Выбрать главу

Легат прачытаў спісаную старонку, трымаючы Часаслоў вельмі далёка ад сябе, з асцярогі, што кніга насычаная якой-небудзь атрутай. Затым ён вярнуў Часаслоў крамнічыхе і нават не паслаў шпіёнаў па яе слядах. Не прайшло і сарака хвілін з таго часу як Ваніна выйшла з хаты, а яна ўжо пабачылася з пакаёўкай, якая вярнулася ад легата, і пабегла да Місірыллі, упэўненая, што з гэтага часу ён цалкам належыць ёй. Яна сказала яму, што ў горадзе незвычайны рух, усюды ходзяць патрулі, нават па такіх вуліцах, дзе іх ніколі не бачылі.

- Паслухай мяне, - дадала яна, - з'едзем зараз жа ў Сан-Нікола.

Місірыллі пагадзіўся. Яны вышлі пешшу з горада; непадалёк ад заставы Ваніну чакала карэта, дзе сядзела яе кампаньёнка, маўклівая і шчодра аплачаная ўлюбёнка. Па прыездзе ў Сан-Нікола Ваніна ў замяшанні ад свайго жахлівага ўчынку з пяшчотаю тулілася да Пьетра. Але калі яна гаварыла яму словы кахання, ёй здавалася, што яна грае камедыю. Напярэдадні, здзяйсняючы здраду, яна забылася аб згрызотах сумлення. Абдымаючы каханага, яна думала: «Калі зараз хто-небудзь скажа Пьетра адно слова, адно толькі слова - і ён навекі зненавідзіць мяне...»

Глыбокай ноччу ў спальню ўвайшоў адзін са слугаў Ваніны. Чалавек гэты быў карбанарыям, аб чым яна і не падазравала. Значыцца, у Місірыллі былі таямніцы ад яе нават у гэтым? Яна здрыганулася. Слуга прыйшоў папярэдзіць Місірыллі, што ў гэтую ноч у Форлі ачапілі дамы дзевятнаццаці карбанарыяў, а іх саміх арыштавалі, калі яны вярталіся са сходу венты. На іх напалі знянацку, але ўсё ж дзевяць карбанарыяў збеглі. Дзесяць астатніх карабінеры адвялі ў крэпасць. Калі яны ўвайшлі на турэмны двор, адзін з арыштаваных кінуўся ў глыбокі калодзеж і разбіўся. Ваніна самлела; да яе шчасця, Пьетра гэтага не зазначыў: ён мог бы прачытаць у яе вачах здзейсненае ёю злачынства...

- Салдаты гарнізона, - дадаў слуга, - ачапілі ўжо ўсе вуліцы ў Форлі. Яны стаяць так блізка адзін ад аднаго, што могуць перагаворвацца. Жыхарам дазваляюць пераходзіць праз вуліцу толькі ў тым месцы, дзе стаіць афіцэр.

Калі слуга выйшаў, Пьетра задумаўся.

- Зараз нічога нельга зрабіць, - сказаў ён нарэшце.

Ваніна была ні жывая ні мёртвая; яна ўздрыгвала ад кожнага погляду каханага.

- Што з вамі, Ваніна? Вы нейкая дзіўная сёння, - сказаў ён.

Потым стаў думаць аб іншым і адвёў ад яе погляд. Удзень яна адважылася сказаць яму:

- Вось яшчэ адна вента раскрытая. Мне думаецца, вы некаторы час будзеце жыць спакойна.

- Вельмі спакойна, - прамовіў Місірыллі з усмешкай, ад якой яна закалацілася.

Ваніна вырашыла адправіцца ў вёску Сан-Нікола да святара, які быў, магчыма, шпіёнам езуітаў. Да абеду, у сем гадзін, яна вярнулася і ўбачыла, што пакой, дзе яна схавала каханага, спусцеў. У роспачы яна кінулася шукаць яго па ўсёй хаце, але нідзе не знайшла. У поўным адчаі яна вярнулася ў пакой і толькі тады заўважыла на стале цыдулку. Яна прачытала:

«Я сыходжу, каб аддаць сябе ў рукі легата. Я страціў веру ў поспех нашай справы: само неба супраць нас. Хто нас выдаў? Можа быць, той нягоднік, які кінуўся ў калодзеж. Жыццё маё зараз не патрэбнае няшчаснай Італіі, і я не жадаю, каб таварышы, убачыўшы, што толькі аднаго мяне не арыштавалі, маглі падумаць, быццам я ім здрадзіў. Бывайце! Калі вы кахаеце мяне, кіньце ўсе высілкі на тое, каб адпомсціць за нас. Пакарайце, знішчыце подлага здрадніка, калі гэта нават мой бацька!»

Ваніна звалілася на крэсла амаль у непрытомнасці, раздзіраючыся жорсткай пакутай. Яна не магла вымавіць ні слова, не выпусціла ні адной слязы; вочы яе гарэлі.

Нарэшце яна кінулася на калені.

- Божа вялікі! - выклікнула яна. - Прымі мой зарок! Так, я пакараю подлага здрадніка! Але дапамажы мне спачатку вярнуць вольнасць Пьетра.

Праз гадзіну яна ўжо ехала ў Рым. Бацька даўно прыспешваў яе вярнуцца. У адсутнасць дачкі ён паабяцаў яе руку князю Лівіа Савелі. Як толькі Ваніна прыехала, бацька баязліва загаварыў з ёю аб гэтым, але да вялікага яго здзіўлення, яна адразу пагадзілася. У той жа вечар у гасцінай графіні Вітэлескі бацька амаль афіцыйна прадставіў ёй дона Лівіа як жаніха, яна доўга гутарыла з ім. Малады князь быў узорам элегантнасці, трымаў цудоўных коней, у грамадстве яго лічылі вельмі дасціпным, але вельмі легкадумным; ён не мог узбуджваць ніякіх падазрэнняў ва ўрада. Ваніна вырашыла, што, ускружыўшы яму галаву, яна зробіць яго выканаўцам сваіх планаў. Яна разлічвала, што шпіёны не адважацца сачыць за пляменнікам мансіньёра Савелі-Катанцара - рымскага губернатара і міністра паліцыі.