І так атрымалася, што пакуль Ён замяшчаў брыгадзіра, першым прысобіў да сваёй тонкай шыі гальштук старшыня, а потым непрыкметна і той-сёй яшчэ. Павесялела ў памяшканні канторы, святлей стала. Ад гальштукаў, ад белых кашуль.
...Ён вяртаўся дадому стомлены, з брудным ад пылу і поту тварам, калі перад ім пратарахцеў на калёсах вясковец, а потым "тырпнуў" каню, і той перастаў плёхаць капытамі. Вясковец пачакаў, пакуль да яго падыдзе Ён.
— Паслухай, што я табе скажу, — затрымаў вясковец на в.а. брыгадзіра зачэпісты позірк. — А скажу, калі знаць хочаш, табе наступнае... Дык вось... уймі сваю бабу. Угамані. Прыструнь. Няхай ты часова брыгадзір, а яна — хто? Хто яна, каб папытаць? Адстаўной казы барабаншчык? Так?
— Не зразумею, што ты хочаш, Пятро?
— Камандзіраў, гляджу, развялося, аднак. Ну, еду сабе... як і кожны раз... Пратарахцеў каля тваёй хаты, значыць... А Маруся на ўсю вуліцу крычыць мне наўздагон:
— Як ты едзеш, паразіт? Калёсы паламаеш!..
Ён засмяяўся, паляпаў па плячы вяскоўца, паабяцаў:
— Едзь далей, не бяры ў голаў. А з жонкай, сваёй брыгадзіршай, я абавязкова разбяруся. Не хвалюйся. Я ёй пакажу, як твае асабістыя калёсы шкадаваць.
— Дык у тым жа і справа! Былі б хоць калгасныя!..
Вярнуўшыся ж дахаты, Ён нічога жонцы не сказаў, а смачна павячэраў і лёг спаць. Засыпаючы, шкадаваў, што заўтра Ён ужо не брыгадзір, а жонка — не брыгадзірша.
Ён жыў адзін у двухпакаёвай кватэры, на трэцім паверсе ў нашым пад'ездзе. Асабіста мне не даводзілася сустракаць палкоўніка ў адстаўцы, няхай і адзінокага, у менш габарытным жыллі. Ён жыў сціпла, з суседзямі трымаўся на адлегласці, сам першы ніколі не вітаўся, а калі хто даваў яму "добрага дня", ляніва ківаў галавой ці адказваў коратка і ціха.
Я вось думаю зрэдчас: а ці бачыў хто калі яго ў вайсковай форме? Я — не. Адкуль жа тады ведаю, што Ён палкоўнік? Пра гэта мне апавёў зямляк, які таксама жыве ў нашым городзе і неяк сутыкнуўся з тым твар у твар.
— Я служыў з ім у Сярэдняй Азіі, Ён быў маім начальнікам, — слухаў я земляка. — Я — карэспандэнт дывізіённай газеты, Ён — начальнік палітычнага аддзела, малады палкоўнік, вялікі аматар мастацкай літаратуры. Чытаў нават на вучэннях, калі выдавалася вольная хвіліна, а больш — у сваім рабочым кабінеце. І рабіў, заўваж, гэта вельмі хітра. Кніга заўсёды ляжала ў шуфлядцы стала, і калі хто з падначаленых заглядваў да яго, Ён цягнуў руку насустрач, а жыватом тым часам зачыняў шуфлядку. Шыта-крыта. Але нічога не застаецца незаўважаным. Раскусілі і начпа. Раскусіць раскусілі, а што ты яму зробіш?.. Толькі не пра чытанне мне ўспомнілася, гэта ўсё дробязі, чытанне кніг у рабочы час. Неяк выклікае ён мяне і загадвае: "Едзем праз паўгадзіны ў Тэджэн, збірайся і бяры з сабой фотакарэспандэнта". Тэджэн, дзе стаяў вучэбны танкавы полк, быў далекавата нават па мерках бязлюднай пустыні — недзе дзвесце кіламетраў. Ну, едзем дык едзем. Я хуценька сабраўся, на месцы быў і фотакарэспандэнт радавы Раджэпаў, турмен па нацыянальнасці, вельмі вясёлы і таварыскі хлапчына. Прыехалі на "УАЗіку" ў танкавы полк, начпа пакінуў нас адных (самі ведаеце, што рабіць, не першы дзень у газеце), і загадаў чакаць яго каля штаба у сямнаццаць нуль-нуль. Мы так і зрабілі: набралі матэрыялу, чакаем каля штаба палка. Гадзіну, другую чакаем. А потым я не вытрымліваю, цікаўлюся ў дзяжурнага: а дзе ж наш начальнік, дзе палкоўнік? Дзяжурны хітра ўсміхаецца: маўляў, дзівакі вы ці што? Ён даўно паехаў... Я здзівіўся: як гэта — паехаў? Аднак дзіўнага тут аказалася мала. І я, наіўны на той час лейтэнант, не мог адразу сцяміць, што навошта яму мы, спадарожнікі, сведкі, калі ўвесь багажнік быў нашпігаваны дынямі і кавунамі, вінаградам і рыбай, якой тут, у Каракумскім канале, процьма!. Але ж, прабачце, я і Раджэпаў не выпісвалі камандзіровак, таму мне давялося купіць білет за свае грошы і салдату. Ён жа зрабіў на наступны дзень выгляд, што нічога не адбылося. Вядома ж, не да месца яму было пытацца і пра тое, ці запасліся мы матэрыяламі для дывізіёнкі...
Чаму сёння Ён жыве адзін і як аказаўся ў нашым горадзе, зямляк не ведаў.
Ён быў добрым акцёрам. Быў, таму што колькі дзён назад у нэце з'явіўся радок, які паведамляў пра ягоную смерць... Не верылася, бо мужчына яшчэ ў самым росквіце. Патэлефанаваў знаёмаму ў Мінск, вырашыў пацікавіцца, што ж здарылася з чалавекам. Той сказаў коратка, як адсёк: спіўся. Спіўся? І што, ад яе, гарэлкі, памёр? У гэта не хацелася верыць: ён жа зусім не браў у рот, наколькі я ведаў, гэтай атруты. Ні кроплі. І раптам... сканаў ад гарэлкі?