Выбрать главу
23.

Мікола нікому не сказаў, чаму з'ехаў з нашага горада. Іншы б плакаўся перад знаёмымі і сябрамі, а ён — не, ні слова. Ціхенечка сабраў рэчы — і знік. Няпроста чалавеку пакінуць было, вядома ж, жонку, сына, кватэру, у рэшце рэшт, заробленую мазалём. А ён — адважыўся, рашыўся.

Але шыла ў мяху не схаваеш, праўду кажуць людзі, неўзабаве даведаўся і я, чаму так атрымалася.

На рабоце Міколавай жонцы прапанавалі дзве пуцёўкі на экскурсійны цягнік у Карэлію, і яна ўзяла іх, прынесла дадому. Мікола ўзрадаваўся, бо і сам ён даўно марыў хоць вокам глянуць на тыя хвалёныя азёры, грыбныя і ягадныя мясціны. А калі наспеў час адпраўляцца ў дарогу, яго жонка раптам занядужыла. Што рабіць? Як быць? А тут якраз завітала ў госці жончына сястра, ёй і прапанавалі пуцёўку. Тая ахвотна пагадзілася.

Ну, а там адбылося тое, што адбылося. Жончына сястра, відаць, пасля чаркі моцнага напою расказала Міколе пра паводзіны ягонай палавіны. Сказала прыкладна так: "А ты думаеш, чаму яна расце па службе так хутка, як на дражджах? Граматная такая, скажаш? Ды не! Каханы ў яе — сам шэф. Ён і спрыяе. Яна мне сама хвалілася..."

На што спадзявалася сястра, адной ёй вядома, але ж здагадацца можна... Усё ж Мікола — прыгожы мужчына, і ў яе, падобна на тое, ёкнула сэрца, калі яны засталіся ў купэ цягніка сам-насам...

А Мікола сабраў рэчы і пераехаў у іншы горад. Там ён абзавёўся новай сям'ёй, у яго нарадзілася дачка, а былая жонка жыве з сынам, нявесткай і ўнукам... Кажуць, быццам хадзіла да варажбіткі і тая прадказала ёй, што Мікола вернецца. Яна і сапраўды яго вельмі кахала, мусіць жа, кахае і сёння.

Прайшло шмат гадоў, ён тэлефануе ў Гомель, але толькі сыну. Іншы раз бачацца.

Былой жонцы Мікола не дараваў. Сёстры не размаўляюць і не сустракаюцца.

24.

У Васілевічах сеў на дызель, каб вярнуцца дадому – у Гомель. Людзей у вагоне было мала, і кожны з іх займаўся хто чым. Некаторыя пасажыры сядзелі моўчкі, паглядаючы на краявіды за акном, іншыя чыталі, а нехта проста драмаў. Я дастаў газету, толькі разгарнуў яе, і ў гэты самы момант да мяне падсеў дзядок са слоікам у руках.

– На дзіва глянуць не пажадаеце? – ён прыўзняў слоік, у якім ляніва плаваў рак. – А?

Сапраўды, гэта было дзіва. Так ужо ў нас атрымалася, што ракі, а яны, як высветлілася пазней, надта далікатныя рачныя асобы, надоўга зніклі ад нас: хімія, што тут паробіш. Ні для каго не сакрэт, што не шкадавалі мы мінеральных тукаў для палёў, а яны, як ты не старайся адгарадзіць ад іх рэчку, усё ж траплялі ў яе. Ракі звяліся. І вось – дзядок са слоікам, у якім плаваў рак…

– Ну, як? – весела, шчасліва глядзеў ён на мяне.– Паменела угнаенняў, і ракі з’явіліся. Значыць, вада ў Дняпры чыстая. Калі ракі жывуць, то яе і піць можна.

Да нас пачалі падыходзіць некаторыя пасажыры, і дзядок са слокім з ракам апынуўся ў цэнтры ўвагі. Ён хваліўся, што рака паймаў сам, і не аднага – астатніх пакінуў унукам, а гэтага, самага большага, вязе ў горад напаказ.

Больш шчасліва чалавека,чым той стары з ракам, я доўга потым не бачыў.

25.

Прыгадался неяк…

Малочнатаварная ферма. У мяне тут літаратурнае выступленне, ці як бы мовіць – сустрэча з чытачамі. Чакаем разам са старшынёй ў цесным пакойчыку – чырвоным кутку – калі збяруцца даяркі. Прыходзяць, садзяцца. Старшыня калгаса дастаў тым часам з кішэні невялічкі карабок, паклаў перад сабой на стол, сабраўся, як мне падалося, з думкамі, крэкнуў, пастараўся ўсміхнуцца, ціха сказаў:

– Жанчыны, сёння ў нас імянінніца. Хто б вы думалі? Не здагадваецеся?

Па тварах доярак прабегла ажыўленне, яны пераглянуліся, некаторыя паціснулі плячыма: а хто, сапраўды?

– Вера Сяргееўна…

Усе адразу паглядзелі на бабульку, шчупленькую, маленькага расточку, з густымі дробнымі маршчынкамі на твары: яна забілася ў куток, здзіўлена паглядала то на старшыню, то на сябровак – таксама, відаць, не разумела. Якая яна імянінніца. Толькі ж вунь, праўда, карабок на стале… Медаль хіба старшыня прывёз? Хадзілі чуткі. Ёй, значыць…

Пад воплескі старшыня прышпіліў Веры Сяргееўне медаль да жакеціка, паціснуў руку.

– Малайчына ты, Вера Сяргееўна, – сказаў старшыня.– Малайчына. Даўно працуеш на ферме. Тваім рукам, дарагая ты наша, цаны няма. Маладзейшыя не помняць, як працавалася тады на ферме. Цяпер – што? Апарат падключыў… Ведаеце самі, як цяпер… Ну што ж, дазволь цябе яшчэ раз павіншаваць з медалём “Ветэран працы”, Вера Сяргееўна…

Бабулька ж, на маё здзіўленне, не радавалася. А потым і зусім захлімкала, сарамліва выціраючы далоняю твар. Старшыня адчуў сябе крыху ніякавата, пераглянуўся з даяркамі: медаль уручылі, святочная хвіліна, а што гэта з нашым ветэранам? Радавацца б!