленую ворагам тэрыторыю краіны і пачаць вялікі вызваленчы паход па Еўропе.
Капітан Мачалаў нават у думках не дапускаў, што яго могуць адклікаць з фронту.
Пётр Пятровіч толькі што прыйшоў ад камандзіра палка, у якога да хрыпаты выпрошваў папаўненне для батальёна. І цяпер, седзячы разам з начальнікам штаба на палянцы, ламаў галаву, як лепей размеркаваць паміж ротамі беднае папаўненне.
— Таварыш капітан! — Мачалаў адразу ж пазнаў голас ардынарца і незадаволена абярнуўся. — Вас пытаюць.
— Хто?
— Маёр. — ардынарац далікатна і тактоўна вычакаў і, панізіўшы голас, дадаў: — Маёр медыцынскай службы.
«Няўжо Вольга Ільінічна?» — падумаў Мачалаў. У глыбіні душы ён быў упэўнены, што гэта яна. Так атрымалася, што ў апошні час палявы шпіталь, у якім служыла Васілеўская, нібы суправаджаў полк Мачалава, і яны даволі часта сустракаліся. Акрамя таго, Мачалаў добра ведаў свайго ардынарца. Калі б яго пытаў проста маёр медыцынскай службы, то ардынарац далажыў бы пра гэта іншым тонам. Мачалаў падняўся і накіраваўся да сваёй палаткі.
Пётр Пятровіч толькі прайшоў негусты хмызняк і адразу ўбачыў Васілеўскую. Апранутая ў добра падагнаную форму, хромавыя боты, халявы якіх шчыльна аблягалі лыткі ног, яна, заўважыўшы Пятра, усміхнулася і пайшла насустрач. Працягнуўшы руку, сказала:
— Вырашыла наведаць вас і развітацца.
— Як развітацца? — здзівіўся Мачалаў і збянтэжана замоўк. Яго і Васілеўскую аб’ядноўвала адна і тая ж бяда, горыч страты зблізіла іх, зрабіла сустрэчы неабходнасцю для кожнага. І вось Вольга Ільінічна кажа, што прыйшла развітацца! Яна сумна ўсміхнулася:
— Так, Пётр Пятровіч, я прыйшла развітацца. Наш шпіталь пераводзяць на іншы ўчастак фронту. Вайна ёсць вайна, — яна зноў сумна і быццам вінавата ўсміхнулася і працягнула Мачалаву лісток паперы. — Тут мой хатні, даваенны адрас, пасля вайны я вярнуся туды. Калі захочаце напісаць, то нумар маёй палявой пошты вы ведаеце. Ну, а цяпер бывайце, а можа, да сустрэчы, Пеця! Беражы вас Бог! — Яна павярнулася і пайшла, каб ён не ўбачыў яе вільготныя вочы.
А Мачалаў, прыгнечаны і разгублены, глядзеў ёй услед, нібы жадаючы пакінуць назаўжды ў сваёй памяці яе воблік, голас, сумныя вочы.
Неўзабаве Вольга Ільінічна знікла з поля зроку, і капітан, апусціўшы галаву, накіраваўся зноў да начальніка штаба. Ён разумеў, што чым далей час будзе аддаляць яго ад гэтага развітання, тым больш у душы будзе расці неабходнасць сустрэчы з Вольгай, якая стала яму не проста франтавым таварышам, але і сябрам…
Прайшло некалькі дзён, і батальён зноў атрымаў загад атакаваць праціўніка. Мачалаў быў ва ўладзе хуткага бою. Пабываў ва ўсіх узводах і ротах, гутарыў з байцамі і камандзірамі, ставіў задачу. Даўжэй, чым звычайна, затрымаўся ва ўзводзе, дзе служыў заўсёды вясёлы і бестурботны сяржант Кісліцкі, які атрымаў нечаканае «падмацаванне». Некалькі дзён таму да іх ва ўзвод прыбыў радавы Кікнадзе, гадоў сарака двух, грузін. Да гэтага ён ваяваў у іншым палку, быў паранены, і вось зноў на фронце. Кікнадзе, як і Кісліцкі, быў вясёлым і дасціпным апавядальнікам. Ён з задавальненнем слухаў забаўныя гісторыі і не ўпускаў магчымасці самому павесяліць сяброў. Сёння ў яго быў добры настрой. Дзіва што! Ён атрымаў ліст ад сына-разведчыка, якому прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Гэта навіна імгненна абляцела ўсю роту. Байцы радаваліся разам з Кікнадзе. А ён усё расказваў і расказваў пра сына.
Са слоў камандзіра роты Мачалаў ужо ведаў навіну і вырашыў павіншаваць байца. Калі яны падышлі да спехам зробленага бліндажа, то па галасах, якія даносіліся з яго, зразумелі, што там шмат людзей. Увайшлі. Капітан ад душы павіншаваў чырвонаармейца і спытаў:
— А самому не хочацца Героя атрымаць?
— Як гэта не хочацца, таварыш капітан? Я цяпер толькі і думаць буду, які мне подзвіг здзейсніць. Мой Гіві і так часта рабіў не так, як я хацеў, а цяпер без зоркі Героя мне хоць дахаты не вяртайся.