І Славін, і яго таварышы патрапілі ці не ў самае пекла. Ад моцнага перагрэву раптам зусім недарэчы заклініў «максім». Уладзімір схапіўся за ручны кулямёт. Ашчаджаючы патроны, страляючы кароткімі чэргамі па фашысцкіх аўтаматчыках, якія зноў падняліся, бесперапынку страляў другі ручны кулямёт, устаноўлены ў дзоце.
Партызаны, якія заселі ў акопе, таксама трымаліся стойка. Яны не завагаліся нават тады, калі вораг наблізіўся. Выручылі ручныя гранаты.
Тым часам Крайнюк з групай партызан зайшоў гітлераўцам у фланг і сваім агнём скаваў іх дзеянні. Немцы каторы раз павярнулі назад.
Славін весела ўсклікнуў:
— Зноў даюць нам адпачынак. Уцякаюць! Рыхтуйце боепрыпасы, — і сам пачаў набіваць патронамі дыск ручнога кулямёта.
Глазкоў бачыў, як захлынулася чарговая варожая атака. Праціўнік нёс вялікія страты. Аднак усё менш заставалася ў баявым страі і партызан. Занадта вялікі ўрон нанесла непрыяцельская артылерыя. Вось і цяпер гарматы з новай сілай аднавілі абстрэл партызанскіх пазіцый.
Камбрыг не ведаў, дзе знаходзіцца начальнік штаба са сваімі байцамі. Разліковы час ужо скончыўся, а фашысцкія гарматы працягвалі страляць усё гэтак жа метадычна, як і напачатку бою, руйнуючы з зямлёй партызанскія ўмацаванні, сеючы смерць і калецтвы.
Аднак Глазкоў хваляваўся дарэмна. Байцы ўзвода падабраліся ўжо да агнявых пазіцый. З крыкам «ура!» яны абрынуліся на ворага, знішчылі ўвесь гарматны разлік.
Захопленыя гарматы тут жа былі накіраваны ў бок праціўніка. Глазкоў хутка ацаніў становішча, падняў брыгаду ў атаку, каб фашысты не змаглі адбіць сваю артылерыю назад. Але ў гэты момант над зялёным полем з’явілася некалькі белых сцягоў. Немцы, як па камандзе, трымаючы рукі ўгару, павольна ішлі ў бок партызан. Тыя спачатку нават не зразумелі, што такое, вырашылі, што фашысты зноў ідуць у атаку. Дзе-нідзе грукнулі стрэлы. Глазкоў загадаў не страляць, а сам уважліва працягваў глядзець у бінокль. «Што гэта? Хітрасць ворага ці сапраўды намер здацца?»
— Перакладчыка да мяне! — крыкнуў Глазкоў.
Падбег перакладчык. Да вайны ён выкладаў у школе нямецкую мову, нядрэнна валодаў ёю. Глазкоў у гэты момант накіраваўся да дзота Славіна. Уладзімір выйшаў насустрач.
— Бяры аўтамат, пойдзеш са мной! — распарадзіўся Глазкоў.
Славін узяў аўтамат і, абтрасаючыся, пайшоў за камандзірам.
Немцы, падняўшы рукі, стаялі па ўсім полі. Здавалася, што іх вельмі шмат. Глазкоў, не азіраючыся, кінуў Славіну:
— Глядзі, Валодзя! Колькі іх яшчэ засталося! — памаўчаў, усміхнуўшыся, дадаў: — Бачыш, як часы змяняюцца! Раней крычалі, маўляў, не браць партызан у палон, а цяпер самі партызанам здаюцца.
З нямецкага боку насустрач Глазкову, Славіну і Ляўковічу рушылі тры афіцэры. Яны былі без зброі, адзін трымаў у руцэ дубчык, да верхняга канца якога была прывязана белая насоўка. Калі трохі зблізіліся, Глазкоў ціха заўважыў:
— Так, не тыя немцы пайшлі. Не тыя. Глядзіце, дзе іх акуратнасць, падцягнутасць, фанабэрыстасць?
І сапраўды, выгляд брудных, з пакамечанымі тварамі афіцэраў быў занадта далёкі ад уяўлення пра выпешчаных, напышлівых прадстаўнікоў «вышэйшай расы».
Сустрэліся. Немцы ўзялі пад казырок. Адзін з іх, з цяжкасцю падбіраючы словы, пачаў гаварыць на ламанай рускай мове. Але Глазкоў перабіў яго, звяртаючыся да перакладчыка:
— Скажы яму, што за тры гады вайны ён так і не вывучыў ні рускай мовы, ні рускага чалавека. Таму гаворку лепш павядзём на іх мове.
Афіцэры, пачуўшы родную гаворку, яшчэ больш зніякавелі. Старшы з іх, выціснуўшы на твары штосьці накшталт усмешкі, сказаў:
— Разумеем, што наша становішча безнадзейнае. Прарваць абарону мы не змаглі. А разварочвацца і сыходзіць назад няма ніякага сэнсу. Ваша войска ідзе па нашых слядах. Ды і вы не дасце адыходзіць. Таму я як старшы сабраў усіх афіцэраў, прапанаваў уступіць з вамі ў перамовы пра ганаровую здачу ў палон. Усе пагадзіліся, і мы абвясцілі пра сваё рашэнне салдатам. Яны, як бачыце, таксама не пярэчаць.
— Што вы разумееце пад словамі «ганаровы палон»? — спытаў Глазкоў.
— Абыходжанне з намі як з ваеннапалоннымі. Звычайныя ўмовы для існавання, у тым ліку харчаванне, а таксама магчымасць афіцэрам пакінуць пры сабе асабістую халодную зброю.
Глазкоў цвёрда адрэзаў:
— Пан афіцэр, вы ведаеце, у якіх умовах партызаны ваююць за сваю Радзіму. Да падыходу Чырвонай Арміі мы будзем утрымліваць вас у лесе. У вас ёсць паходныя кухні, будзеце рыхтаваць сабе ежу, сёе-тое з харчу мы дамо. Ніякай халоднай зброі захоўваць пры сабе не дазволім.