Выбрать главу

Пакуль калона рухалася збоку ад дзота, дзе быў Уладзімір Славін. Але ён разумеў, што з першымі ж стрэламі яна разгорнецца ў фронт. І тады дзот апынецца ў самым цэнтры абароны. Уладзімір зірнуў у левую амбразуру. Метраў за трыццаць каля замаскіраванай процітанкавай гарматы замерлі артылерысты. Справа, у акопах, на адлегласці дваццаці метраў адзін ад аднаго заселі байцы з двума процітанкавымі ружжамі. Калі немцы паспрабуюць танкамі знішчыць кулямёты ў дзоце і прабіць пралом у абароне, то гармата і процітанкавыя ружжы ў гэты момант выканаюць сваю задачу. Але вораг можа хутка выявіць гармату і знішчыць яе. Тут вельмі важна заўчасна не выдаць сябе.

Крыху адарваўшыся ад калоны, тры легкавыя машыны спыніліся, прапускаючы наперад чатыры танкі.

Раптам пад першым танкам, які ўжо абагнаў легкавушкі, грымнуў выбух. Браніраваная махіна на нейкі момант схавалася ў воблаку чорнага дыму. Тут жа над пазіцыямі, занятымі партызанамі, узвілася ў неба чырвоная ракета. Амаль залпам ударылі па ворагу гарматы, засакаталі кулямёты, аўтаматы. Фашысцкая калона рассыпалася на вачах і распаўзлася, як мурашнік. Адзін за адным успыхнулі грузавікі, задыміўся яшчэ адзін танк. Славін прыпаў да кулямёта, касіў непрыяцеля доўгімі чэргамі. Справа і злева падтрымлівалі яго трапнай стральбой таварышы. Удала дзейнічалі флангавыя кулямёты, узяўшы калону пад перакрыжаваны агонь.

Аднак сітуацыя пачала хутка мяняцца. Ужо адчувалася, што нямецкае камандаванне ачомалася ад нечаканага ўдару. Фашысты адкрылі агонь у адказ. І ён станавіўся ўсё больш інтэнсіўным, арганізаваным. Гітлераўскія салдаты хутка выводзілі з-пад абстрэлу машыны, коней, перацягвалі ў бяспечныя месцы параненых.

Танкісты, відавочна, атрымалі загад па радыёстанцыі прыкрыць калону. Таму танкі на вялікай хуткасці панесліся ўздоўж дарогі, бесперапынку страляючы з гармат і кулямётаў. За танкамі паказаліся ланцугі аўтаматчыкаў. Фашысты цяпер не лічыліся ні з якімі стратамі, спадзеючыся ўсёй сілай знішчыць партызанскія ўмацаванні. Ім трэба было, чаго б гэта ні каштавала, прарвацца да лесу.

Партызаны вялі прыцэльны агонь, і ланцугі наступаючых заляглі. Немцы паспелі ўстанавіць на невялікім узвышшы тры артылерыйскія гарматы, адкрылі магутны агонь. Здрыгануўся і напоўніўся дымам дзот. «Прамое пападанне, — падумаў Уладзімір і перастаў страляць, чакаючы, пакуль рассеецца дым. — Чаго ж чакаюць артылерысты? Чаму не б’юць па батарэі?»

А немцы вялі абстрэл партызанскіх умацаванняў з вялікай дакладнасцю. У траншэях з’явіліся забітыя і параненыя. Дзе-нідзе запанікавалі маладыя неабстраляныя байцы. Некаторыя з іх выскоквалі з акопаў, беглі ў лес. Цяжка было партызанам, не звыклым супрацьстаяць танкам і артылерыі. Разумеў гэта і Глазкоў. Ён хутка разаслаў сувязных, каб тыя аддалі загад артылерыстам біць па танках, а снайперам — па падносчыках снарадаў да варожых гармат.

Гітлераўцы зноў рвануліся ў атаку, але шчыльны загараджальны агонь зноў прымусіў іх залегчы. Глазкова хвалявала і тое, што варожыя аўтаматчыкі не адкаціліся назад, а проста заляглі. Было зразумела, што яны спрабуюць максімальна скараціць адлегласць, каб адным кідком прабіць пралом у партызанскай абароне. Ён паклікаў начальніка штаба:

— Вазьмі ўзвод байцоў з аўтаматамі і пару ручных кулямётаў, лесам прайдзіце да ракі, перапраўцеся, абыдзіце з фланга і ўдарце па батарэі. Бачыш, яна практычна застаецца без прыкрыцця з флангаў.

Праз некалькі хвілін атрад байцоў схаваўся ў лесе. А жорсткая сутычка ўспыхнула з новай сілай. Фашыстам удалося вывесці са строю дзве партызанскія гарматы, якія вялі агонь па танках. Заставалася толькі адна гармата. Крытычнае становішча не наступіла толькі дзякуючы таму, што нямецкія танкісты, асцерагаючыся мін, не рызыкавалі ісці праз поле, зарослае азімымі. Але Глазкоў разумеў, што так доўга працягвацца не можа, выскачыў з бліндажа і па траншэі кінуўся на левы фланг. Ён паспеў заўважыць, якія страты нанеслі нямецкія гарматы партызанам. Камбрыг на нейкі момант спыняўся, падбадзёрваў байцоў і зноў, амаль не прыгінаючыся, бег далей. Заскочыўшы ў дзот, дзе знаходзілася група Славіна, загадаў:

— Не давайце ім адарвацца ад зямлі!

Убачыўшы бранябойшчыка, махнуў рукой, каб той ішоў за ім. Нарэшце камбрыг дасягнуў мэты. Каля дзеючай гарматы завіхаліся толькі тры байцы.

— Дзе астатнія? — крыкнуў ён і тут жа асекся, убачыўшы знявечаныя трупы. — Бяжы хутчэй да тых гармат! — Глазкоў паказаў сувязному на разбітыя гарматы. — Знайдзі ацалелых артылерыстаў і хутчэй вядзі сюды.