А бабулька дрыготкімі вуснамі шаптала:
– Гэта ж, старшынёк, кароўка адна мая згубілася… ага… У лесе… Лыска… З малаком ходзіць, бедненькая… Шукала, шукала… Ага… Не адгукаецца…
Універсам. Ён у невялікім раённым гарадку, пра які, звычайна, гавораць: на адным вуглу слова скажаш – на другім пачуюць. Час вячэрні, за вокнамі шэрань, імжыць дождж. Што мяне, новага чалавека ў гарадку здзівіла, дык тое, што каля адной касы людзей багата, хоць у вузел завязвай, а каля другой – нікога. Пытаюся ў жанчыны, чаму так?
– Тая, расфуфыраная, ні за што цябе абразіць можа. І прычэпіцца да рознай дробязі. Таму ўсе ў гэтую касу ідуць. Ніхто не хоча настрой сабе псаваць. Гаварылі, і не раз, загадчыцы, толькі, дзіўна, – сядзіць, як сядзела… Бы манекен… Цяпер хоць і ўсміхацца пачне, а да яе не стану… Лепш у чарзе пастаю. Вунь, вунь – зноў спрачаецца з пакупніком. Не наш ён, камандзіровачны, я сваіх тут усіх ведаю…
Ліст ад сына адзінокі дзядзька Мітрафан атрымаў на нейкае свята. Стары быў пад добрай “мухай” і, паколькі жыў адзін і не было яму каму пахваліцца радасцю, хадзіў з хаты ў хату, трос перад суседзямі кашчавай рукой:
– Пісьмо! Ад Сашкі! Жэніцца,каб яму! Гарадскую, відаць, мымру там абкруціў! Вось вам і Сашка! А вы з садоў яго ганялі! А-а-а! – і жартаўліва паграджаў аднавяскоўцам жоўтым ад папяроснага дыму пальцам. – На вяселле заве. Паеду! А як жа – абавязкова-а!.. Паеду-у!..
На вяселле Мітрафан не паехаў, на другі дзень ён і ўвогуле пра яго не ўспамінаў. Так і цягнуліся дні. І раптам прыходзіць яшчэ адно пісьмо. Мітрафан на гэты раз быў цвярозы і ўжо не хадзіў па хатах, а толькі бурчэў сабе пад нос:
– Ён жа халасцяк, Сашка. А як зразумець – “павіншуй з унукам”? Цьфу!
Пазней Мітрафан знайшоў выпадкова тое пісьмо. І жахнуўся: “Яна ж, гарэлка, і не тое можа зрабіць з чалавекам. Адзінага сына па-людску жаніць не атрымалася…”. Выцер слязу.
З таго дня не п’е. Ні кроплі.
Марфу Мікалаеўну я ведаю даўно. Жыве яна з мужам, Васілём Трафімавічам, сынам, нявесткай і ўнукамі. Не ў Беларусі жыве цётка Марфа – у далёкай ад нас Удмурціі, пад Іжэўскам. Я нярэдка бываю там ў жончыных сваякоў і абавязкова заходжу да Глездзянёвых – такое прозвішча ў гэтай дружнай сям’і. Гасцінныя яны людзі. Мёд на стол, чырвонабокія яблыкі, ягады са свайго агародчыка і абавязкова круглы бохан хлеба. З печы. І колькі я не бываў у іх, ніколі не бачыў, каб падавалі хлеб да стала з крамы, а крама насупраць, вокны ў вокны, і хлеб прывозяць рэгулярна. А вось Марфа Мікалаеўна аддае перавагу свайму.
Аднаго разу да Марфы Мікалаеўны, пахвалітлася яна мне, завітаў кіраўнік раёна.
– Ехаў побач і чую духмяны пах хлеба. Сама, значыць, Марфа Мікалаеўна, выпякаеш? Малайчына. А мне дзяцінства ўспомнілася. Мама… А мы, малеча, каля печы таўчэмся, чакаем, калі дастане яна боханы. Смачны быў хлеб. Сонцам на стале ляжаў. Дзякуй вам…
У нас, у Беларусі, я ніводнага разу не сустрэў такую вось Марфу Мікалаеўну. Усё спадзяюся. А раптам?..
У Петрыкавае, у гарадскім скверы, стаіць помнік славутаму земляку, легендарнаму партызану Васілю Ісакавічу Талашу. На гэты раз па дарозе да помніка прыгадалася, як Талаш ці тое жартам, ці тое сур’ёзна гаварыў, што гэта не Якуб Колас праславіў яго, зрабіўшы героем хрэстаматыйнай аповесці «Дрыгва», а ён праславіў пісьменніка... маўляў, каб не напісаў Колас пра мяне, то яго б ніхто і не ведаў. Але такое выказванне, пагадзіцеся, падкрэслівае мудрасць старога, дасціпнасць, чым ён, па сведчанні сучаснікаў, і вылучаўся. Помнік, зроблены Заірам Азгурам, падабаецца людзям. Быццам і сёння аглядае мудры селянін-паляшук родныя абшары – лясы, луг, роўнядзь Прыпяці... і задаволена жмурыць вочы: усё добра на маёй радзіме, усё выдатна, браткі-паляшукі! Толькі вось нейкі блазнюк – і дацягнуўся ж! – уставіў дзеду у рот акурак... Няўдалы жарт. Не курыў дзед. Таму і пражыў, мабыць, 102 гады. Таму і блукаў ён па лясных сцежках так доўга...
Раней які транспарт быў у лясгасе? У дырэктара і тое матацыкл. У Мазыры параілі мне наведаць Мялешкавіцкае лясніцтва. Узначальваў яго Рэм Данілавіч Талкачоў. Чуў, чуў пра яго… Меўся ў Рэма Данілавіча аўтамабіль-легкавік «Газ-67». Рэдкасць па тым часе неверагодная. Калі неяк пад’ехалі кіраўнікі лясгаса, то Талкачоў якраз і корпаўся ў легкавіку – нешта не ладзілася. Зрабілі яму заўвагу, маўляў, займаешся ты, Данілавіч, не тым, чым трэба. А ляснічы нічога не адказаў, толькі выцер рукі, паглядзеў на леснікоў, што стаялі побач з рыдлёўкамі, загадаў тым залазіць у легкавік. Так-сяк тыя ўціснуліся. «Паехалі!» Доўга яны ехалі ці не, але ў лесе матор заглох, Талкачоў першы вылез з кабіны, паглядзеў на леснікоў, якія таксама выбраліся, загадаў: «Капайце!» Тыя і выбухалі яму. А потым Рэм Данілавіч упёрся плячом у свой транспартны сродак, леснікам нічога не заставалася, як дапамагчы яму. Калі легкавік закапалі, Талкачоў зноў выцер рукі, паглядзеў на дырэктара лясгаса, усміхнуўся: