Выбрать главу

Статутная форма адзежы, спецыяльныя нарукаўныя павязкі, а таксама дакументы, якія сведчаць асобу, пасады і званні «адыходзячых», — усё гэта надзейна прыкрывала іх.

Партызаны, вядома, маглі ісці і лясамі, але Славін як старшы вырашыў не рабіць гэтага. Там можна было натыкнуцца на карнікаў, якія не сталі б правяраць, хто гэтыя людзі, што хаваюцца ў лесе. У гэты момант, між іншым, трэба было асцерагацца і сваіх. Калі б групу затрымалі ў лесе партызаны, то маглі б пачацца працяглыя праверкі, а час неабходна цаніць, нельга прапускаць ніводнага дня. Таму хлопцы і вырашылі ісці побач з нямецкімі войскамі, выдаючы сябе за ўцекачоў-паліцаяў. Акупанты цяпер былі зусім іншымі. Усімі імі авалодала панічнае жаданне хутчэй выйсці з-пад удараў Чырвонай Арміі.

А партызан з групы Славіна трывожыла думка, што чакае іх наперадзе.

Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык

Купрэйчык быў засмучаны. Яму здавалася, што іх полк, якраз пасля таго як быў вызвалены Мінск, трапіў у паласу наступлення на Гродна. Але гэтага не здарылася. Полк апынуўся ў складзе войскаў, якія прасоўваліся паўднёвей. Працы ў разведчыкаў было шмат. Цяпер, калі нямецка-фашысцкія войскі імкліва адкочваліся на захад, даводзілася рабіць далёкія пераходы і, каб здабытыя звесткі не састарэлі, перадаваць іх па радыё. Часта бывала і так: разведчыкі, выканаўшы заданне, не вярталіся ў свой полк, а чакалі яго падыходу ці адразу ж ішлі яшчэ далей, выконваючы новы загад. Было цяжка, але затое радасна на душы. Чырвоная Армія завяршала вызваленне Радзімы. Падчас аперацыі «Баграціён» цалкам была вызвалена Беларусь. Наперадзе была Польшча.

З непрытоенай цікаўнасцю байцы ўзвода Купрэйчыка глядзелі на чужую зямлю. У гэту ноч Купрэйчык і дванаццаць разведчыкаў знаходзіліся далёка ад свайго палка. Яны ўжо чацвёртыя суткі здабывалі звесткі пра размяшчэнне нямецкіх войскаў, пра абарончыя збудаванні, і па радыё дакладвалі свайму камандванню аб усім. Толькі што скончыўся сеанс сувязі. Купрэйчык перадаў кароткую радыёграмму і пасля пацверджання прыёму атрымаў загад вяртацца назад.

Пакуль байцы рыхтаваліся да паходу, ён сядзеў, прытуліўшыся спінай да дрэва, і думаў: «Цікава, чаму Васільеў вырашыў адклікаць нас?» Нібы пачуўшы яго, Сцяпаныч спытаў пра гэта.

— Сапраўды, — падтрымаў яго Лугавец, — які сэнс нас ганяць лішні раз праз лінію фронту, калі нашы заўтра самі тут будуць? Як ты лічыш, камандзір?

— Я лічу, што нам пакуль трэба кіламетраў дзесяць адмахаць, каб пераадолець гэта чыстае раўніннае месца. Да раніцы дабяромся да лесу, перадыхнём, а ўначы да перадавой.

Нарэшце ўсе сабраліся, і група з трынаццаці чалавек падалася на ўсход. Ішлі не вельмі асцерагаючыся, наўрад ці немцы размесцяцца на раўніннай бязлеснай мясцовасці.

Арыентуючыся па компасе, ішлі па роснай траве, у густым халодным тумане. Толькі тады, калі начная цемрадзь змянілася яшчэ слабай, ледзь прыкметнай перадсвітальнай зарой, увайшлі ў лес. Адшукалі гусцейшае месца, і, перш чым легчы спаць, Купрэйчык, звяртаючыся да Зайцава і Лугаўца, сказаў:

— Я думаю, што нас адклікаюць таму, што нашы прыпынілі наступленне.

— Гэта чаму ж? — спытаў Сцяпаныч, і Аляксей заўважыў, як усе астатнія разведчыкі насцярожыліся.

— Бачылі ж самі, што немцы рыхтуюцца да абароны, а каб наступаць далей на Варшаву, трэба сабрацца з сіламі.

— А як жа плацдарм, што нашы захапілі на рачулцы? — спытаў Губчык.

Купрэйчык усміхнуўся:

— Ведаеш, Пеця, і дзясяткі такіх плацдармаў не вырашаць стратэгічнай задачы. Гэты плацдарм зручны нашаму палку для пераадолення невялікай воднай перашкоды, што ж тычыцца арміі ці фронту, то там, магчыма, нават і не ведаюць, што полк падпалкоўніка Васільева сілай у адну роту захапіў кавалак процілеглага берага нейкай маленькай рачулкі. Праўда, для нас з вамі гэты плацдарм мае значэнне. Мы да сваіх будзем вяртацца менавіта ў тое месца.

— Дык там жа цяпер сапраўднае пекла, — з сумненнем прагаварыў Сёмін, укладваючыся зручней.

— Так, нясоладка. Але ў іншым месцы пайсці — значыць на міны напароцца, цяпер іх, ведаеш колькі там немцы панатыркалі?

— Добра, браткі, каравульным застанецца Ражноў, астатнім — спаць. Змяняцца будзем па чарзе праз гадзіну.

Перш чым заснуць, камандзір сказаў Ражнову:

— Мікалай, папярэдзь таго, хто будзе за табой дзяжурыць, каб ён мяне разбудзіў, калі яго час міне.