Выбрать главу

Падносчык снарадаў — высокі малады баец з акрываўленай павязкай на галаве — крыкнуў:

— Калі засталіся снарады, цягніце!

Камбрыг дадаў:

— Падбярыце ўсе да адзінага.

У гэты момант за некалькі крокаў ад яго разарваўся снарад.

Выбухная хваля кінула Глазкова на зямлю. Падбег наводчык:

— Жывыя, таварыш камандзір?

— Жывы-жывы, — адазваўся камбрыг, ледзь падымаючыся на ногі. — Давай да гарматы! Бяры на прыцэл левы танк. Бачыш? — бок падстаўляе. Дзе бранябойшчык?

Наводчык, не кажучы ні слова, павярнуў галаву направа. Камбрыг убачыў мёртвага бранябойшчыка. А тым часам набліжалася падмацаванне. Глазкоў прыгледзеўся, пазнаў камандзіра роты Тамкова, трох сваіх сувязных, Белавуса, які ў адной руцэ трымаў процітанкавае ружжо, у другой — сумку з патронами Услед за ім спяшалася яшчэ група людзей. Яны неслі цяжкія скрыні са снарадамі.

Гітлераўцы з ваяўнічымі крыкамі зноў падняліся ў атаку. Адкрылі агонь партызанскія кулямёты. У грукаце бою змяшаліся аўтаматныя чэргі, частыя вінтовачныя стрэлы. Агонь па-ранейшаму быў шчыльным, і праціўнік павярнуў назад. Ён адкаціўся нават далей ад таго месца, дзе толькі што пачыналася атака. Глазкоў праз сувязнога перадаў па ланцугу загад эканоміць патроны. Хто ведае, колькі яшчэ давядзецца трымаць абарону!

Абодва танкі сканцэнтравалі агонь на партызанскай гармаце. Асабліва быў небяспечны той, што знаходзіўся ў невялікай лагчыне. Яго корпус быў надзейна закрытым. З-за грудка тырчаў толькі ствол гарматы. Да Глазкова падбег Белавус, паказаў на танк:

— Таварыш камандзір! Дазвольце? Паспрабую скалупнуць.

Іншага выйсця не было. Глазкоў згадзіўся:

— Давай, браток. Толькі будзь асцярожны!

Белавус, прыгінаючыся, ускочыў у траншэю, схаваўся ў ёй і паказаўся метраў за семдзесят правей. Ён поўз полем, абыходзячы танк. «Правільна!» — ухваліў дзеянні байца камбрыг.

Белавус хутка набліжаўся да мэты. Ён думаў толькі пра адно: «Не нарвацца б на сваю міну! Трэба як мага хутчэй убачыць бок танка, зрабіць трапны стрэл». Бранябойшчык на секунду прыпыніўся, працягнуў руку да пояса. Усе тры гранаты былі на месцы. Ён яшчэ хутчэй накіраваўся наперад. Цяпер партызан знаходзіўся паміж двух агнёў: білі з усіх кропак свае, азвярэла адстрэльваліся немцы. «Толькі б дапаўзці, толькі б узяць на мушку!» Пра тое, што будзе далей, Белавус не думаў. Перад ім крыху лявей усё больш выразна вырастаў плямісты, брудна-зялёны корпус танка.

Глазкоў нецярпліва паглядаў на гадзіннік. Паклікаў аднаго з сувязных:

— Давай — на правы фланг! Скажы снайперам, хай узмоцняць агонь па падносчыках снарадаў.

Сувязны кінуўся да лесу, знік у зарасніках. Камбрыг паглядзеў наперад і тут жа ледзь не ўскрыкнуў ад радасці. Нарэшце адзначыліся артылерысты. Іх стрэл быў дакладным: танк, які выскачыў на адкрытую мясцовасць, загарэўся.

Глазкоў тут жа перавёў бінокль правей, дзе хаваўся апошні танк. «Як там Белавус? — падумаў ён. — Ці жывы?» Цяпер уся надзея была толькі на яго. А танк пасылаў снарад за снарадам, метадычна разбіваў дзот, што знаходзіўся на левым фланзе партызанскай абароны. Кулямёты, устаноўленыя ў дзоце, ужо маўчалі, і Глазкоў накіраваў туды сувязнога, каб той аддаў загад байцам на час пакінуць умацаванне, чакаць новай варожай атакі, а пакуль хавацца ў траншэі. У бінокль камбрыг убачыў, што фашысты засяродзілі вялікія сілы якраз насупраць дзота. Іх задума была зразумела: пад прыкрыццём танкавай зброі і гармат паспрабаваць змяць партызанскую абарону.

Пот раўчуком сцякаў па твары, засцілаў вочы. Белавус упарта прасоўваўся наперад. Нарэшце ўвесь левы бок фашысцкага танка патрапіў у поле зроку. Трэба было біць беспамылкова, і Белавус вырашыў яшчэ наблізіцца да цэлі. Да залеглых немцаў заставалася метраў сорак-пяцьдзясят. Яны, мабыць, паспелі заўважыць партызана, які поўз, адкрылі агонь. Белавус замёр на хвіліну, шчыльней прыціснуўся да зямлі, а затым папоўз далей. Калі да танка заставалася не больш як дваццаць метраў, ён затрымаўся, пачаў старанна прыцэльвацца і ў гэты момант адчуў пранізлівы, быццам ад праколу велізарнай іголкі, боль у правым баку. Танк павольна паплыў перад вачамі. «Няўжо паранены? Няўжо насмерць?» Думка пра тое, што заданне не будзе выканана, на нейкі момант зноў вярнула яму адчуванне рэальнасці. Перамагаючы боль, ён усё ж прыпаў да прыцэла. Мушка процітанкавага ружжа сумясцілася з крыжам, намаляваным на баку машыны. Белавус націснуў на курок і ўжо не адчуў рэзкай аддачы ў плячо ад стрэлу, не ўбачыў, як праз імгненне танк ярка ўспыхнуў: у вежы ўзарваліся снарады. А Белавус тым часам ляжаў на разагрэтай чэрвеньскай зямлі, і яго мярцвеючыя рукі ўсё яшчэ сціскалі зброю.