Выбрать главу

«Няўжо прарваліся?» — яшчэ не верачы ў гэта, падумаў Мачалаў і тут жа пачуў над вухам радасны крык Булацкага:

— Малайцы лётчыкі! Усё ж вырваліся з гэтага пекла!

Праз некалькі хвілін маторы пачалі працаваць спакайней.

З кабіны выйшаў другі пілот. Падсвечваючы сабе ліхтарыкам, падышоў да пасажыраў і нахіліўся да Мачалава:

— Пашанцавала нам, капітан, прарваліся.

— Далёка яшчэ?

— Што?

— Я пытаю, доўга яшчэ ляцець?

— Каля трыццаці хвілін. — Пілот хацеў яшчэ штосьці сказаць, але не паспеў. Усярэдзіне самалёта зноў стала светла ад пражэктараў, якія зноў учапіліся ў яго. Лётчык кінуўся да кабіны.

Вакол самалёта на ўсю моц пачалі рвацца снарады. Лётчыкі прымянілі супрацьзенітны манеўр: то змейкай самалёт павядуць, то рэзка рвануць убок, то кінуць самалёт па нахільнай да зямлі, але ўсё было марным. На серабрыстых плоскасцях скрыжаваліся прамяні трох ці чатырох пражэктараў. Учапіліся моцна, даючы магчымасць зенітчыкам весці прыцэльны агонь. Нават праз надрыўнае выццё матораў было чуваць, як густа рвуцца снарады. Наперадзе стала суцэльная сцяна разрываў, і самалёт рэзка павярнуў направа.

«Эх, пратрымацца б яшчэ пару хвілін, і мы выйдзем з зоны агню!» — падумаў Мачалаў.

Яго плячо моцна сціснула рука Булацкага. Праз шум матораў і гул чарговай серыі ўзрываў Мачалаў ледзьве разабраў словы:

— Правае крыло гарыць!

Мачалаў адчуў пах дыму, які пракраўся ў салон. Пётр Пятровіч хацеў падысці да процілеглага борта, але самалёт нібы натыкнуўся на нябачную сцяну, здрыгануўся і дзяўбнуў носам. Тут жа аглушальна зараўла сірэна. Стралок, зваліўшыся зверху, пракрычаў у твар Мачалаву.

— За мной! Да дзвярэй, будзеце скакаць! Самалёт гарыць!

Мачалаў пацягнуў за рукі сваіх таварышаў і рушыў услед за стралком. Той адкрыў цяжкія дзверы, у самалёт разам з ровам матораў і грукатам уварвалася полымя. Стралок штосьці пракрычаў Мачалаву і выпхнуў яго першым. Магутны струмень паветра адразу ж адкінуў яго ад самалёта і некалькі разоў перавярнуў. Мачалаў палічыў да пяці і тузануў за колца. Адразу адчуў моцны рывок — гэта раскрыўся парашут, і тут жа наступіла цішыня. Мачалаву здалося, што ён аглух, але ўбачыўшы, як далёка злева слізгае да зямлі агорнуты полымем самалёт, зразумеў, што зеніткі спынілі агонь.

«Ці паспелі лётчыкі выскачыць? Ці перадалі нашым пра тое, што здарылася?» — падумаў капітан і ўбачыў, як у гэта імгненне самалёт урэзаўся ў зямлю. Нават адгэтуль, з вялікай вышыні, было відаць велізарнае полымя, якое ўскінулася на месцы падзення. У гэты момант Мачалаў не ведаў, што лётчыкі коштам уласнага жыцця паспелі выратаваць іх, сваіх пасажыраў, і паведаміць па радыё пра тое, што самалёт падбіты.

Разгойдваючыся пад купалам, капітан увесь час круціў галавой, спрабуючы адшукаць у небе сваіх, але вакол была толькі цемрадзь, і тады ён паглядзеў уніз, туды, дзе разгортвалася і шырылася, станавілася ўсё бліжэй і бліжэй чорная, занятая ворагам зямля, якая палохала сваёй невядомасцю.

Уладзімір Славін

Брыгада, у якой ваяваў Славін, перажывала напружаныя дні. Паводле дадзеных разведкі, праз параўнальна невялікі ўчастак, на якім яна размяшчалася, праціўнік намерваўся адвесці на захад буйнае вайсковае падраздзяленне.

Усю ноч і ўвесь наступны дзень партызаны капалі траншэі, будавалі дзоты. І калі далажылі пра набліжэнне варожых сіл, брыгада ўжо была падрыхтавана адбіваць атакі.

Славін камандаваў групай байцоў, якія заселі ў дзоце на стыку дзвюх траншэй. Наперадзе адкрываўся шырокі сектар абстрэлу. У партызан было тры кулямёты. «Максім» мог трымаць пад прыцэльным агнём вялікае поле, дзе каласілася жыта, а два ручныя кулямёты прыкрывалі флангі і подступы да траншэй.