Бабка Антося варсанула старому ў бок:
– Стой ужо!
– Чытай, Колька, – загадаў дзед Грышка.
«Цяпер, калі ўсю нашу вобласць ачысцілі ад фашысцкай заразы, відаць, добра ў вас. Ціха».
– Ціха, – кіўнуў дзядзька Хвядос.
– Адзін толькі Мікіта молатам гэкае, – сказаў дзед Грышка. – Днём і ноччу. Далей, далей, Колька...
«А мы... а мы ўсё яшчэ ваюем. Да Берліна далёка, трэба берагчыся...»
– А як жа! Беражыся, беражыся, Пятро. Але і за спіны іншых не хавайся. Не маеш права, сынок! – зноў хлюпнуў носам дзед Грышка.
– Ён не такі, – пахваліў Пятра Мікіта.
– Не такі... – пагадзіўся і дзядзька Хвядос.
А я глядзеў на землякоў, і перад вачыма стаяў Міцька. Абросшы, брудны, страшны, трымцяць, бы лісце на ветры, рукі... Так ніводнага пісьма ад Міцькі дома і не дачакаліся. А ў бабкі Антосі і дзеда Грышкі сёння свята, і каб не сапсаваць яго, я стараўся чытаць выразна, гучна: «Шмат пісаць не буду, таму што хутка канец усёй гэтай праклятай вайне, вярнуся з перамогай, тады пра ўсё і пагаворым».
– Пагаворым, пагаворым, сын... – паківаў галавой, думаючы пра сваё, дзед Грышка.
«За мяне не хвалюйцеся. Ваюю я добра, два ордэны заслужыў, акрамя таго... акрамя таго... ёсць медалі. Іх паболей».
Бабка Антося толькі цяпер успомніла пра падзяку ад самога Сталіна, пахвалілася. Дзед Грышка торкнуў угору пальцам:
– Так, так, мужыкі. Яна не хлусіць.
Бабка Антося махнула рукой, злуючы на свайго дзеда, і загадала чытаць мне далей. На што Грышка сказаў, бы адсек:
– Факт ёсць факт! Прашу засведчыць! Для гісторыі, грамадзяне!
«Я вам, мама і тата, калі пісаў раней, не прызнаўся, а цяпер скажу: вярнуся з вайны не адзін... Сустрэўся я з добрай дзяўчынай, Зінай зваць, палюбілі мы адзін аднаго, і хутка ў нас будзе дзіця...» Далей я чытаць чамусьці не стаў, а паглядзеў на бабку Антосю, на дзеда Грышку, на ўсіх астатніх... На твары дзеда ўбачыў шырокую ўсмешку – яна, усмешка тая, большала і большала, і недзе за вушамі знікла. Грышка прытупнуў лапцем:
– Ці не Пятро! Ці не ў мяне, га? Людзі! Усё, усё паспявае рабіць на вайне! Хвядос! Мікіта! Во ў каго павучыцца трэба! Перадавы – на перадавой! Га? Ну і Пятро! І хрыца б’е, і на любоўным фронце ў перадавіках – круглы выдатнік!
Усе глядзелі на старога, і твары людзей таксама свяціліся шчасцем.
– Малайчына! – сказаў коратка Хвядос.
– Толькі б вярнуўся... – ціха сказала бабка Антося.
Дзед Грышка з ёй не пагадзіўся, ён быў больш катэгарычным:
– Э-э-э-э! Ён да Берліна дойдзе і вернецца! Яму цяпер абавязкова трэба дайсці... І да Берліна, і назад, да гнязда свайго, да хаткі... Вунь яна, хатка... – стары паказаў рукой у той бок, дзе было ягонае жытло.
І ўсе сказалі, што дойдзе.
«Да хуткай сустрэчы. Цалую. Абдымаю. Ваш сын – Пятро». Я склаў пісьмо і падаў бабцы Антосі, яна прыціснула яго да сябе:
– Адзін ён у нас, Пецька... Адзін... Зберажы яго, Божа, зберажы... Якаў у грамадзянскую загінуў... Зусім хлопчыкам быў... Куды, пы-таю, ты, Яша, сабраўся? За Савецкую ўладу ваяваць – адказвае. Пайшоў – і не вярнуўся... Міцьку кулакі з абрэза застрэлілі... Вярніся, Пецька, вярніся...
Бабка Антося плакала, дзед Грышка суцяшаў яе:
– Будзе табе, будзе. Супакойся. Пятро вернецца. За ім там цяпер і нагляд ёсць – Зінка. – Стары паляпаў молатам па накавальні. – Антося-я! Хопіць, сказаў!
Яна нічога не адказала свайму дзеду, а моўчкі павярнулася і пайшла з кузні, трымаючы пісьмо на грудзях. Мікіта ўздыхнуў і папытаў у Грышкі, дзе старое вядро, якое ён прасіў раней некалі залудзіць.
– Давай, давай... сёння дзень такі... раней рукі да вядра не даходзілі.
– Ну, добра, а я ў полі буду, – сказаў Хвядос і таксама выйшаў з кузні.
– Пастаў на віднае месца вядро. Сёння адрамантую. Сёння свята ў цябе...
Але дзед Грышка не спяшаўся ставіць вядро на тое віднае месца, а доўга разглядваў яго, а тады зачапіўся вокам за тую маленькую дзірачку, што была ў дне і праз якую сачылася вада. Глядзеў у тую дзірачку і казаў:
– Маленькая, а свет бачыцца. Калі блізка да вачэй паднесці. Ей-богу, усё бачу! Вунь Лізавета па вуліцы з касой на плячы шыбуе. Як малодка. Іш! Іш! Круць-верць! Туды-сюды! – Ён таксама крутнуў адным месцам, але адразу ж зморшчыўся ад болю. – Ой! Ой! Забыўся!.. Цьфу! Куды гэта яна? Да Варкі. Стаяць, размаўляюць. Тамаш? Тамаш. Ён. А куды ж яго нячыстая панесла? Куды ж гэта ён? Галаву звесіў, ад зямлі не адрывае, усё роўна як дарогі не ведае. Баіцца, павінна быць, каб у ямку нагой не трапіць... Эх-ха! Калі б можна было Пятру майму вось у такую хоць дзірачку паглядзець... Няхай бы ён убачыў, як у нас тут усё цвіце... як у нас тут хораша... як мірна тут...